Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Якуб Колас - Калядны вечар

Скарочана

 

   Здаецца, сам свет гатовіўся як можна лепш сустрэць калядны вечар.
   Было ціха. Над белай зямлёй звіслі бясформенныя сівыя хмары. Лес перастаў хістацца. Маўчаў, закрыўшыся белым інеем, усё роўна як узлажыў к святу чыстую кашулю. А стройныя елкі падымалі свае галовы высока над другімі дрэвамі. Іх вяршыні вырысоўваліся ў небе як крыжыкі, як вежы цэркваў.
 

***

   Ляснік Тарас з сям’ёй жыў каля самага лесу, што цягнуўся, як падкова, роўным паўкругам. Тут жа, каля хаты, цякла рэчка-крыніца. Толькі самыя траскучыя маразы засцілалі яе пялёнкаю лёду.
   Цяпер у Тарасавай хаце кіпела работа, – гатовіліся да свята, да каляднага вечара. Таго вечара, якога так нецярпліва чакаюць дзеці. І які так многа прыносіць радаснага ў шэрае жыццё простага чалавека.
   Два дарослыя Тарасавы сыны ўходжваліся на дварэ. Яны рыхтавалі каровам корм, секлі і пілавалі дровы. А іх дзядзька, Андрэй, залажыўшы сякерку за пояс, пайшоў трэсці свае кошыкі, якія ставіў на рыбу. Андрэй быў заўзяты рыбак.
   А самая важная работа ішла ў хаце. Сягоння жонка Тараса, Кася, раней запаліла ў печы. Белаваты дымок роўна падымаўся ўгару і расплываўся высока ў ціхім марозным паветры. Каля печы стаяў ужо заслон, накрыты чыстым настольнікам. На адным яго канцы ўжо стаяла цеста. Скавароды весела брынчалі па прыпеку. І мяккія гарачыя аладкі кідаліся, як ігрушы, спрытнаю рукою Касі. Уся лава проці печы была застаўлена міскамі, гарнушкамі, гаршкамі з усякімі прыпасамі для вячэры. Будзе многа страў і з мяса, і з рыбы. Будзе і квас, за квасам ягады, аладачкі на салодкай вадзе, за імі кісель, за кісялём пірог, а там і куцця. Хоць пасля гэтага і не хочацца куцці, але закон дзедаўскі вымагае, каб хоць лыжку, а з’есці.
   Пачынала змяркацца.
   Харошанькую, зялёную, купчастую елачку паставілі каля стала.
   – А ёй тут добранька: цёпла! – гаварыў дзядзька Андрэй і заліваўся вясёлым смехам.
   У покуце на сене, пакрытым святочным абрусам, ужо важна стаяў гаршчок з куццёю.
   Мужчыны ўхадзіліся і цяпер мыліся ў ночвах. Дзядзька засеў галіцца. Малыя даўно памыліся, прыбраліся і гатовы былі сесці за стол.
   У хаце было ціха. Усе стараліся трымаць сябе як можна прыстойней. Нават малы Міхаська трымаўся, як сталы чалавек.
   Два самыя меншыя Тарасавы сыны, Пятрусь і Міхась, у цёмным кутку вялі сваю дзіцячую гутарку. Спачатку гутарылі пра вячэру. Пятрусь павучаў малога:
   – Ты толькі, Міхась, не накідайся адразу на яду, – асцерагаў ён, – бо будзе многа страў. Мама штораз будзе даваць смачнейшую страву. Я вось летась падашукаўся. Наеўся адразу верашчакі. Потым даюць квас, ды такі смачны. Я – за квас. Далей смажаная рыба… А я ўжо так наеўся, што іншых калядных страў не змог пакаштаваць.
   – А заўтра мы будзем шукаць на стале зярняты?
   – А як жа? І якіх зярнят больш будзе, тое збожжа налета лепш уродзіцца. Калі многа жыта – уродзіцца жыта, многа ячменю – будзе ячмень, аўса – авёс.
   Невялічкая лямпачка, вісячы над сталом, надавала хаце нешта незвычайнае і новае.
   Вясёлы вечар!

 

Похожие статьи:

Якуб КоласДухоўнае багацце чалавека ў паэме «Новая зямля»

Якуб КоласПаэма «Новая зямля» — мастацкая энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства

Якуб КоласСлужэнне народу — асноўны абавязак мастака. Паэма «Сымон-музыка»

Якуб КоласКарціны роднай прыроды ў паэме «Новая зямля». Жанравыя асаблівасці паэмы

Якуб КоласТворчасць Якуба Коласа