Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа

   Месца Коласа ў прыгожым пісьменстве. У сусветную літаратуру Якуб Колас увайшоў як "беларускі Гамер", стваральнік нацыянальнай "Іліяды" і "Адысеі" – менавіта такія аналогіі напрошваюцца пры думцы пра ягоныя "Новую зямлю" і "Сымона-музыку". Тут няма ніякага перабольшвання. Імя Якуба Коласа, аднаго з найбуйнейшых песняроў сялянства, стваральніка вобразаў маляўнічых беларускіх краявідаў, самабытнага філосафа, надзвычай натуральна глядзіцца ў шэрагу імёнаў класікаў сусветнай літаратуры.

   З біяграфіі. Якуб Колас (Канстанцін Міцкевіч) нарадзіўся 3 лістапада 1882 г. у засценку Акінчыцы былога Мінскага павета. Бацька, Міхал Міцкевіч, працаваў лесніком у каморы князя Радзівіла і жыў мараю займець уласную зямлю. Лёс лесніка цалкам залежаў ад прыхамаці ляснічага, таму сям’я Міцкевічаў часта мяняла месца жыхарства (Акінчыцы, Ласток, Альбуць).
   Дзве зімы Кастусь вучыўся ў "дарэктара" (мясцовага хлопчыка, які ўжо засвоіў у школцы пачаткі ведаў), потым у пачатковай школе ў Мікалаеўшчыне (роднай вёсцы яго бацькоў). На сцяне ў хаце віселі побач партрэты куміраў Кастуся – Адама Міцкевіча і Аляксандра Пушкіна.
   У 1898 г. юнак паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю ("на казённы кошт"). Адукацыя і выхаванне тут будаваліся "на прынцыпах ультраманархічных" і аніяк не спрыялі росту беларускай самасвядомасці. Станоўча ўплываў на яго духоўнае пасталенне Фядот Кудрынскі, выкладчык расійскай літаратуры, пазней аўтар краязнаўчых кніг. Заўважыўшы сярод фальклорных запісаў уласныя вершы юнака, ён сказаў: "Вось ваша сапраўднае пакліканне".
   З кастрычніка 1902 г. Канстанцін Міцкевіч настаўнічаў – спачатку ў вёсцы Люсіна Пінскага павета, а пасля ў Пінкавіцкім народным вучылішчы. У час першай расійскай рэвалюцыі адчуваў сябе "заўзятым ворагам самадзяржаўя". Удзельнічаў у сялянскім бунце. Праз пэўны час яго перавялі ў Верхменскае народнае вучылішча на Міншчыне.
   9-10 ліпеня 1906 г. ў Мікалаеўшчыне адбыўся нелегальны настаўніцкі з’езд. Настаўнікі пастанавілі далучыцца да Усерасійскага настаўніцкага саюза і патрабавалі рэарганізацыі народнай асветы "на пачатках свабоды, дэмакратыі і дэцэнтралізацыі". Паліцыя разагнала з’езд і сканфіскавала яго дакументы. Пазбаўлены працы як удзельнік з’езда, Колас жыў паўлегальна ў брата ў Смалярні і вучыў вясковых дзяцей.
   З траўня 1907 г. ён працаваў у рэдакцыі газеты "Наша Ніва". Жыў у памяшканні рэдакцыі, а пасля ператрусу паліцыі змушаны быў пакінуць Вільню. З верасня гэтага самага года Якуб Колас зноў у Вільні, ужо з дазволам на жыхарства. У пачатку 1908 г. некалькі месяцаў ён працаваў у прыватнай беларускай школцы пана Гардзялоўскага, чытача "Нашай Нівы" і прыхільніка Коласавага таленту. У вольны час складаў падручнік "Другое чытанне для дзяцей беларусаў" (выйшаў з друку ў 1909 г.).
   15 верасня 1908 г. Якуб Колас быў асуджаны на 3 гады астрогу, якія адбываў у сумнавядомым Пішчалаўскім замку ў Мінску. Пасля вызвалення ён сутыкнуўся з праблемамі "выкінутага з жыцця чалавека". Прайшоў усе "колы" пекла... "не раўнуючы, як у "Бажэсцвеннай камедыі". Увесь час змяняў месца жыхарства. З цяжкасцю атрымаў пасведчанне аб палітычнай надзейнасці.
   У пачатку жніўня 1912 г. Якуб Колас сустрэўся ў Смольні з Янкам Купалам, які прыехаў, каб пазнаёміцца: "Рассталіся мы з ім шчырымі сябрамі". З верасня таго самага года і да ліпеня 1914 г. Колас настаўнічаў у Пінскім прыходскім вучылішчы. У чэрвені 1913 г. ён ажаніўся з Марыяй Дзмітраўнай Каменскай, настаўніцай Пінскай чыгуначнай школы, з якой перапісваўся з часу турэмнага зняволення.
   Ад пачатку Першай сусветнай вайны Якуб Колас быў змабілізаваны на вайсковую службу. Скончыў Аляксандраўскае вайсковае вучылішча ў званні прапаршчыка, камандаваў ротай на Румынскім фронце. Хварэў на ліхаманку і лячыўся ў горадзе Абаяні Курскай губерні. Настаўнічаў. Зімою 1918-1919 гг., будучы беспартыйным, выконваў (у якасці "граматнага і спачуваючага") абавязкі сакратара камуністычнай ячэйкі.
   У траўні 1921 г. пры садзеянні беларускага Камісарыята асветы "вярнуўся ўжо ў Вольную Айчыну, аб якой пяяў у сваіх вершах і змагаўся доўгія часы". Жыў у Мінску. Працаваў у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы, затым у Інбелкульце. У кастрычніку 1926 г. Коласу было нададзена званне народнага паэта. У 1927 г. ён увайшоў ў літаратурнае аб’яднанне "Полымя".
   У 1930 г. Якуб Колас быў змушаны пад прымусам публічна каяцца ў палітычных "памылках". Паводле ўспамінаў, занатаваных Янкам Брылём, тры гады клаўся спаць не распранаючыся: штоначы чакаў арышту.
   У час вайны з фашызмам Колас разам з сям’ёй знаходзіўся ў эвакуацыі ў Ташкенце. У пачатку вайны "загінуў без вестак" яго сын Юрка. Неўзабаве пасля Перамогі ў траўні 1945 г. памерла жонка. Жыў у Мінску. Быў абраны акадэмікам, а пасля і віцэ-прэзідэнтам АН БССР.
   13 жніўня 1956 г. Якуб Колас занёс ліст у абарону беларускай мовы ў ЦК КПБ, выслухаў вымову партыйнага чыноўніка і вярнуўся дамоў. Памёр за пісьмовым сталом. Апошнімі словамі былі радкі з ліста: "Дарагі Жэня..."

   Пачатак творчага шляху. У дванаццаць гадоў Кастусь Міцкевіч напісаў верш "Вясна" на беларускай мове. Бацька, паслухаўшы верш, падараваў сыну рубель (на тыя часы немалы ганарар). На адной з семінарскіх вечарынаў юнак чытаў беларускія апавяданні "і меў вялікі поспех". Перажываў, што яго творы "не будуць мець ходу", бо "беларуская мова не будзе мець прызнання". На зімовых вакацыях напісаў пад уплывам твораў Мікалая Гогаля нарыс "Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле". Спрабаваў пісаць і па-расійску. Дасылаў вершы ў "Журнал для всех". Вершы былі пераймальныя, у асобных адчуваўся моцны ўплыў еўрапейскага дэкадансу і расійскага сімвалізму.
   У верасні 1906 г. ў Вільні адбылася сустрэча маладога паэта з рэдактарам і выдаўцом Аляксандрам Уласавым, які апублікаваў у першым нумары "Нашай Долі" яго верш "Наш родны край" (1 верасня 1906 г.) пад псеўданімам Якуб Колас (адзін сярод многіх псеўданімаў: Агарак, Адзінокі, Андрэй "сацыяліст", К.Белорус, Тамаш Булава, Тарас Гушча, Дзядзька Карусь, Карусь Лапаць, Мікалаевец, М.Міцкевіч, Народный учитель, Свой чалавек). У вершы створаны вобраз-сімвал Беларусі: "Край наш бедны, край наш родны! Лес, балоты і пясок...", "Ой ты, бедная старонка! Ой, забыты Богам край!" Якуб Колас – пясняр беларускіх краявідаў. Мала ў каго з пісьменнікаў ёсць столькі прыгожых, нацыянальна непаўторных пейзажаў. "Па іх можна было б проста скласці альбом сялянскай, шэрай, не польскай і не вялікарасійскай, а зусім асаблівай, "сярмяжнай" Беларусі", – пісаў расійскі навуковец Аляксандр Пагодзін.

   "Песні-жальбы". Першы зборнік вершаў паэта "Песні-жальбы" выйшаў з друку ў Вільні ў 1910 г. Песні-жальбы – асноўны жанр лірыкі Коласа, традыцыйны з часоў Францішка Багушэвіча, Янкі Лучыны, Адама Гурыновіча. Дэмакратызм, народнасць, гуманізм у вершах паэта натуральныя. Колас паэтызуе беларуса, не шкадуючы яркіх фарбаў. Абсмяяны, аблаяны, скрыўджаны, "адціснуты ў балоты" коласаўскі герой выступае ад імя народнай грамады і заўсёды ведае, што "усё ж такі, хоць некалі, а праўды дапытаемся". Яго захапляюць жыццёвыя далячыні і прасторы, ён бясконца цешыцца вольнымі хмарамі і марыць аб волі: "Я – мужык, а гонар маю..." У беларуса "ворагаў" так шмат ("Куды ні глянь – адно і тое: Усюды стрэльбы і "шнуры"..."), што ён ад гневу і абурэння міжволі пераходзіць да кпінаў ("Мікалаю ІІ", "Асадзі назад!", "Канстытуцыя"). Аптымістам яго робіць таямнічая сіла закаханасці ў "вобразы мілыя роднага краю" і вольная праца на няхай "вузкай", але сваёй "палосцы" ("Так ні поп, ні ксёндз не ходзяць пры сваім алтары").
   Асобнае месца ў лірыцы Коласа займае "турэмны цыкл", у якім прыкметныя аўтабіяграфічны пачатак, адкрытая публіцыстыка, рытарычныя пытанні, сімвалы "цёмнай сілы". Ланцугі, краты, кайданы, астрожныя муры, стражнікі – гэта паэтычная атрыбутыка змагання, выкарыстаная папярэднікамі ад Байрана і Пушкіна да Каліноўскага і Багушэвіча, натуральна пераходзіць у творы Коласа. Гэта таксама "мужычае жыццё", але ўжо ў экстрэмальных умовах ("Смерць арыштанта", "Катаржнікі", "З боку ад жыцця", "Турэмная камера"). Прайшоўшы "дантава кола" пакутаў, вязень, аднак, верыць, што бітва не прайграная: "Не! мяне не справяць кары, толькі сілы паддадуць!" З вобразам змагара за народ шмат агульнага мае вобраз песняра. Яго доля нагадвае лёс забытага ў полі каласка – менавіта так тлумачыцца паходжанне літаратурнага псеўданіма паэта ("Жытні колас"). У вершы "Песняру" пераважае загадны лад: "скажы", "заспявай", "страсяні і да дна ўскалышы":

Заспявай ты мне песню такую,
Каб душу мне паліла яна,
Каб у ёй ты нядолю людскую
І ўсё вычарпаў гора да дна.
 
Скажы, як у няволі жывецца,
Як нам шыі здушыла ярмо,
Як душа наша томіцца, рвецца,
Як жыццё прападае дармо…

 
   На подступах да маштабнай эпікі. Шматбаковы талент Коласа вольна сябе адчуваў у эпічных жанрах, якія дазвалялі паказаць жыццё беларусаў шырока і поўна. Гэта асабістае імкненне пісьменніка супадала з аб’ектыўнай патрэбай нацыянальнай літаратуры мець уласны эпас. Беларуская літаратура – адна з самых "сялянскіх" ў свеце. Магчыма, ва ўсёй сусветнай літаратуры няма такога героя-мужыка, вобраз якога ўзняты Коласам да сімвалу. Пачаў жа ён з фальклорна-этнаграфічных "вершаваных апавяданняў" ("Зяць", 1907; "Паслушная жонка", "Доктар дапамог" – абодва 1909; "Батрак", 1910; "Як Янка забагацеў", 1911), блізкіх сваім настроем да папулярных у беларусаў ананімных "гутарак", а таксама балад Шылера, Міцкевіча, Някрасава, Сыракомлі, Лучыны, з гумарыстычных празаічных "эцюдаў", "замалёвак", "думак у дарозе" ("Слабода", 1906; "Паўлюковы думкі", 1907; "Сацыяліст", 1908). У сацыяльна-псіхалагічных апавяданнях "Бунт" (1907); "Нёманаў дар", "У старых дубах" (абодва 1912), "Малады дубок" (1913) узмацнела імкненне паказваць беларускую рэчаіснасць аб’ёмна і глыбока, спалучаць "высокае" і "нізкае", "паэтычнае" і "празаічнае", "трагічнае" і "камічнае". Героі гэтых твораў не дабрадзеі, але і не носьбіты заганаў. Адзінае, што яны сцвярджаюць – гэта свой гонар і годнасць.

   Паэтычны эпас Коласа. Творчая задума паэм "Новая зямля" і "Сымон-музыка" ўзнікла ў паэта ў час знаходжання ў астрозе. Да яе ажыццяўлення Колас прыступіў у сакавіку 1911 г. Малюнкі жыцця на волі, родныя вобразы і з’явы згадваліся ў турме з асаблівым пачуццём, напаўняючыся глыбокім паэтычным і філасофскім сэнсам. Навакольная прырода, без якой немагчыма сабе ўявіць беларуса, успрымаецца як грандыёзная дэкарацыя, на фоне якой разгортваецца народнае жыццё, велічнае карнавальнае шэсце шматлікіх персанажаў, сялян і паноў, мужчын і жанчын, старых і дзяцей.
   Апяваючы родныя краявіды ў "Новай зямлі" (1911-1923), Якуб Колас, па сутнасці, развітваецца з эпохай дзяцінства чалавецтва, якую яго героі, беларусы, апошнія ў Еўропе, паспелі прыхапіць у канцы ХІХ стагоддзя, калі адбывалася бязлітасная эксплуатацыя прыродных рэсурсаў і амаль не засталося некранутых чалавекам мясцін. У стаўленні мужыка-беларуса да прыроды паэт бачыць узор, варты пераймання, своеасаблівую філасофію выжывання ў свеце, які ўсё больш урбанізуецца і ўскладняецца. У самім руху пэндзля Коласа-пейзажыста адчуваецца небывалая лёгкасць і свабода, амаль не заўважаецца праца над паэтычным радком, – так усё тут натуральна, празрыста, проста. У творах паэта заўсёды прысутнічае, акрамя канкрэтнай мастацкай задумы, яшчэ і масштабная думка пра багацце і ўсеабдымнасць жыцця. Як мастак слова Колас не баіцца таго, што ў літаратуры сентыменталістаў і рамантыкаў называлася "нізкай прыродай": не паказаўшы "нізкага" ў жыцці беларуса, немагчыма выявіць і яго самога як пэўную нацыянальную асобу. Таму паэт не грэбуе падрабязнасцямі, на якія скоса пазіралі яго папярэднікі: "блінцы пякліся на сняданне", "апалонік то і дзела па дзежцы боўтаў жвава, смела", "звон аб прыпек скавародны, так блізкі сэрцу", "як парасяты, ў пяску капаліся сястрычкі", "Алесь хадзіў каля крынічкі", "Уладзік пасвіў дзесь каровы" і г. д. Гэта космас беларуса, у межах якога ён адчувае сябе шчаслівым, бо ўсё вакол простае, зразумелае, роднае.
   Селяніну не вядомы разлад з наваколлем, які складае змест асобы "лішняга чалавека", героя расійскіх пісьменнікаў-дваран. Аднак прырода ў Коласа – не тая прымітыўная "майстэрня", якою яе ўяўляў сабе тургенеўскі рэвалюцыянер-разначынец. Беларус у Коласа жыве адным жыццём з прыродай, адчувае сваю залежнасць ад яе стыхій і ўваходзіць у яе, як у храм. Нездарма дзядзьку Антосю так добра і лёгка з дзецьмі, з аднавяскоўцамі, з Донісам Дракам, з Грышкам Верасам: яго яднае з імі тонкае адчуванне хараства жыцця, здзіўленне перад яго таямніцамі. Ён нязмушана ўключаецца ў дзіцячую гульню: свет занадта складаны, каб адносіцца да яго празмерна сур’ёзна. Выдумка для яго часам значыць не менш, чым сама праўда-крыўда. Антось – вялікі практык, калі выбірае касу, азірае зарослае дзірваном поле, ладзіць човен, даглядае пчол, арэ і косіць, і сапраўдны паэт, бо ў яго душы пры гэтым ажывае пачуццё хараства. Зрабіўшы непрыемную і нязвыклую для яго справу, аформіўшы мноства бюракратычных папер, патрэбных, каб набыць зямлю, абабіўшы высокія парогі дзяржаўных устаноў, ён адчувае патрэбу ў духоўным ачышчэнні, дзеля чаго ўзыходзіць разам з Грышкам Верасам на Замкавую гару ў Вільні: "Ото б адтуль зірнуць на горад!"
