Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Ядвігін Ш. - Сабачча служба
Увага!!! Поўны змест
Чуў я (а мо і вы чулі) не раз, як іншыя кажуць: "Паганая тая служба – сабачча служба". Чуў – і думаў сабе: што за такая служба? Сабацы – пэўне, што і сабачча служба, а і то не паганая, бо і сабака найлепшы прыяцель чалавека і найвярнейшы з яго служака гаспадара. Але каб службу чалавека назваць паганай, сабачай – ніколі неяк не мог я даць веры. Можа быць служба цяжкая, вельмі цяжкая, але не паганая, бо ніякая праца не ганьбіць чалавека.
Але неяк давялося мне раз быць у горадзе. Заначаваў у кума. Раніцай выйшлі на вуліцу, стаім каля брамы, гамонім... Ажно ляціць колькі падросткаў, адзін і сталы лынды распусціў, за імі дзеці – і ўсе цюкаюць, свішчуць! Дзе каторы спанатрыць якога беднага сабаку, то так уляжа за ім, што толькі пяты міргацяць... Гляджу, вочы вылупіўшы, дый нічога не разумею! Ажно бачу, сунецца воз – не воз, катух – не катух, быццам велізарная жалезная клетка; на клетцы гэтай сядзіць дзяцюк – коніка паганяе, двух абапал падросткаў таксама прычапілася на гэтай клетцы з вялікімі, як вуды, пугамі, а ў клетцы гэтай сабакі сядзяць – мусіць, з дзесятак які – і малых, і вялікіх – усялякай масці, дый ззаду клеткі бяжыць яшчэ адзін невялікі кудлаты сабака.
– Што гэта, братка? – пытаю кума.
– Гіцлі, – кажа, – што ловяць валацугаў-сабак, а гэта грамада, што паперадзе з крыкам ляцела – от, людзі як людзі – заўсягды нешта добрае ў сэрцы сядзіць, дык і разганяюць сабак, каб не папаліся ў гіцлевы лапы.
– А гэты ж – задні, – пытаю, – чаму на свабодзе?
– Эгэ, – кажа кум, – ён самы важнейшы ў гіцляў: гэта правакатар. Бяжыць ён, значыцца, па вуліцы дый знаёмства заводзіць з сваім братам: угледзіць каторага, зараз да яго – з аднаго боку зайдзе – нюх, з другога – нюх, хвосцікам на ўсе бакі віль-віль, а той ужо і рад новаму сваяку – і язык высалупіць. Тут і тыц і гіцлі на новага сябра з гэтымі пугамі дый у жалезную клетачку!.. А той кудлаты юда – як бы і нічога: хвост толькі зноў крапчэй падцісне, морду ўніз апусціць дый ізноў бяжыць далей, насцеражыўшы вушы, лыпаючы з-пад лоба вачмі, шукаць новай ахвяры...
Ну, браткі, вось гэта служба дык служба: праўда, што паганая, мусіць, мала і сабак знойдзецца на такую службу!
1909
Похожие статьи:
Ядвігін Ш → Ядвігін Ш. - Дуб-дзядуля - ГДЗ
Ядвігін Ш → Ядвігін Ш. - Антон Іванавіч Лявіцкі
Ядвігін Ш → Ядвігін Ш. - Бярозка - ГДЗ