Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Якуб Колас - Зло — не заўсёды зло
Увага! Поўны змест
Цэлае лета вісеў Жолуд на старым дубе.
Невядома, як далей, а пакуль ён быў малы, вялікага гора зазнаць яму не прыйшлося. Праўда, на яго тады ніхто не зварачаў і ўвагі: як бы яго і на свеце не было. Толькі сонейка, выглянуўшы з-за лесу, узіралася ў яго і пеставала сваім цяплом, бы тая маці.
А калі, бывала, яно прыпякала надта горача — любоў часта пераходзіць свае граніцы — маленькі Жалудок хаваўся ў цяньку густых лістоў, як пан пад парасонам, і яму заўсёды было добра.
Так і вісеў ён, ні для каго не прыметны.
Але ж, урэшце, вісець яму абрыдла.
Яно такі і праўда: як бы там ні было добра, але калі гэтае дабро цэлы век астаецца без усякай змены, то яно лёгка перастае быць дабром. Гэтак было і з Жолудам: захацелася яму другога жыцця, так і цягнула яго саскочыць з галіны і пакачацца на мяккай зямлі. Не раз ён ужо парываўся зрабіць гэта.
Сказаўшы праўду, трохі Вецер у гэтым вінаваты. Бывала, чуць толькі ўзыдзе сонца, гэты жартаўнік і штукар Вецер зараз і падкрадзецца, але так, каб не чуў стары дуб, і пачне баламуціць дубовых сынкоў. Што казаў Жолуд — не ведаю.
Болей смелы Вецер гаварыў грамчэй, і вось што раз шаптаў ён Жолуду:
— Дурны ты! я пражыў на свеце болей вякоў, як лістоў на гэтым дубе, і кажу табе: раз у цябе ёсць сіла, ты заўсёды знойдзеш спосаб жыць на свеце, праб'еш сабе дарогу — што жывое, жывым і застанецца.
А стары дуб тым часам гаварыў так:
— Сынок! патрывай яшчэ трошкі, падрасці, уздужай. О! ты яшчэ не ведаеш, як цяжка жыць на свеце. Паслухай мяне, старога.
Ведама, бацька. Шкада яму сына.
— Не пускае бацька, — ціхенька шаптаў Жолуд на намову Ветру.
І трэба ж было, каб гэту гутарку прачула свіння! Раз, ужо зусім пад восень, Жолуд убачыў, як пад дуб, рохкаючы, трушком падбягала лапавухая асоба.
Углядзеўшыся добра, Жолуд абамлеў: на зямлі ляжала шмат такіх жа, як і ён, жалудоў, а свіння хрумстала іх без усякай літасці. На тое ж яна і свіння.
З вялікага страху бедны Жолуд задрыжэў, вылузаўся з місачкі і ўпаў на зямлю ў двух кроках ад свінні! Але ўпаў ён якраз у тую яміну, што вырыла свіння сваім доўгім лычам.
І вось што выйшла: свіння хацела паесці жалуды і памагла вырасці аднаму Жолуду, вырыўшы яму пасцельку. Жолуд на другі год прарос і стаў дубком, а свінню людзі закалолі, і яна стала мясам.
Похожие статьи:
Якуб Колас → Карціны роднай прыроды ў паэме «Новая зямля». Жанравыя асаблівасці паэмы
Якуб Колас → Служэнне народу — асноўны абавязак мастака. Паэма «Сымон-музыка»
Якуб Колас → Творчасць Якуба Коласа
Якуб Колас → Духоўнае багацце чалавека ў паэме «Новая зямля»
Якуб Колас → Паэма «Новая зямля» — мастацкая энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства