Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Якуб Колас - Ноч, калі папараць цвіце
Увага! Поўны змест
Прысвячаецца Янку Купалу
Ну, з кожнай мясцінкі зямлі можна пачаць дарогу. А калі гэтая мясцінка была б недаступнай для людской нагі, то па ёй пройдзе хоць думка чалавечая і ўсё ж такі пакіне свой слядок і нейкую дарожку праложыць.
Чамусьці гэтая старонка лічылася заняпалаю. І слава ўжо такая злажылася аб ёй, аб прыродзе яе і аб людзях яе. А людзі тут розныя былі. Адны жылі тут спрадвеку, тут нарадзіліся і тут паміралі. Так і называліся яны "тутэйшыя людзі". А другія часта няпрошаныя заходзілі. Але яны казалі, што прыйшлі, каб прынесці дабро тутэйшым людзям. Але, як вядома, казаць можна адно, а рабіць зусім іншае.
Усё гора тутэйшых людзей было ў тым, што пра іх вельмі многа клапаціліся суседзі. Адны суседзі казалі: "Вы — гэта не вы, а тое самае, што мы. Дык наце ж вам нашы парадкі, нашы школы, нашу мову, бо ваша мова такая ж, як і наша, толькі вы яе папсавалі". Тое самае казалі суседзі з другога боку, але толькі на свой лад.
Тутэйшыя людзі прымалі гэты клопат з вялікаю неахвотаю, бо ім хацелася быць самімі сабой. Тады суседзі пачалі забіраць іх дзяцей. Бралі і выхоўвалі ў сваіх школах. Выхоўвалі так, каб яны пакідалі сваіх бацькоў і ад бацькоўскіх звычаяў адракаліся. І гэта ім удавалася — пакідалі дзеці бацькоў сваіх ды ішлі або на захад, або на ўсход, гледзячы па тым, дзе каму было лепей. Яны рабіліся слугамі суседзяў і ўжо стыдаліся прызнаваць сябе дзецьмі тутэйшых людзей.
На шчасце тутэйшых людзей, не ўсе іх дзеці траплялі ў гэтыя школы і не ўсе яны мелі падатлівую натуру. Сярод іх сустракаліся і такія, з каго нават школы не мелі сілы выкурыць дух тутэйшых людзей, бо гэта былі шчырыя дзеці свайго народа.
Такім шчырым сынам свайго народа быў і гэты Юнак. Аб ім ужо і казка зложана, а я хачу толькі пераказаць яе сваімі словамі.
Як вядома, героі казак вельмі часта з'яўляюцца на свет у выніку тых ці іншых надзвычайных праяў або маюць на сабе які-небудзь надзвычайны знак. І ўжо адна гэта надзвычайнасць робіць іх адразу героямі. Нічога такога не было з нашым героем. І бацькі яго былі звычайныя тутэйшыя людзі. Хіба, можа, надзвычайным было толькі тое, што хлопчык радзіўся нейк летам, у той час ці блізка таго, калі зацвітае папараць. Ён нават і імя даў сабе сам: імя тае ночы, калі цвіце папараць.
Гэтая маленькая рысачка ў жыцці нашага героя, здавалася, сама па сабе не мела вялікага значэння. Але гэта не так: часамі самае маленькае знаходзіцца ў блізкай і цеснай сувязі з самым вялікім. Трэба толькі ўмець знайсці месца іх стыку. Так было і тут.
У тую самую ноч, калі зацвітае папараць, — я толькі пераказваю тое, што ўжо зложана ў казках тутэйшымі людзьмі, — пазбіраліся на сходку русалкі, лясун, ваўкалакі, вадзянік, дамавік, здані і чараўнікі розных гатункаў. Сход адбываўся на беразе аднаго вельмі прыгожага возера, атуленага задуменнем кучаравых сосен. На гэтым возеры разаслаў месяц свой танюсенькі белы кужаль, а зоркі пасыходзілі з неба і купаліся ў бліскучых пералівах вады, бы тыя дыяментавыя кветачкі. Ім хацелася паслухаць, аб чым будзе гаварыць сход.
Аб Юнаку была гутарка тут.
Усім спадабалася якраз тое, што гэты Юнак даў сабе імя ночы, калі цвіце папараць і калі фантастычныя істоты праводзяць свае сходы. І цяпер яны думалі, які падарунак зрабіць Юнаку.
Старшынёю сходу быў Лясун.
— Дык хто чым хоча парадаваць Юнака? — спытаў ён.
Русалкі сказалі:
— Мы навучым яго спяваць прыгожыя песні, бо песні ва ўсіх выпадках жыцця патрэбны чалавеку. З песнямі лягчэй на свеце жыць. "Адвечная песня".
— І аб нас ён песню зложыць, — дадала адна русалка.
— Я падарую яму "Жалейку", — азваўся Дамавік. — Струмант гэты хоць і просты, але я навучу Юнака граць так, каб тутэйшыя людзі зачароўваліся ігрою і прыходзілі да свядомасці, чаму так сталася, што яны не гаспадары ў сваёй хаце.
— А я дам яму "Гуслі", — сказаў Вадзянік. — Няхай апявае былую славу свайго народа і закідае ў сэрца яго імкненне заняць пачэснае месца між славянамі.
Слухаў месячык гэтую размову. Яму таксама захацелася хоць чым дапамагчы Юнаку, і ён сказаў:
— А я пайду з ім "Шляхам жыцця" і буду асвятляць дарогу, каб яму лягчэй было прабівацца. Ён убачыць "Раскіданае гняздо" свае айчыны і раскажа аб ім людзям. Калі ён прыстане ў дарозе, я палажу яго спаць на высокім кургане і навею яму чароўны "Сон на кургане". У дарозе ж ён спаткаецца з мілаю "Паўлінкаю" і расказам аб ёй людзей падвяселіць.
Выступіў і пануры Ваўкалак.
— У мяне крэпкія, гонкія ногі. Я пішу па зямлі сотні, тысячы вёрст. Я занясу на край свету яго песні і думкі. Я дам яму словы гневу і абурэння, каб молатам білі яны па струнах сэрца таго, хто прадае сваю айчыну.
— Я дам яму голас вечавога звона, — сказаў адзін чараўнік. — Грымотамі будзе ён гучаць па ўсім краі і за яго межамі.
— А мы саўём вянкі яго песням з ранішніх рос і сяміколерных вясёлак, — сказалі зоры.
— А я што дам яму? — узяў слова сам старшыня. — Я загадаю маім пушчам-лясам расказаць яму пра свае адвечныя тайнасці. Я авею яго песні шумам бароў. Іх украсаю будзе мудрасць векавечных дубоў. Я дам яму гарт і цвёрдасць граба, каб да канца Юнак быў верным свайму народу. І ён пакіне народу вялікую "Спадчыну". Давайце ж панясём яму свае падарункі.
Усе падняліся, пайшлі да Юнака і пазносілі яму шчодрыя дары.
А тым часам світаць пачынала. Пакінулі зоры сваё купанне. Месяц за беражок зямлі закаціўся.
Узышло сонейка. Мільёны яго радасных смехаў рассыпаліся па зямлі і задрыжалі ў росах. Зірнула сонейка на бераг возера, дзе сход адбываўся, і так весела-весела ўсміхнулася — даведалася сонейка, што тут рабілася.
— Хвалю іх за тое, што яны так багата Юнака адарылі, — сказала сонейка. — Я скажу сваім хмаркам, каб не засланялі яны неба ў купальскую ноч: няхай гэтыя сходы пры ясным небе адбываюцца.
Похожие статьи:
Якуб Колас → Творчасць Якуба Коласа
Якуб Колас → Духоўнае багацце чалавека ў паэме «Новая зямля»
Янка Купала → Янка Купала - Заклятая кветка
Якуб Колас → Паэма «Новая зямля» — мастацкая энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства