Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Якуб Колас - Балотны агонь
Увага! Поўны змест
Гэтая бярозка толькі нядаўна асталявалася тут. Кароткае жыццё выдарылася ёй, і незайздросная доля гадавала яе. Закрытая, заціснутая з усіх бакоў старымі дзеравякамі, не бачыла яна сонца, рэдка калі патыхаў на яе свежы ветрык. А як яна не бачыла іншага свету і жыцця, дык і не наракала ніколі на сваё сірочае існаванне. Яна няясна пачувала волю, прастор, сонца і, стоячы тут, сярод гэтых дрэў, як чужаніца, ні з кім не гаварыла пра свае думкі і лятункі.
Адна толькі ўцеха падтрымлівала яе. Уночы, калі заціхалі вакол птушкі і пераставалі гусці і звінець мошкі і толькі адны зоркі свяціліся ў небе ды часамі месяц сумным вокам азіраў зямлю, — гарэў дзесьці агонь, бледны, неразгаданы і прыемны. І блішчаў той агонь з-пад нізу, з нейкіх невядомых абшараў зямлі.
Балота, на якім прыгожа раскінуўся астравок, дзе расла разам з другімі дрэвамі і гэтая маладая бярэзінка, здавалася, не мела канца-краю. Найстарэйшы між усіх тут дуб, стоячы на самым высокім месцы вострава, не бачыў канца балота. Спрадвеку гадаваліся на астраўку розныя дрэвы. Па краях цягнуліся маладыя і старыя алешыны, пусціўшы глыбока карэнні. Далей цягнуўся цёмна-зялёны пояс елак. Яшчэ крыху вышэй бялелі стройныя камлі прыгожых бярэзін, сярод якіх пракідаліся ліпа, граб, ясень, вяз. На самай сярэдзіне астраўка стаялі магутныя дубы.
Наша маладая бярэзінка расла па суседству з вязам. Была поўнач на зыходзе лета. Неба было цёмнае, укрытае хмарамі. Яно дрыгацела час ад часу, асвятляючыся бліскавіцамі ад далёкага магутнага грому. На балоце прыветна мігцеў той самы агонь.
Маладая бярозка радасна дрыжала, гледзячы на яго. Абуджаны раскацістым гулам грому вяз папытаўся ў бярозкі:
— Чаму ты не спіш, дзеткі?
Бярэзінка здрыганулася знячэўку і прыкінулася, што нічога не чуе і спіць.
— Чаго ж саромеешся? — прыветна прамовіў вяз. — Ох, блазнота! Ты ўглядаешся на балота, цябе цягне агонь?
Вяз памаўчаў, а потым, махнуўшы галінаю, сказаў:
— Гэта не агонь.
Маладая бярэзінка аж задрыжала ўся ад гэтых слоў.
— Як, гэта не агонь? Гэта не праўдзівы агонь? — тужліва спытала яна і пачула, што перад ёю як бы адчынілася нейкая бяздонная пустэля.
— Гэта гнілякі на балоце свецяцца, — зноў прамовіў вяз, — плюнь на іх: у дрэва павінна быць дзве дарогі — адна ў зямлю, другая ўгару да сонца.
Доўга яшчэ гаварыў вяз. А бярэзінка маўчала і не чула яго слоў. "Дык гэта быў зман! А я думала, што гэта — сапраўдны агонь, і ў гэтым была мая радасць і ўцеха, у гэтым забывала я аб сваёй нядолі". І стала сумаваць і тужыць бедная бярозка. Цяпер ніякай радасці не было ў яе жыцці.
А калі гэты выпадак стаў вядомы паміж дрэў, то яны доўга шумелі і ніяк не маглі прыйсці да згоды: ці добра зрабіў вяз, развеяўшы гэты туман, гэты прыгожы туман зменнага шчасця беднай бярэзінкі?
І да гэтага часу вядуць дрэвы спрэчку.
Похожие статьи:
Якуб Колас → Творчасць Якуба Коласа
Якуб Колас → Карціны роднай прыроды ў паэме «Новая зямля». Жанравыя асаблівасці паэмы
Якуб Колас → Паэма «Новая зямля» — мастацкая энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства
Якуб Колас → Духоўнае багацце чалавека ў паэме «Новая зямля»
Якуб Колас → Служэнне народу — асноўны абавязак мастака. Паэма «Сымон-музыка»