Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Якуб Колас - Зайчыкі

   Селі два зайкі ў лясочку пад бярэзінкаю, грэюцца на сонейку і гутараць.
   А ў лясочку так добранька!.. Мушкі гудуць, адна за адною ганяюцца, крыльцамі звоняць, як бы смяюцца. А там дроздзік пасвіствае, хлопчыка Піліпку падражнівае:
   – Пюліп! Пюліп!
   А Піліпка па верасочку з кошыкам ходзіць, на баравічкі прыглядаецца.
   Яшчэ далей зязюлька кукуе.
   Ну так ясна, цёпла, весела!
   Але нявесела зайчыкам, невясёлыя гутаркі іх.
   – Ох, якая горкая долечка наша, – кажа адзін зайчык. – Бойся кожны дзянёчак, трасіся кожную часінку, хадзі, прыслухоўвайся, ці не ходзіць вораг твой блізка.
   – А колькі ў нас ворагаў? Хто толькі не крыўдзіць нас, бедных зайчыкаў?
   – Крыўдзяць нас людзі, крыўдзяць звяры; нават птушкі-драпежнікі – каршуны, совы, пугачы – і тыя нас, зайчыкаў, ушчуваюць.
   – І як бараніцца нам ад злых нашых ворагаў? Чым ратаваціся? Адна толькі надзея на нашы ножкі: выбавяць з бяды – наша шчасце, а не выбавяць – прапала наша скурка!
   І заплакалі горкенька зайчыкі. Плачуць і слёзкі лапкамі выціраюць.
   – Ці ж можна нам жыць на свеце? – кажа другі зайчык. – Ніхто не баіцца нас, – ну, ніхтосенькі!.. Пойдзем, хіба, ды ў ваду кінемся.
   Наплакаліся, надумаліся бедныя зайчыкі і пайшлі ў возера тапіцца з гора. Прыйшлі да возера, прыпыніліся, развіталіся. Да самага беражка падышлі, каб у ваду кінуцца, аж бачаць – скок жаба на купіну: убачыла зайчыкаў і спалохалася.
   – Эге, – кажа адзін зайчык, – ёсць жа на свеце стварэнні, што і нас баяцца. Відаць, ім яшчэ цяжэй на свеце жыць.
   Глянулі зайчыкі адзін на аднаго і пабеглі назад у лясок.
 
[1906–1907, 1928]

 

Похожие статьи:

Якуб КоласДухоўнае багацце чалавека ў паэме «Новая зямля»

Якуб КоласКарціны роднай прыроды ў паэме «Новая зямля». Жанравыя асаблівасці паэмы

Якуб КоласТворчасць Якуба Коласа

Якуб КоласСлужэнне народу — асноўны абавязак мастака. Паэма «Сымон-музыка»

Якуб КоласПаэма «Новая зямля» — мастацкая энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства