Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Якуб Колас - Залаты прамень

Увага! Поўны змест

   У кожны момант і на кожнай мясцінцы зямлі адбываюцца найцікавейшыя рэчы і складаюцца самыя дзівосныя казкі, падобныя іншы раз да праўды, і нараджаецца праўда, яшчэ болей цікавая часамі, чым сама казка. Але скрыжалі зямлі, дзе запісваюцца казка-праўда і праўда-казка, такія разнастайныя і такія багатыя, што людзі вечна будуць іх чытаць і ўсяго не перачытаюць. І трэба вельмі ўважна прыглядацца, каб і на самым малюсенькім куточку гэтых скрыжаляў расчытаць гісторыю аб вялікіх падзеях.
   Вось і тут, у гэтым лесе, здарылася нешта падобнае. Раскажу, толькі зараней прашу памятаць, што гэта — казка.
   На горцы лясок стаяў, і лясок гэты быў не так вялікі. Каля горкі сям-там прабіваліся крынічкі, і рэчачка вывівалася збоку. Было нават і азярко і балотца, — ну, словам, усё было. Для адных істот, якія жылі ў гэтым лесе, тыя маленькія крынічкі паказваліся непраходнымі вялікімі рэчкамі, а азярко — бясконцым акіянам, а ўсё гэта разам здавалася ім цэлым сусветам. Другія ж глядзелі на гэта іначай...
   Адным словам, сярод ляснога грамадства не было пагоджанасці ў поглядах на разуменне "вялікае" і "малое". Але гэта так сабе, між іншым. Важна было вось што, і гэта трэба адзначыць: усе сходзіліся на думцы, што той лад, якому падпарадкавалася лясное грамадства, ёсць адвечны закон, устаноўлены з самага ўтварэння свету, як выяўленне пэўнай гармоніі дабра і хараства. І лічылася вялікім блюзнерствам не толькі пратэставаць, а нават і думаць, што гэты лад патрабуе некаторых змен і паправак. А патрэба ў такіх зменах была, бо калі да гэтага ладу падысці з меркаю нават звычайнай крытыкі, дык у ім няцяжка знайсці заганы і нават, калі на тое пайшло, і несправядлівасць. І гэта можна давесці фактамі.    Напрыклад: ці справядліва, што на кволенькія былінкі нападае тля і высмоктвае іх мядовы сок? Ці справядліва, што на горачку, дзе так слаўна грэе сонца, не дапускаюцца брусніцы, чорныя ягады, ну і хоць бы сабе дзераза? Чаму горкія асіны маюць права лапатаць на ўвесь лес, а нізенькі верас змушан туліцца да зямлі і маўчаць? Чаму адным — сонца, а другім — цень? І наогул, чаму адны павінны прыносіць ахвяры, каб на іх трупах будавалі свой дабрабыт другія?
   Усе такія факты — а колькасць іх можна было б і значна павялічыць — ці не знаходзяцца ў супярэчнасці з гармоніяй дабра і хараства? А калі гэта так, дык чаму ж не змагацца супраць несправядлівасці? І яшчэ адно важнае пытанне: як магло стацца, што лясное грамадства лічыла гэты лад за выяўленне пэўнай гармоніі дабра і хараства?
   Каб адказ на такое пытанне стаў ясным, трэба паглядзець, што рабілася тут уночы. Але наўперад трэба зазначыць яшчэ вось што (для мае казкі яно таксама мае значэнне). Нягледзячы на гэтую гармонію дабра і хараства, лясное грамадства адчувала, што яму чагось не стае, што над ім ёсць нешта такое, што не дае паўнаты жыцця. Разумеецца, на гэта была свая прычына, але аб ёй лепш падумайце самі, бо я баюся, каб мая казка вам не надакучыла. Дык буду казаць далей.
   Прыгоства чараў, павабнасць таемнасці, страх цемры, велізарнасць нябесных прастораў і жах перад бясконцасцю і бязмежнасцю сусвету паказвалі тут цёмныя маўклівыя ночы. І асабліва павабна было тут тады, калі вандроўніцы-хмаркі пасплываюць з неба, а само яно расквеціцца незлічонымі агеньчыкамі-зорачкамі і вышле ў дарогу бліскучы кружок месячыка. І вельмі прыгожыя былі гэтыя зоркі. Іх было так многа і так яны часамі размяркоўваліся ў бяздонных глыбінях неба, што ўяўлялі сабою самыя вычварныя постаці і фігуры, вабячы хараством і недасяжнасцю. Далеч утварала гэтыя прыгожыя злучэнні зорак: такая ўжо ўласцівасць яе, бо далеч, як ніякі ў свеце мастак, умее паказаць рэчы ў найпрыгажэйшым выглядзе. Ад рухлівых пераліваў бляску зорных агнёў разлівалася ва ўсе канцы свету нейкая таемная сіла і так ці інакш кратала ўсе істоты і змушала іх тым ці іншым спосабам адгукацца ёй.
   І тады ў лесе пачыналася нешта надзвычайна цікавае. З лясных гушчароў выходзіў лясун і пляскаў у далоні. Гэта ён падаваў знак, што пачынаецца ноч. Мяккае плясканне калматых рук падхоплівалі бліжэйшыя дрэвы і разносілі па ўсім лесе. З дуплястых асін выляталі совы, вітаючы лесуна крыкамі "ківі! ківі!". На іх мове гэта значыла "жыві! жыві!". З нетраў выпаўзалі павукі, бязгучна, як цені, з-пад кары вылазілі светлякі і запальвалі свае зялёныя ліхтарыкі, каб пасвяціць павукам, бо павукі павінны былі развешваць на дрэвах танкаструнныя арфы. А прызначэнне іх было дваякае: як струмент для музыкі і як спосаб да жыцця саміх музыкантаў. Тонкія зялёныя іголачкі на хвоях і лісце на іншых дрэвах пачыналі свяціцца такім жудасным і маркотным бляскам, што ў лесе рабілася страшна. А туман, уздымаючыся з нізін і з-пад гнілых пнёў, дурманіў лес і дадаваў нізінам і іх насельніцтву яшчэ болей цемры і таемнасці.
   Калі такім парадкам усё было падрыхтавана, лясун надзяваў на сябе адзежу, сатканую з лісця і з танюсенькіх нітак, што пралі русалкі з кудзелі-моху, а на галаву ўскладаў карону, перавітую гірляндамі дзеразы з блуклівымі агеньчыкамі, і выходзіў на горку. У руках яго была бліскучая палка, зробленая невядомымі майстрамі з гнілушак, і гэтаю палкаю ён праводзіў па струнах арфаў, што развешвалі павукі ад дрэва да дрэва. Струны дрыгацелі і поўнілі ўвесь лес акордамі музыкі, нячутнай для чалавечага вуха. Музыка гучэла доўга, аж покі месяц не зрушваў з сярэдзіны неба. Гэтая музыка чаравала лес і ўсе істоты. Пакорна і нерухліва стаяў лес і ўсё, што было ў лесе. Тады лясун выступаў з прамоваю. І звінелі, як звон, яго словы па лесе:
   "Слухайце, слухайце, высокія дрэвы, нізкарослыя кусты, пахучыя краскі і дробная трава! Слухайце і вы, пташкі, жукі, мушкі, і ўсе слухайце голас надзорных глыбінь! Я выклікаў вас да жыцця і даў вам сілу і рукі і ўсялякія здольнасці, каб чэрпаць асалоду. Я палажыў карункі на вашы голавы, умыў іх буйнымі росамі, убраў брыльянтамі і запаліў дыяменты, сабраныя з зорак, з месяца і з бліскучых знічак, каб ведалі вы моц і вялікасць таго, хто шчодра асыпаў вас дарамі і вызначыў вам лёсы. Праведзены граніцы кожнаму з вас, каб у сваіх граніцах выконвалі вы маю волю. Не пераступайце гэтых граніц, не зайздросцьце малыя вялікім, слабыя крэпкім, бо гэтым парушаеце волю маю. Уздыміце вочы вашы ўгару: ёсць там зоры вялікія і зоры малыя. Калі ж малая зорка захоча стаць вялікаю, я палю яе пякучым агнём, а бліскучы след ад яе, што блісне на адзін толькі міг, ёсць знак мае кары. А калі вы будзеце пакорныя і не пераступіце закону майго, я ўзнясу вас вышэй зорак, і вечна вы будзеце піць асалоду. Дык слухайце і бойцеся парушыць волю маю!"
   Гаварыў лясун, і словы яго закалыхвалі лес і ўсё, што было ў лесе. А месяц, спусціўшы свае бледныя, тонкія ніці, ціхусенька дакранаўся да яго і навейваў яму адпаведныя сны, што яшчэ болей замацоўвала той светапогляд і тую філасофію, што злажылася ў лесе.
   Так праходзілі цэлыя гады і вякі.
