Люблю я прыволле
Шырокіх палёў,
Зялёнае мора
Ржаных каласоў
І вузкія стужкі
Сялянскіх палос –
Люблю цябе, поле,
Люблю я твой плёс!
Ігрушы старыя,
Што ў жыце шумяць,
Зялёныя межы,
Далёкую гладзь.
Люблю я дарогі,
Што леглі між гор,
Ўнізе пад гарою
Ручча разгавор.
Люблю я узгоркі,
І насып-курган,
І сіняй далечы
Празрысты туман...
Люблю пазіраць я
На поле вясной,
Як ветрык жартліва
Плыве збажыной.
Калышацца жыта,
Радамі бяжыць,
А хваля паветра
Дрыжыць і дрыжыць...
Люблю я прыволле
Шырокіх палёў,
Зялёнае мора
Буйных каласоў.
1908
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Вечнае поле
Васіль Зуёнак → Васіль Зуёнак - Поле
Пятрусь Макаль → Пятрусь Макаль - Поле, поле...
Пераказы, дыктанты → Жніво
Казімір Камейша → Казімір Камейша - Духмянае дзіва