Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Якуб Колас - Воўк-дурань
Увага! Поўны змест
Стары, галодны воўк выйшаў на поле. На полі хадзілі авечкі. Пастух спаў. Скраўся воўк, выбраў самага большага барана-рагаля і кажа яму:
– Баран, баран! Я цябе з'ем.
– Што ж! – кажа баран, – такая мая доля. Але каб не мучыцца мне доўга ды і табе каб не ламаць зубы аб мае старыя косці, дык стань у лагчынцы і разявіся, а я ўзбягу на горачку, разганюся і ўскочу табе у горла цалкам.
Стаў воўк у лагчынцы, разявіў рот.
А баран узбег на горку, разагнаўся і – трах воўка на галаве! Аж іскры пасыпаліся з вачэй у воўка, свету ён не ўзбачыў. Перакуліўся разоў два і – драла у лес.
Бяжыць воўк, бачыць – на балоце конь!
– Конь, конь! Я цябе з'ем.
–Што ж! – кажа конь, – такая мая, мусіці, доля. Толькі ж ты здымі з ног маіх падковы, каб не ламаць табе зубы аб іх.
Нагнуўся воўк, каб скінуць падковы, а конь як дасць яму капытом у патыліцу! Перакаціўся воўк, ды ходу!
Падбягае воўк к рэчцы. На беразе хадзілі гусі.
– Гусі, гусі! Я вас з'ем.
– Што ж! – кажуць гусі, – еш, толькі паграй ты нам, а мы паскачам прад смерцю. У нас такі ўжо закон.
Прымайстраваўся воўк на купіне, закінуў галаву і давай выць. А гусі крыллямі – лапу-лапу-лапу! Узняліся і паляцелі. А воўк злез с купіны, паглядзеў па гусей і пабег далей. Падходзіць ён пад вёску. Каля вёскі быў хвойнік, дзе мужыкі хавалі на зіму бульбу. У хвойніку рыла свіння.
– Свіння, свіння! Я цябе з'ем, – кажа воўк.
– Не, ня еш мяне, пане воўк, у мяне ёсць маленькія дзеткі.
– Няма чаго!.. я галодны, як сабака. Дзеці твае і без цябе абыдуцца.
– Дык дазволь ходць схадзіць накарміць іх.
– А ты ж прыдзеш?
– Прыду.
– Ну, глядзі ж!
Пайшла свіння, а воўк прытуліўся за хвойку, чакае.
Цераз гадзіну прыходзіць свіння.
– Ось што, пане воўк, я надта грэшна. Паспавядай ты мяне перад смерцю. Хоць лягчэй будзе ісці на той свет.
– Ну, добра.
Свіння пасадзіла воўка каля ямы, на саломцы.
– У агарод лазіла? – пытае воўк.
– Лазіла, – прызнаецца свіння, цяжка уздыхнуўшы.
– Чужое дабро крала?
– Ох, крала.
– Меншых свіней кусала?
– Чаму ж? Кусала.
– Ну, і грэшная ж ты, свіння! За такі грэх....
Не дакончыў воўк казання казаць. Як пырне яго свіння лычом. Аж у гору падскочыў воўк і – бух ў яму!
Сядзіць ён у яме і прычытае:
– Ці я той хапун, што бараноў цалкам глытаў?! Аў! у!
– Ці я той каваль, што каня каваў?! Аўу!
– Ці я той музыка, што гусям граў?! Aўу!
– Ці я той поп, што свінню спавядаў?! Аў, аў! y-y-у-y!
Прыбеглі людзі і забілі воўка каламі.
Похожие статьи:
Якуб Колас → Паэма «Новая зямля» — мастацкая энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства
Якуб Колас → Служэнне народу — асноўны абавязак мастака. Паэма «Сымон-музыка»
Якуб Колас → Карціны роднай прыроды ў паэме «Новая зямля». Жанравыя асаблівасці паэмы
Якуб Колас → Духоўнае багацце чалавека ў паэме «Новая зямля»