   Але кожная з'ява і кожная рэч на свеце знаходзіцца пад уплывам розных чыннікаў, і чыннікі гэтыя часта бываюць зусім процілежных катэгорый. І бывае такі момант, калі сілы чыннікаў розных уплываў стыкаюцца, як у полі крыжавыя дарогі, перасякаюцца ў якім-небудзь месцы, каб падпарадкаваць сабе гэтую з'яву ці гэтую рэч, каб панесці яе па сваёй пуціне.
   Так было і тут.
   Паслала сонца свае праменні на зямлю, каб сагрэць яе, развеяць туман і прынесці ёй радасць і шчасце. Адзін прамень сонца, — а яму было прызначана зараніць у сэрцы стварэнням на зямлі новыя мыслі аб новай праўдзе і справядлівасці на свеце, — праходзячы неасяжныя прасторы, згубіў дарогу на зямлю і заблудзіўся ў глухой цемрадзі сусвету. Даўгія вякі блукаў ён у міжпланетных прасторах сярод халодных пустэляў, шукаючы зямлі, і не знаходзіў яе. Схадзіў ён з канца ў канец увесь Млечны Шлях, агледзеў усе плямы туманнасцей, заходзіў на ўсе вядомыя і не вядомыя людзям планеты, насіўся па-над зорнымі краямі, зазіраў і ў іншыя краіны гэтага, страшнага ў сваёй бязмежнасці, сусвету, а дарогі на зямлю не знаходзіў. І толькі часамі свяціўся ён ружовым ззяннем у бяздоннях неба, і такою лагоднаю ўсмешкаю калыхаўся яго бляск вечарамі ў пустых багнах неба. І тады весялей рабілася на зямлі. Снегавыя вяршыні гор адбівалі гэтае ззянне і самі запальваліся ружовым або залатым бляскам. І тады шырэй рассоўвалі свае граніцы прасторы зямлі, лагадней пазірала поле, а вада ў рэчках, азёрах і ў марах калыхалася ружовымі хвалямі, як распушчанае ў агні золата. Гэтая радасць снавалася і ў танкарунных хмарках, бо адно толькі адбіццё залатога праменя ператварала іх валокны ў ружовыя шаўкі. Весялела паветра, станавілася лёгкім і празрыстым, спавіваючы зямлю цеплынёю і радаснымі летуценнямі аб чымся бясконца светлым і добрым. І гэтае няяснае прадчуванне новага жыцця калыхалася тады ўсюды. А сам залаты прамень ні на момант не спыняўся ў сваіх шуканнях дарогі на зямлю і ніколі не траціў надзеі знайсці яе, каб выпаўніць сваё прызначэнне, хоць і многа было яму перашкод у гэтым блуканні. Яму засланялі дарогу праменні іншых планет. Варожа сустракалі яго маўклівыя пустэлі. Змрокам, туманам і хмарамі закрывалася зямля.
   Ноч, цёмная ноч ляжала над лесам. Месяц зрушыў з сярэдзіны неба, і зноў правіў лясун сваё літанне і казаў свае прамовы. Як звон, звінелі яго словы па лесе, і чуўся ў іх надзвычайны пафас. І здзівіўся раптам лясун, прыпыніў сваю прамову на самым цікавым месцы, абвёў лес зялёнымі вачыма. Нічога падобнага не бачыў ён раней: на тонкіх іголачках хвой і на лісці іншых дрэў пагас пусты, халодны зялёны бляск, а замест яго іскрыліся жывыя, рухлівыя ружовыя агеньчыкі, а лес і ўсё, што было ў лесе, высока паднялі голавы і весела пасмейваліся.
   Задрыжэла рука ў лесуна, бліскучая палка, зробленая з гнілушак, выпала з яго рук і разбурылася. Шугнулі совы ў дуплястыя асіны, і кінуліся хавацца па цёмных кутках павукі.
   Тут і канчаецца адно звяно казкі. А калі б хто запытаўся, што ж тут здарылася, то гэтым ён паказаў бы, што няўважна слухаў байку, чым моцна пакрыўдзіў бы баечніка.

Похожие статьи:

Якуб КоласКарціны роднай прыроды ў паэме «Новая зямля». Жанравыя асаблівасці паэмы

Якуб КоласПаэма «Новая зямля» — мастацкая энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства

Якуб КоласДухоўнае багацце чалавека ў паэме «Новая зямля»

Якуб КоласСлужэнне народу — асноўны абавязак мастака. Паэма «Сымон-музыка»

Якуб КоласТворчасць Якуба Коласа