Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Ядвіга Бяганская - Сланечнікі

Увага!!! Поўны змест

 

   Жэнік увесь дзень чым-небудзь заняты. То ён дапамагае маме і бабулі на кухні, то разам з братам майструе што-небудзь, то з дзедам у садзе корпаецца.
   – Гультаям сумна жыць на свеце,– часта кажа бабуля.
   I гэта праўда. Жэня сам ведае: варта яму нейкі час застацца без работы, і адразу робіцца сумна. Тады ён пачынае хадзіць з пакоя ў пакой і надакучаць:
   – Ну дайце мне якую-небудзь работу! Ну што мне рабіць?
   I, баючыся, каб мама не сказала заняцца кубікамі або якой-небудзь гульнёй, ён тут жа дадае:
   – Я хачу табе дапамагаць. А дапамагаць ён любіў.
   Ды гэта і зразумела: дапамагаючы дарослым, можна даведацца столькі цікавага!
   Увесну, калі бабуля з мамай рабілі градкі, Жэнік пачаў прасіць:
   – Бабулька, я хачу зрабіць сабе градку. Можна, бабуля?
   Ну як тут не дазволіць хлопчыку, калі ён так просіцца, так ласкава зазірае ў вочы?
   Хутка ў Жэніка з'явіліся і рыдлёўка, і граблі, і палівачка. Рыдлёўку і палівачку мама купіла ў магазіне, а граблі зрабіў сам дзед.
   Градку дапамагаў капаць старэйшы брат, Уладзік. Хлопчыкі слухаліся бабулю і стараліся рабіць усё так, як раіла яна.
   Калі градка была гатова, пачалася сяўба.
   Жэніку хацелася, каб на яго градцы было ўсё, што сеяла бабуля на вялікіх градах. Але, параіўшыся, браты вырашылі, што для ўсяго не хопіць месца, і таму пасеялі толькі салодкі гарошак, моркву, рэпку і мак. А па краях градкі пасадзілі сланечнікі.
   Першым на градцы ўзышоў гарох. Следам за ім вылезлі з зямлі сланечнікі, за сланечнікам – рэпка, морква і мак.
   Хлопчыкі вельмі старанна даглядалі свае пасевы. Асабліва Жэнік. Уладзік, дык той, бывала, пойдзе з сябрамі рыбу лавіць або суніцы збіраць і забудзецца на градку. А Жэнік увесь дзень ля яе пахаджвае: то пустазеліну якую вырве, то яшчэ раз палье раслінкі.
   – Паглядзі, Уладзік, як няроўна яны растуць,– сказаў аднойчы Жэнік.– Рэпка з моркваю растуць паволі, а гарох, мак і сланечнік вунь якія ўжо.
   – Яны, відаць, навыперадкі стараюцца – хто каго абгоніць,– пажартаваў Уладзік.
   Зацвіў нарэшце на градцы вусаты гарох, а неўзабаве распусціліся белыя і ружовыя макі. Над кветкамі з ранку да вечара ляталі матылькі, весела гулі працавітыя залатыя пчолкі. Жэнік з цікавасцю назіраў, як пчолы залазілі глыбока ў кветачкі і, усміхаючыся, падганяў іх:
   – Спяшайцеся, спяшайцеся, бо хутка зойдзе сонца і кветкі заплюшчаць на ноч свае вочкі.
   Але больш за ўсё хлопчыку падабаліся сланечнікі. Яны так спяшаліся расці, што хутка перараслі самога Жэніка.
   – Яны ўсіх перарастуць,– казала бабуля.
   – I маму? – недаверліва пытаўся хлопчык.
   – I маму і тату,– усміхалася бабуля. Мінуў некаторы час, і Жэнік сам пераканаўся, што бабуля гаварыла праўду.
   – Тата стань побач з маім сланечнікам,– папрасіў аднаго разу Жэнік.
   Тата падышоў да сланечніка. I што ж вы думаеце? Сланечнік быў куды вышэйшы за тату!
   – Хутка яны да самага неба дарастуць,– смяяўся Уладзік.
   Да неба сланечнікі, вядома, не дацягнуліся, але выраслі высачэзныя. А потым зацвілі. Кветкі ў іх былі ярка-жоўтыя і, мусіць, большыя за татаў саламяны капялюш.
   – А ведаеце, унучкі, чаму яны сланечнікамі называюцца? – сказала аднойчы бабуля.
   – Чаму? – у адзін голас запыталі браты.
   – Бо яны самі, нібы сонца. Бачыце, якія агністыя іх праменні-пялёсткі. I няўжо вы дагэтуль не заўважылі, што сланечнік заўсёды паварочвае свой тварык да сонца.
   Непрыкметна мінула квяцістае цёплае лета. На гародзе ўсё пачало даспяваць. Даспелі і Жэневы сланечнікі. I тады на градку пачалі прылятаць вераб'і. Яны зляталіся цэлымі чародкамі, садзіліся на сланечнікі і спрытна выдзёўбвалі з іх пукатыя буйныя зярняты. Але хлопчыкі не крыўдзіліся на птушак. На кожным сланечніку была такая безліч зярнят, што іх хапіла і птушкам, і Уладзіку, і Жэніку з сябрамі.
   А самы вялікі сланечнік хлопчыкі занеслі на школьную выстаўку. Ён яшчэ і цяпер там красуецца.