Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Якуб Колас - Супраць вады

Увага! Поўны змест

   Ніхто не памятае, калі асталяваўся тут Стары Дзед. Дзед назіраў за парадкамі ў лесе, вартаваў луг і поле, быў поўным гаспадаром над усім навокал, і без яго ведама не адбывалася ніводная справа. Лес рос толькі там, дзе паказваў Дзед, а калі якое дрэва кідала сваё насенне ў аблюбаваны грунт, Стары Дзед гневаўся і не даваў яму ходу...
   Можа, тое, што рабіў Дзед, было і добра – спрачацца не буду, тым болей што ў Дзеда парадак быў. Дзед толькі таго і глядзеў, каб парадкі былі, за імі ён і свету не бачыў.
   Другое пытанне, ці рады і задаволены былі тыя, каго апекаваў і над кім панаваў Дзед.
   Было тут Азярко, – чым яму кепска? Сама прырода адарыла яго хараством, у светлыя яго воды любіла зазіраць сонца; прыгожыя белыя хмаркі адбіваліся ў ім, як у люстэрку; у ім купаў свае праменні задуменны месяц, і ціхія зоркі пераліваліся дзіўнымі агнямі розных колераў. Вакол Азярка красаваліся пышныя кусты лазы і ракіты, зялёным валам цягнуліся па беразе стройныя алешыны. А самае Азярко Дзед убраў прыгожаю вадзяною лотаццю, засеяў пахучым аерам і развёў цэлыя нівы чаротаў. Дык не дзіва, што Дзеду было крыўдна слухаць нараканні Азярка. Але гэтага яшчэ мала: дачуўся стары, як тлумачыла Азярко Дзедаў клопат наконт убрання яго. Вот і дачакаўся падзякі. Азярко казала, што лозы і алешнік пасеяны Дзедам дзеля таго, каб не даць волі вадзе, каб умацаваць бераг і гэтым самым трымаць на прывязі ваду. Лозы і алешнік – гэта Дзедавы служкі.
   А вадзяная лотаць? А чароты, аеры?
   – Лепей зусім бы іх не было, – казала Азярко, – гэтыя расліны і краскі – магільныя крыжы для вады.
   Хацелася Азярку выліцца з балотных берагоў сваіх, пайсці другім месцам і крыху асвяжыцца. Гэтае жаданне і прагненне волі яшчэ павялічылася ў ім пасля таго, калі сюды пачалі прабівацца крынічкі жывой вады. Яны расказвалі, дзе ім прыйшлося пабыць і якую карысную зрабіць на свеце работу. Азярко чула тут святую праўду, і яшчэ большае нездаваленне падымалася ў ім супраць Дзеда.
   – Пане гаспадару! – сказала раз Азярко Дзеду. – Даволі я пабыло тут. Вада – такая рэч, што не можа доўга стаяць на адным месцы: спакой – вадзе пагібель. Сам ты бачыш, што на дно маё падае бруд, а ў гэтым брудзе завялося балотнае зелле...
   – Мілае маё! – сказаў Дзед. – Ты ж тут не адно, а я павінен падумаць аб кожным з вас, і я ведаю, што дзеля поўнага парадку павінна быць чыя-небудзь адна воля; а калі кожны пачне жыць сваёю галавою, дык што будзе?
   – Твая праўда, гаспадару, павінна быць чыя-небудзь адна воля, дык няхай гэта будзе адна супольная воля – воля нашага згуртавання.
   – Так, так! – падхапілі лес, луг і поле.
   З гэтага часу і пайшла спрэчка – усе супраць Дзеда.
   – Ах вы, свавольнікі, свавольнікі! – узлаваўся Дзед. – Я ваш гаспадар, і будзе так, як хачу я.
   Прайшло яшчэ колькі часу. Дзед рабіў тамаванне, узмацняў берагі Азярка. Але надышла навальніца і паддала Азярку сілы, усе Дзедавы ўмацаванні былі знесены, і яго самога панесла вада.
   Збеглі з неба хмары з сваімі перунамі, зноў глядзела сонца на зямлю, лашчыла пакрыўджаных навальніцаю. Пазіраючы, як куляўся Стары Дзед у грозных перавалах вады, Азярко сказала:
   – Дурны, дурны Дзед. Не воля аднаго, а воля ўсіх толькі і можа мець сілу і права.

Похожие статьи:

Якуб КоласДухоўнае багацце чалавека ў паэме «Новая зямля»

Якуб КоласКарціны роднай прыроды ў паэме «Новая зямля». Жанравыя асаблівасці паэмы

Якуб КоласТворчасць Якуба Коласа

Якуб КоласСлужэнне народу — асноўны абавязак мастака. Паэма «Сымон-музыка»

Якуб КоласПаэма «Новая зямля» — мастацкая энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства