Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Якуб Колас - Вясна
(урывак)
I
Які пекны, слаўны дзянёк! Выйдзем, дзеткі, на вуліцу, на божы свет. Паглядзім, паслухаем. Можа чаго і навучыць нас гэты божы свет.
Пачарнеў на полі снег, а на ўзгорках сталі паказывацца чорныя лапінкі, лысіны. Па вуліцах пацяклі равочкі каламутнай вады. Весела бягуць яны разоркаю з поля праз двор, блішчаць і срэбрам пераліваюцца на сонейку. Цякуць яны і ўсё большаюць. Выходзіць з хаты гаспадар. Бачыць: вада цікуе на яго хлевец. Не, галубка! Не чапай будовы. Там стаіць авечачка, кароўка. Ідзі сабе далей. I гаспадар бярэ рыдлёўку і пракопвае ёй дарогу. А воданька закаламуціцца яшчэ больш і пабяжыць далей. Па дарозе сустрачае яна другі гэтыкі самы равок. Сустрэнуцца, забулькаюць нешта вясёленькае адзін аднаму, сальюцца і пабягуць далей разам. Іх сустрэне ізноў новы равок, а там, пазіраеш, прыстане і чацвёрты, і пяты. I ўсе яны зліваюцца: разам і весялей і лягчэй ваяваць з тымі парогамі, каторыя загараджаюць ім дарогу. I нікога яны не крыўдзяць. Сустрэнуць малюсенькі равочак, такі малюсенькі, што цячэ ён, як слёзка, па капельцы. Мардуецца, бедны, працуе над кусочкам лёду, што загарадзіў яму сцежачку. Збірае ўсе сілы і з вялікім трудом ледзьве-ледзьве скоціць нягодны кусочак лёду і з такою гэта радасцю зліваецца з перавалам! А перавал ахвотне бярэ з сабою і яго працу. I вот пакрысе, памаленьку перавал пераходзіць ужо ў рэчку. Шуміць, раве ў полі. Ён так ужо акрэп, што можа пакаціць і камень. Бачыце, дзеткі, як расце сіла вады.
II
А сонца дзень ада дня ўсё вышэй і вышэй ходзіць па небе, усё цяплей і цяплей сагравае яно зямлю. Плача зіма, льюцца яе халодныя каламутныя слёзы. Растае снег, пакідае палі. Не хочацца яму ўступіць месца цяплу і свету. З гор злазіць ён у лагчынкі, у балота, у лес. Не схаваешся, браце, ад сонца, усюды яно знайдзе цябе. А сонейка так ласкава, так хораша пазірае на землю, як матка на сваё дзіця. Заглядае яно ўсюды: і ў бедную мужыцкую хатку, дзе так не прыбрана, бедна, нявесела; і на пясчаную горку, і ў лагчынку, дзе думаў снег знайсці сабе прыпынак; і ў лес, і на луг. Усюды льецца яго шчыры свет і цяпло; нідзе не найдзе сабе пакою снег. Многа работы залатому сонейку ў раннюю весну. Доўга трэба ваяваць яму з зімою. Многа снегу з'есць яно за дзень, а там, пазіраеш, уночку падымуцца хмуркі, павее вецер з халоднага боку і закрые ізноў усю землю снегам, ізноў дасць работы для сонца. Але сонца не бядуе. Прыгрэе ўдзень, і снег прападае. I так яно працуе цэлы месяц, пакуль не згоніць з зямлі сляды халоднае зімы. I ваюе яно з цьмою і холадам, як ваюе і чалавек са злом і несправядлівасцю.
Похожие статьи:
Якуб Колас → Паэма «Новая зямля» — мастацкая энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства
Якуб Колас → Служэнне народу — асноўны абавязак мастака. Паэма «Сымон-музыка»
Якуб Колас → Творчасць Якуба Коласа
Якуб Колас → Карціны роднай прыроды ў паэме «Новая зямля». Жанравыя асаблівасці паэмы
Якуб Колас → Духоўнае багацце чалавека ў паэме «Новая зямля»