   Антось, Ганна, дзеці існуюць пераважна ў свеце прыроды. Міхал з’яўляецца своеасаблівым сувязным са светам грамадства, з уладай і дзяржавай, якія бачаць у ім адно працоўную сілу і бязбожна эксплуатуюць і яго, і брата, і нават дзяцей. Менавіта грамадства, якое не жадае бачыць у ім самастойнага гаспадара, вымушае Міхала шукаць выхад са становішча ў куплі сваёй зямлі, а час ад часу і ў бунце. З раптоўнай смерцю Міхала гіне і свет, дзе панавала паэзія сялянскай працы, побыту, святаў. У адрозненне ад сваіх улюбёных герояў, Якуб Колас бачыў ужо не толькі заробленую потам і крывёю дзялянку зямлі, але і Беларусь як адзінае цэлае ("родны бераг", "родны край", "куточак бацькоў", "край пакуты"). Яе нельга вымераць у дзесяцінах – гэта духоўнае, сакральнае паняцце, вобраз, які жыве ад нараджэння ў душы і знікае разам з чалавекам. "У час вялікі разбурэння" немагчыма адгарадзіцца ад свету: зямля ўжо не ратуе, а хутчэй губіць чалавека, яго фізічныя і духоўныя сілы, творчыя здольнасці. Усе пуцявіны, "сцежачкі крывенькія", "зараслі не палынамі, не крапівой, не драсянамі, не чаратом, не лебядою, – а беларускаю бядою". Нагадваюць аб сабе і адвечныя законы зямнога быцця: "Ніхто з граніц сваіх не выйдзе, // З законаў жыццем напісаных". Драма Міхала адлюстравала лёс народа, пазбаўленага не толькі ўласнай зямлі, але і самой Бацькаўшчыны. Менавіта таму аўтар, пералічваючы ўсемагчымыя значэнні слова "зямля", якія паступова засвойвае і асэнсоўвае селянін, заканчвае свой маналог рашучай высновай, якая гучыць афарыстычна: "Зямля – аснова ўсёй айчыне".
   Прынята лічыць, што сярод найвялікшых класікаў нашай літаратуры Якуб Колас адзіны заставаўся збольшага вольны ад уплываў сімвалізму. Але гэта не зусім так. Заглыбленне творцы ў такія праблемы, як апантанасць зямлёю, еднасць зямлі і чалавека, у гады стварэння "Новай зямлі" не магло абысціся без іх спасціжэння праз пэўныя сімвалы. Якуб Колас з яго творчай інтуіцыяй не мог не адчуваць наяўнасці зямной таямніцы ў побыце селяніна-беларуса. Зямная "пазасветнасць" класіка нашай літаратуры вельмі нагадвае мастацкія пошукі не раз ужо згаданага вышэй нарвежскага пісьменніка, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Кнута Гамсуна. Шукаючы "натуральнага чалавека" Гамсун таксама абапіраецца ў першую чаргу не на культурны досвед цывілізацыі, а на стваральную працу чалавека на ўлонні зямлі (раман "Дабрыня зямлі", 1917). Не выглядае простым супадзеннем і той факт, што адзін з першых раманаў Кнута Гамсуна меў назву, якую таксама можна перакласці як "Новая зямля".
   Празрыстая, здавалася б, паводле сваёй задумы паэма Якуба Коласа мае свае загадкі. Чым можа абярнуцца пошук зямной асновы ва ўмовах нетрываласці, разладжанасці сусвету? Што перажывае Міхал, калі зямля – тое, што "не здрадзіць" – раптам пачынае выслізгваць з-пад ног, абарочваецца неспадзяванкамі? Уважлівы чытач, несумненна, заўважыць прарыў у сферу "тагасветнага" ў такіх раздзелах "Новай зямлі", як "Вечарамі", "Таемныя гукі", "Воўк". Вусцішныя гісторыі, прымхі, былічкі з раздзела "Вечарамі" нагадваюць, паводле сваёй міфалагічнай асновы, тое, пра што пісалі ў сваіх творах Ян Баршчэўскі або Мікалай Гогаль. Дзяцей вабяць загадкавыя, містычныя праявы Сусвету, у той час як дарослыя наогул асцерагаюцца ўваходзіць у таямніцы быцця. "Таемныя гукі" – своеасаблівая дыскусія паміж дарослымі і дзецьмі. Пытанне, што ставяць дарослыя – пра паходжанне таямнічых гукаў узімку – вырашаецца досыць лёгка. Выклікае цяжкасць пытанне, пастаўленае дзецьмі, бо так званыя дзіцячыя пытанні якраз і належаць да тых адвечных таямніц, над якімі пакутуюць філосафы ўсіх часоў:

