Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Трылогія «На ростанях». Кніга трэцяя. На ростанях. Частка другая. На крыжавых дарогах

   Без працы, без месца, — адным словам — басяк! Лабановічу здавалася, што людзі нават радуюцца такому яго становішчу. Спадзявацца няма на каго, пакладайся толькі на самога сябе. Асталяваўся ў старэйшага брата Уладзіміра ў Смалярні. Сустрэча з Янкам Тукалам не развеяла самоты: той паведаміў, што ўсе звольненыя настаўнікі знаходзяцца на вялікім падазрэнні ў начальства і аддадзены пад тайны нагляд паліцыі. 
   Некаторыя бацькі з суседніх вёсак, дачуўшыся, што тут пад бокам ёсць настаўнік, папрасілі Уладзіміра перагаварыць з братам, ці не ўзяўся б ён вучыць іхніх хлопцаў. Лабановіч з радасцю згадзіўся. Так пачала дзейнічаць у Смалярні, у хаце брата, саматужная школа, якая дапамагала Лабановічу вызваляцца ад лішніх думак і непатрэбных настрояў. І зноў (каторы ўжо раз!) Лабановіч выдатна падрыхтаваў сваіх вучняў да экзаменаў. 
   Лабановіч і Тукала едуць у Мінск на канспірацыйны сход прадстаўнікоў рэвалюцыйных арганізацый. 
   Вялікай радасцю і шчасцем была для Лабановіча навіна, што будзе выходзіць легальная газета на беларускай мове. Рэдактару Уласюку ён расказаў, што і сам спрабаваў пісаць па-руску і па-беларуску, але па-беларуску пісаць лягчэй, бо сваё роднае, матчына слова мацней закранае струны сэрца. 
Дарогі для напісанага беларускаю мовай не было, і вось цяпер настаўнік адчуваў, быццам ён зноў на свет нарадзіўся. З мэтай супрацоўнічаць у новай газеце па запрашэнні Уласюка Лабановіч едзе ў Вільню. І толькі пачало наладжвацца яго віленскае жыццё, як атрымаў папярэджанне паліцыі, каб у трохдзённы тэрмін пакінуў Вільню.
   І Лабановіч вырашыў выкарыстаць выдадзены яму ў «Віленскім весніку» карэспандэнцкі білет, каб надрукаваць у чарнасоценнай газеце «Мінскі голас» артыкул-абвяржэнне пра настаўніцкі з'езд. Артыкул Лабановіча «Як яно было» надрукаваны за подпісам «Кудесник». 
   Так Лабановіч для таго, каб выбавіць з бяды звольненых з працы сяброў-настаўнікаў, мікуціцкі з'езд у артыкуле паказаў як бяскрыўдную выхадку добра падвыпіўшых настаўнікаў. І гэта хітрасць яму часткова ўдалася: следства па справе настаўнікаў спынілі, але самога Лабановіча выклікалі ў Мінск для дачы паказанняў па справе настаў-ніцкага сходу. Лабановіч вельмі здзівіўся, што яго адпусцілі адразу ж без усялякага допыту, узяўшы з яго толькі пісьмовае тлумачэнне. 
   Пазней ён разгадае гэтую загадку: жандарскаму ротмістру было неабходна толькі зверыць почырк Лабановіча з почыркам, якім была напісана настаўніцкая адозва (адзін экзэмпляр яе трапіў у рукі паліцыі). 
   На Лабановіча падае падазрэнне, што адозву пісаў менавіта ён. 
   У чалавека ёсць два жыцці: адно творыць ён сам, а другое не залежыць ад яго і часта выходзіць за межы яго волі. Шчаслівы струмень, што спаталяў кароткі час, раптам расплыўся, развеяўся, як ранішні туман. Эксперты далі заключэнне, што адозва напісана Лабановічам. Адвакат Сяміпалаў параіў патрабаваць ад суда назначэння новай экспертызы, але папярэдзіў, што калі нават другая экспертыза абвергне першую, то і гэта не выключае суда, бо ў суда ёсць свае меркаванні, і ён часта кіруецца больш палітыкай, чым законам. 
