Калі проці рабіць будзеш
I зачэпіш закон божы,
Між людзямі ты нягожы,
Сам сабе ты напаскудзіш.
Быў праціўны пан на свеце:
Як упрэцца ён у чым,
Хоць сто баб туды зганеце,
Дык паставіць на сваім.
Ўздумаў рэчку пан спыніць,
Мужыкоў луг затапіць.
«Ой, нядобра, пане, робіш!
Ці ж у пана нос прыбудзе,
Як мужык без хлеба будзе,
Як дабро яго затопіш?
Ды й то, пане: чалавеку
Трудна рэчку утрымаць,
Ёй ужо бог сказаў адвеку,
Дзе ваду сваю зліваць.
I цячэ яна як знае,
Няхай пан ёй не мяшае!»
Не паслухаў: склікаў ўсіх ён батракоў,
Наваліў у рэчку дроў,
Зрабіў хатку, і не знайся,
I пайшоў сабе ён спаць.
Пане, пане! прачынайся:
Стаў дождж хатку размываць!
Як усталі ўночы хмары!
Дождж, маланка, навальніца!
Бегаў пан, як на пажары,
I на хатку сеў, дурніца!
Аж народ з яго смяецца.
А вада калі напрэцца!
Зашумела, загуляла
I, як бура, загула, –
Хатку з панам разламала,
К чорту пана панясла!
Похожие статьи:
Эдзі Агняцвет → Эдзі Агняцвет - Рэчка-рэчанька мая
Якуб Колас → Якуб Колас - Каля рэчкі
Сяргей Грахоўскі → Сяргей Грахоўскі - Пачатак
Анатоль Грачанікаў → Анатоль Грачанікаў - Шарпілаўка цячэ ў жыццё, як Сож...
Ніна Мацяш → Ніна Мацяш - Жыла-была рака