...А што, скажэце, зорка значыць,
Якой ніхто мо і не бачыць:
Яна маланкай мігатнецца
І згасне. Дзе ж яна дзяецца?
І да зямлі не далятае,
А проста дзесь яна знікае? –
І змоўклі ўсе адразу ў хаце:
Як адказаць? З чаго пачаці?  

   "Тайнасць Божая" – адказвае на гэтыя пытанні Міхал. Антось жа няўпэўнена прыгадвае, што адказ ведае навука, "што астраноміяй завецца". Тлумачэнне ж маці – пра містычную сувязь зорак з чалавечымі жыццямі, найбольш задавальняе дапытлівых дзяцей:

Для хлопцаў гэта тлумачэнне
Найболей мела здавалення,
І ўсе іх думкі мімаволі
Блукалі дзесь у Божым полі;
Іх захапляў свет безгранічны
І ўласны лёс іх таямнічны.

   На працягу большай часткі паэмы Міхал, як і іншыя дарослыя, жадае трываласці ў зменлівым, падступным існаванні. Але надыходзіць хвіля, калі зямное апірышча пачынае выяўляць сваю хісткасць, нетрываласць, абернецца бяздоннай, згубнай прорвай. Сустрэчы Міхала з ваўком на беразе Нёмана (раздзел "Воўк") папярэднічае згадка пра таямнічыя здарэнні, што некалі адбываліся ў гэтай мясціне: гібель Дароты і Яхіма, здань з люлькаю, якую нібыта бачылі каля ракі. Кароткі каментар да пералічаных здарэнняў выяўляе як бы зямную прыроду таямніцаў ("Таемны вы, зямлі скрыжалі! // чаго ў сябе вы ні ўпісалі!"), але, разам з тым, з зямлёю звязаны вобраз зямной кнігі, таямнічага тэксту. Адгортваецца адна са старонак сімвалічнай кнігі, на якой занатаваны трагічны і шматзначны змест…
   Паэма "Новая зямля", безумоўна, належыць да тых твораў, якія могуць расказаць свету пра "беларускую душу" ў яе самым што ні ёсць глыбокім народным самавыяўленні. Важны крок у гэтым кірунку – з’яўленне добрага польскага перакладу твора, нядаўна здзейсненага вядомым знаўцам нашай паэзіі і фальклору Чэславам Сэнюхам.
   Ужо ў нетрах "Новай зямлі" адчуваецца прысутнасць яшчэ аднаго вялікага касмічнага цела, яго гравітацыйнае прыцягненне і ўздзеянне. З ёю заўсёды побач паэма "Сымон-музыка"(1-я рэд. 1911-18; 3-я рэд. 1924-1925), якая ўспрымаецца як своеасаблівы працяг паэтычнага эпасу. Паэма ў сваім апошнім варыянце прысвечаная беларускай моладзі. Так выяўлялася адроджаная вера паэта ў шчаслівую будучыню беларускай справы: "з казкі жыцця твор стаў паэмай". У 1921 г. у Коўна быў выдадзены зборнік алегарычных апавяданняў пад назвай "Казкі жыцця". Жанр казкі цікавіў паэта сваім сімвалічным сэнсам ("Тры браты", 1906; "Жывая Вада", 1907; "Адзінокае дрэва", 1912; "На чужым грунце", "Камень", "Хмарка" – усе 1913). Літаратурныя казкі Якуб Колас пісаў усё жыццё: яго апошнія казкі – "Як птушкі дуб ратавалі", "Адзінокі курган", "Страказа", "Цвіркун" (усе 1955). Казачны жанр з яго алегарычным, шматзначным зместам адпавядае нашаму характару: беларусы звыкліся за стагоддзі вымушанага маўчання з "эзопавай мовай" іншаказаў, алегорый, намёкаў.
   Герой паэмы "Сымон-музыка" – "іншы сейбіт – творчы дух". У душы паэта жыло перакананне ў асаблівай гістарычнай і духоўнай місіі беларусаў, разуменне іх надзвычайнай ролі ў еўрапейскай геапалітыцы:

Тут схадзіліся плямёны
Спрэчкі сілаю канчаць,
Каб багата адароны
Мілы край наш зваяваць...
Дык хіба ж мы сіл не маем,
Сілы шлях свой адзначаць
І сваім уласным краем
Край свой родны называць?  