   Не шкодзіць падрыхтаваць сябе псіхалагічна да горшага. 
   Паўторная экспертыза не пацвердзіла, што адозву пісаў Лабановіч, аднак пракурор зазначыў, што самым аўтарытэтным экспертам з'яўляецца суд. 
   Стацкі саветнік Бабейка, пра якога хадзіла такая прымаўка: «За сталом сядзіць Бабейка, той, што губіць чалавека», зачытаў прыгавор «самага аўтарытэтнага эксперта»: Лабановіча, Лявоніка і Тургая пазбавіць волі на тры гады кожнага. Тры гады быць адарваным ад жыцця, ад народа, ад усяго, з чым зжыўся і што табе міла і дорага! 
   Жыва і рэальна адчуў Лабановіч тысячу дзевяноста пяць дзён і начэй. 
   Той год, калі Лабановіч апынуўся ў турме (асабліва апошнія месяцы) быў годам узмацнення рэакцыі. Усе прывілеі, якімі на першым часе карысталіся зняволеныя, паступова касаваліся. Астрожная адміністрацыя пачынала ўводзіць жорсткі рэжым, часта рабіла вобыскі, адбірала розныя рэчы, патрэбныя ў штодзённым абыходку. 
   З усіх сакамернікаў Лабановіч вылучыў Аляксандра Галубовіча, які займаў сваю асаблівую пазіцыю. Ён рэдка прымаў удзел у забаўках сяброў па камеры, а больш чытаў. Кнігі ён літаральна глытаў. Па ўсім было відаць, што ён мае сувязі за сценамі астрога. Андрэя цягнула да гэтага чалавека, хацелася паразважаць з ім пра жыццё, пра людскія лёсы. І яны доўга шнуравалі па камеры, потым прыселі на нарах, паціху ведучы гаворку. Андрэй казаў Галубовічу: «Такі стан рэчаў не можа цягнуцца дзесяцігоддзямі. Рэвалюцыйны рух прыдушаны, але не спынены — ён жыве. І хіба можна паставіць такую сцяну, праз якую не прайшлі б чалавечыя думкі. Рэвалюцыйны рух — жывая вада, што тоіцца ў нетрах зямлі, у сэрцы і пачуццях народа. Яна выб'ецца на паверхню, праложыць сабе дарогу і пазносіць усё, што скоўвае незлічоныя сілы людскія». 
   На пытанне Галубовіча, да якой партыі ён належыць, Андрэй адказаў: «Я — на ростанях, не вырашыў, куды далучыцца». Галубовіч лічыць адзіна правільным вучэннем аб рэвалюцыі і законах, па якіх развіваецца грамадства, марксізм і марксісцкае светаўспрыманне і агітуе за бальшавіцкую партыю, бо бальшавікі цвёрда прытрымліваюцца марксізму. 
   Галубовіч шмат перажыў, шмат перадумаў і цвёрда ішоў па шляху рэвалюцыйнай дзейнасці, быў перакананым бальшавіком. На развітанне ён сказаў: «Дазволь мне верыць, Андрэй, што ты ніколі не адступішся ад народа... трэба абудзіць народ, выхаваць, згуртаваць і павесці на рашучы і ўжо астатні штурм царызму. Ты не павінен застацца ў баку ад гэтага штурму». 
   Ужо ў турме Лабановіч ад Сымона Тургая, з якім асабліва пасябраваў, даведаўся прозвішча настаўніка, што пісаў адозву, але таварыша і аднадумца не выдаў. 
   З турмы Андрэй выйшаў з Уладзікам Лявонікам. Так закончыліся «ростані» і адкрыліся новыя «прасторы жыцця». Запавет Галубовіча стаўся асноваю жыцця і дзейнасці Андрэя Лабановіча ў далейшым вандраванні па новых дарогах. 

Похожие статьи:

Якуб КоласТрылогія «На ростанях». Кніга трэцяя. На ростанях. Частка першая. Верхань

Якуб КоласТрылогія «На ростанях». Кніга другая. У глыбі Палесся. Частка першая. На бацькаўшчыне.

Якуб КоласТворчасць Якуба Коласа

Якуб КоласТрылогія «На ростанях». Пераказ зместу. Кніга першая. У палескай глушы

Якуб КоласТрылогія «На ростанях». Кніга другая. У глыбі Палесся.Частка другая. На новым месцы