Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Ядвіга Бяганская - Петрусёў гадаванец
Увага!!! Поўны змест
Неяк пад весну знаёмы ляснік дзядзька Вінцусь прынёс Петрусю маленькае зайчанятка.
– Гадуй яго, Пятрусь, – сказаў дзядзька Вінцусь. – Маці яго задушыў сабака. А ў лесе яшчэ холадна і голадна, загіне небарака.
Дзядзька Вінцусь часта прыносіў Петрусю жыхароў лесу, што трапілі ў бяду. I Пятрусь выходжваў іх, а пасля выпускаў на волю. Ён з радасцю ўзяў падарунак лесніка і пабег па клетку, у якой перад гэтым жыла кульгавая сарока. Яе таксама мінулым летам прынёс дзядзька Вінцусь. У сарокі была зламана ножка. Пятрусь з мамай узялі ножку ў лубкі і гадавалі сароку, пакуль яна не паправілася.
– Цеснавата табе будзе ў гэтай клетцы, – сказаў Пятрусь свайму новаму гадаванцу, – але тут цябе ніхто не пакрыўдзіць. Як-небудзь дажывеш да цяпла, а там – на волю, у лес.
Гадаваў Пятрусь зайчаня паводле ўсіх правілаў. Усяго ў яго было ўдосталь – І ежы рознай, І вады. I подсціл заўсёды свежы – жменька сухога духмянага сена. Адно толькі засмучала і крыўдзіла Петруся: зайчанятка дзічылася хлопчыка, баялася яго. Пры ім яно ніколі не дакраналася да ежы, сядзела, забіўшыся ў куточак клеткі.
– Які ж ты няўдзячны. Я пра цябе клапачуся, шкадую цябе, а ты мне не верыш, – дакараў свайго гадаванца Пятрусь.
I вось нарэшце прыйшла вясна. Забулькалі вясёлыя ручаінкі, зазелянела на праталінах траўка, вылупіліся з пупышкаў на дрэвах першыя лісцікі, абазваўся ў небе жаваранак.
– Вынесу я свайго малога ў сад. Хай падыхае свежым паветрам, пагрэецца на сонейку, – вырашыў неяк Пятрусь.
Вынес ён з дому клетку, паставіў яе каля ганка, а сам пабег на агарод пашукаць якога смачнага карэньчыка або зелля. На градах яму пашанцавала сёе-тое знайсці. «Вось будзе рады малы», – думаў Пятрусь, вяртаючыся з агарода. Але што гэта? Клетка каля ганка стаіць, а зайчаняці няма. Відаць, Пятрусь дрэнна зачыніў дзверцы, і зайчанятка вырвалася на волю. Пятрусь ледзь не плакаў ад гора.
– Ён жа яшчэ зусім малы, ды і карміцца зараз у лесе не вельмі ёсць чым. Зайка дурненькі... – жаліўся хлопчык.
– Не бядуй, сынку. Цяпер ужо не загіне. Падрос ён, вясна на дварэ. Знойдзе сабе спажыву, – суцяшала Петруся мама.
А зайчанятка і сапраўды не загінула. Неяк улетку, калі на градах завязаліся ўжо ладныя качаны капусты, Пятрусь убачыў сярод іх зайца, які латашыў сакавітае лісце. Па блакітнай стужачцы, якую ён у свой час завязаў на шыі зайчаняці, ён пазнаў свайго гадаванца і быў вельмі рады, што ён жывы і здаровы.
Похожие статьи:
Аляксей Якімовіч → Аляксей Якімовіч - Вось дык суседзі!
Алесь Якімовіч → Алесь Якімовіч - Казка пра смелага вожыка
Яўген Крупенька → Яўген Крупенька - Зайка, дзе, скажы, твой дом