   Якуба Коласа хвалюе лёс нацыянальнай культуры, лёс беларускіх песняроў і музыкаў.

Колькі талентаў звялося,
Колькі іх і дзе ляжыць
Невядомых, непрызнаных,
Не аплаканых нікім...  

   Лёс Сымона, якім яго ўяўляў аўтар у першай рэдакцыі, быў трагічным. Мартыралог беларускай культуры бясконцы: адны гінулі невядомымі, другія – у росквіце славы. Народныя песняры і музыкі, на думку паэта, – нацыянальны скарб, які збіраўся цягам стагоддзяў, "ад роднае зямлі, ад гоману бароў, ад казак вечароў, ад песень дудароў, ад светлых воблікаў закінутых дзяцей, ад шолаху начэй, ад тысячы ніцей, з якіх аснована і выткана жыццё і дзе звязана быццё і небыццё..."
   Апісваючы "адысею" Сымона-музыкі, Якуб Колас гранічна канкрэтны: сялянскі побыт, маленства, праведзенае ў бацькавай хаце, неразуменне блізкімі духоўных імкненняў дзіцяці, якому рыхтавалася мужыцкая доля, беспрытульнае бадзянне па свеце, нялёгкі хлеб кутніка ў хаце карчмара, грэблівыя адносіны да таленавітага хлапчука ў княжым замку. Тут Колас – шчыры рэаліст: "А праўда мне ўсяго дарожай, І бацька праўдзе вучыў змаля". Колас-рамантык нагадваў аб сабе тады, калі аўтар выходзіў на шырокія абагульненні, імкнуўся выявіць бязмежжа зямных прастораў і глыбіні ўнутранага свету беларуса. У маўленні паэта ў такім выпадку ўзнікалі вобразы сімвалічнага гучання, нярэдка непасрэдна запазычаныя з фальклору або з велізарнай спадчыны сусветнага рамантызму. Не абыдзена ўвагай і Біблія з яе алегорыямі і тлумачэннем складаных рэчаў і з’яў на звычайнай чалавечай мове:

Князь не мае волі-ўлады
Вольнай думцы даць парады,
Думка ходзіць, дзе захоча.  

   Беларускі Шлях, намаляваны ў паэме Якубам Коласам, уражвае сваёй маштабнасцю і адкрытай перспектывай.
   Герой паэмы вытрымаў выпрабаванні на самыя розныя спакусы, якія падрыхтавала яму жыццё: спакой, грошы, дабрабыт – ён добра ведае ім цану. Куды цяжэй Сымону даводзіцца ў сітуацыі, калі трэба выбіраць паміж адданасцю сваёй Музе і вялікім каханнем да Ганны. Спачатку ён прымае рашэнне на карысць служэнню высокаму мастацтву і расстаецца з дзяўчынай. У фінале апошняй рэдакцыі паэмы Сымон, пасталелы, моцны духам, ужо не бачыць ніякай супярэчнасці паміж натхненнем і каханнем. Сілаю свайго таленту ён выратоўвае Ганну, якая не перажыла ростані з мілым і страціла розум. Сваім граннем на скрыпцы Сымон абуджае любую ад цяжкага сну, вяртае да сэнсоўнага і шчаслівага жыцця. Ганна – вобраз выразна персаніфікаваны. Яна абраная ў жыццёвыя спадарожніцы Музыкі невыпадкова. У вобразе дзяўчыны, жанчыны, маці, сіраціны ў беларускай літаратуры традыцыйна ўвасабляецца вобраз самой Беларусі. Сувязь песняра, мастака з Радзімай такая ж моцная, як з любай жанчынай:

Мы разойдземся. Дарогі
Нашы розна пабягуць:
Поміж намі ёсць парогі.
І нам іх не абмінуць.
Мы, Гануся, – каляіны
Адной скрыпкі дзве струны –
Іх аднакі скрозь пуціны,
Ды не сходзяцца яны…


