Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ядвіга Бяганская - Чаму пачырванеў Вадзік?

Увага!!! Поўны змест

   У класе ціха, ціха. У другакласнікаў урок малявання. Учора яны хадзілі з настаўніцай у лес, а сёння Ніна Пятроўна сказала, каб кожны намаляваў тое, што яму найбольш спадабалася ў лесе.
   Вадзіку спадабаўся грыб-мухамор. Ён стаяў пад дрэвам у вялікім чырвоным капелюшы.
   А Вадзікава суседка Верачка намалявала рабіну і цяпер прыбірае яе ў чырвоныя каралі. Яна так захапілася работай, што нават высунула кончык языка. Але вось бяда: не паспела Верачка намаляваць і паловы караляў, як раптам – трах! – зламаўся яе чырвоны аловак.
   – Вадзік, дай мне сваю тачылку, у мяне аловак зламаўся, – папрасіла Верачка свайго суседа.
   – А дзе твая? – строга запытаў Вадзік.
   – У мяне няма.
   – Чаму ж ты мне пра гэта ўчора не сказала? Я б табе сваю старую тачылку прынёс. Яна крыху ступілася, але аловак яшчэ затачыць можна. Заўтра я табе яе прынясу.
   – Мне трэба зараз, а не заўтра, – пакрыўдзілася Верачка.
   – А дзе ж я табе зараз яе вазьму? Яна ж у мяне дома засталася.
   – Дык у цябе ж вунь новая тачылка ляжыць, – сказала Верачка.
   – Э, не! – пакруціў галавой Вадзік. – Новую я табе не дам. Калі я пачну яе ўсім даваць, дык яна хутка ступіцца, – і ён схаваў тачылку ў пенал.
   – Жмінда! – сказала Верачка і заплакала.
   – Верачка, чаго ты плачаш? – запыталася настаўніца.
   – Мой чырвоны аловак зламаўся... Чым жа я цяпер ягадкі намалюю на сваёй рабіне? – усхліпнула Верачка.
   Настаўніца абвяла вачыма прыціхлы клас і запытала:
   – Дзеці, хто можа даць Верачцы свой чырвоны аловак?
   I не паспела яна сказаць гэта, як да Верачкі з усіх бакоў пацягнуліся рукі з алоўкамі. Кожны хацеў дапамагчы Верачцы.
   Толькі адзін Вадзік нібы нічога не чуў і не бачыў. Ён нізка схіліўся над сваім сшыткам, а вушы яго раптам зрабіліся чырвоныя-чырвоныя.

Похожие статьи:

Ядвіга БяганскаяЯдвіга Бяганская - Новенькая

Ядвіга БяганскаяЯдвіга Бяганская - Пра казачных чалавечкаў

БиографииЯдвіга Бяганская

Ядвіга БяганскаяЯдвіга Бяганская - Міколкава ялінка

Ядвіга БяганскаяЯдвіга Бяганская - Сланечнікі