   Трылогія "На ростанях". Якуба Коласа з часоў настаўніцтва цікавілі вобразы народнай інтэлігенцыі, беларускіх адраджэнцаў. Андрэй Лабановіч, герой трылогіі "На ростанях" (ч.1 1922; ч.2 1927; ч.3 1954), і ёсць той сейбіт, які выйшаў на беларускую ніву, каб сеяць у душах людзей новыя ідэі. Але перш чым сеяць, ён павінен быў разабрацца ў самім сабе, адказаць на пытанне, "дзеля чаго жыве чалавек". Рэч не толькі ў яго ўзросце, але і ў тым, што маладая нацыя беларусаў сутыкнулася з праблемамі, якія суседнія нацыі ўжо вырашылі. Да ўсяго, сучаснікаў Лабановіча на зломе эпохі мучыла "жэрабя фатальнай таямніцы". Таму маладога настаўніка цікавяць творы такіх выразнікаў раздвоенай свядомасці, як Дастаеўскі, Надсан, Ібсен, Ніцшэ, расійскія сімвалісты. Папярэдняе "хаджэнне ў народ" не прынесла вынікаў, на якія разлічвалі "народнікі". А праграма дзеяння Лабановіча – тыпова "народніцкая", "асветніцкая".
   Маладога настаўніка ратуе яго душэўнае здароўе, давер да людзей, любоў да роднага краю, захапленне паэзіяй, каханне да Ядвісі Баранкевіч, "дзікай кветкі Палесся". Яго вабяць да сябе жыццёвыя прасторы, шчодрыя абяцанні кахання, творчасці, шчасця. Усё, што з ім адбываецца, успрымаецца героем як наканаванне, якое мусіш адолець, каб выйсці на вышэйшы ўзровень маральнага самаўдасканалення. Лабановіч з захапленнем вучонага-натураліста вывучае экзатычную прыроду Палесся, характары палешукоў, жаночыя тыпы, норавы "панямонскай інтэлігенцыі". Жыццё і свет для Лабановіча – найперш раскрытая кніга, якую трэба ўмець чытаць. Развага над экзістэнцыяльнымі праблемамі прыводзіць яго да вываду: сэнсам жыцця павінна стаць абуджэнне "забытага Богам" краю ад вечнага сну і адраджэнне ў народзе нацыянальнай самасвядомасці. Гэта праграма яго працы ў школе, у вёсцы Цельшына, у мястэчку Мікуцічы, у Вільні, дзе ён трапляе ў самую гушчу ідэалагічных дыскусій і адраджэнскіх настрояў. Д’ябальскія спакусы (гарэлка, карты, грошы, дабрабыт, таннае каханне, кар’ера), якія праходзілі яго літаратурныя папярэднікі (у творах Гётэ, Бальзака, Пушкіна, Дастаеўскага), шчасліва адольваюцца Лабановічам, бо ён хутка распазнае ў гэтым "павольнае ўміранне душы" і "зацягванне балотам". "Таемная і страшная бясконцасць блукання па свеце" і "парыванне душы разбіць нейкія граніцы" урэшце выводзяць нацыянальную інтэлігенцыю на "беларускі шлях", які ёсць увасабленнем беларускай нацыянальнай ідэі..

   Колас за савецкім часам. У кароткі перыяд "беларусізацыі" Якуб Колас паспеў завяршыць амаль усе свае самыя значныя творы: напісаў некалькі выдатных па думцы, паводле гуманістычнага пафасу і мастацкага майстэрства апавяданняў ("Сяргей Карага", 1923; "Крывавы вір", 1923; "Балаховец", 1929) і аповесцяў ("На прасторах жыцця", 1926; "Дрыгва", 1933). Сама прысутнасць яго ў літаратуры савецкага перыяду ратавала беларусаў ад канчатковай дэнацыяналізацыі і дэградацыі.
   Паэтычная творчасць Якуба Коласа няблага прадстаўленая і ў перакладах на расійскую (Сяргей Гарадзецкі, Аляксандр Твардоўскі, Сямён Кірсанаў, Міхаіл Зянкевіч, Валянцін Тарас і інш.), іспанскую (Карлас Шэрман), польскую (Ян Гушча, Чэслаў Сэнюх, Адам Паморскі), украінскую (Максім Рыльскі, Паўло Тычына, Валерый Стралко) ды іншыя мовы.


Крыніца: Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Словы ў часе. Літаратура ад рамантызму да сімвалізму і нашаніўскага адраджэння. Санкт-Пецярбург, 2014

 

Похожие статьи:

Аляксей ПысінТворчасць Аляксея Пысіна

Анатоль ВялюгінТворчасць Анатоля Вялюгіна

Міхась КавыльЖыццёвы і творчы шлях Міхася Кавыля

Яўгенія ЯнішчыцТворчасць Яўгеніі Янішчыц

Янка ЗолакТворчасць Янкі Золака