Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ядвіга Бяганская - Мамін гальштук

Увага!!! Поўны змест

   Як хутка бяжыць час! Здаецца, яшчэ зусім нядаўна да бялюткага фартушка Зосі была прышпілена маленькая акцябрацкая зорачка, а сёння яна ўжо піянерка.
   А вось і родная, змалку знаёмая вуліца. Зося шырэй расхінае паліто, каб кожны здалёк мог убачыць яе піянерскі гальштук.
   – Віншую цябе, дачушка, – усміхаецца мама, расчыняючы перад Зосяй дзверы.
   Зося скідае паліто, спяшаецца да вялікага люстра, што вісіць на сцяне, і доўга глядзіцца ў яго.
   – Мамачка, а ты была піянеркай? – пытае раптам Зося.
   – А як жа, дачушка, вядома, была, – усміхаецца мама.
   – І гальштук вось такі насіла?
   – І гальштук насіла, – адказвае мама. – Праўда, ён быў не такі прыгожы, як твой, але я захоўваю яго як самую дарагую памятку свайго дзяцінства.
   – Ой, мамачка, а можна мне паглядзець на твой гальштук? – просіць Зося.
   – А чаму ж нельга, дачушка!
   Мама дастае з шафы скрутачак, беражна разгортвае яго і садзіцца ў крэсла. Прымошчваецца побач з мамай і Зося.
   – Вось ён, мой піянерскі гальштук, – гаворыць мама, распраўляючы на каленях трохкутнік рудай, выгаралай ад сонца тканіны.
   – Ой, які ж ён... – Зося хацела сказаць «непрыгожы», але стрымалася, каб не пакрыўдзіць мамы.
   – Ты хацела сказаць «непрыгожы», праўда, дачушка? – нібы чытаючы думкі Зосі, запытала мама.
   Зося пачырванела і моўчкі кіўнула галавой.
   – Гэта праўда, – працягвала тым часам мама. – Але ў гальштука гэтага не зусім звычайная гісторыя. Аб ёй я і хачу расказаць табе сёння...
   Мама села выгадней, прыгарнула да сябе Зосю і пачала свой расказ:
   – Гэта было, дачушка, у гады Вялікай Айчыннай вайны. Наша вёска стаяла непадалёк ад граніцы. У першы ж дзень вайны яе захапілі гітлераўцы. Не паспелі мы добра ўцяміць, што здарылася, як на вуліцы з'явіліся фашысты і пачалі чыніць сваю жорсткую расправу. Бацьку майго – сакратара калгаснай партыйнай арганізацыі – расстралялі за тое, што ён адмовіўся назваць імёны камуністаў, а нас з мамай зачынілі ў хаце і падпалілі яе з усіх чатырох кутоў. На шчасце наша, у сенцах быў пограб, у якім мы схаваліся і прасядзелі аж да самага вечара. Калі мы вылезлі з пограба, дык ад хаты нашай засталася толькі печ, некалькі датляваючых бярвенняў ды груда гарачага попелу. І не адных нас напаткала гэткае гора. Уся вёска была ў агні і папялішчах. Жахлівы гэта быў вечар. Галашэнне кабет і плач дзяцей зліваліся са стралянінай і незнаёмай варожай гаворкай, падобнай на злосную лаянку. Зрабіўшы сваю агідную справу, немцы рушылі далей, у суседнюю вёску. Вось тады і прыйшоў да нас дырэктар нашай школы Апанас Фёдаравіч Паддубны, якому пашчасціла ў гэтую ноч заначаваць на леснічоўцы ў свайго бацькі. Сабраў ён усіх каля клуба і сказаў:
   – Ну, людцы добрыя, плакаць ды чакаць, пакуль гэтыя бандыты ізноў вернуцца сюды, няма чаго. Збірайце хуценька свае манаткі ды пойдзем у лес, за Чорнае возера. Там і будзем думаць, як нам жыць далей.
   Усю ноч ішлі мы лясною чашчобай ды балатамі. А раніцай, калі першыя праменні сонца рассыпаліся срэбнымі пырскамі па травах і лісці, Апанас Фёдаравіч спыніў людзей.
   – Вось тут мы і будзем жыць цяпер, – сказаў ён, зняўшы шапку і абціраючы хусцінкай свой узмакрэлы лоб.
   Прайшло колькі дзён, і сярод лесу, пад старымі вялізнымі соснамі ды елкамі, вырас наш партызанскі лагер. Высока над лесам лёталі фашысцкія самалёты, у навакольных гарадах і вёсках гаспадарылі фашысты, а тут, у гушчары лесу, пад аховай волатаў-елак жыла наша родная Савецкая ўлада, жылі савецкія людзі. І не проста жылі і чакалі, калі скончыцца гэтая праклятая вайна, а бясстрашна змагаліся з ворагам.
   Нялёгка жылося нам у партызанскім лагеры, дачушка. Цяжка было з харчаваннем, з вопраткай, з медыкаментамі. Улетку было яшчэ паўбяды, а зімой і зусім дрэнна. Асабліва яна давалася ў знакі нам, дзецям. Хацелася бегаць у школу, хадзіць на лыжах, гуляць у снежкі, а тут сядзі босы ды голы ў цёмнай сырой зямлянцы ды чакай, пакуль прыйдзе тая вясна.
   Доўга цягнулася наша першая партызанская зіма. Ой, як доўга! Затое як жа радаваліся мы, калі на лясных праталінках з'явіліся першыя веснавыя праталінкі, якім вясёлым дружным «ура!» віталі першую чараду гусей, што плыла над лесам! У лесе было яшчэ багата снегу, калі мы пакінулі свае змрочныя зямлянкі і высыпалі дружна на сонейка. З кожным днём рабілася ўсё цяплей і цяплей. Лес ажываў, напаўняўся птушыным гоманам, вясёлым веснавым шумам.
   – Ну, жэўжыкі, хутка пойдзеце ў школу, – сказаў аднойчы Апанас Фёдаравіч.
   Мы ажно раты разявілі ад гэтай навіны. Глядзім на Апанаса Фёдаравіча і не ведаем, ці то ён праўду кажа, ці жартуе з нас.
   – Ну чаго вы глядзіце на мяне? Вось падсохне крыху, і пачнём будаваць школу, – дадаў ён.
   І тут усе адразу абступілі яго, зашумелі, загаманілі. На другі дзень мы разам з настаўнікамі, якіх таксама ў лагеры было нямала, пачалі будаваць школу.
   – А колькі паверхаў было ў вашай школе? – запытала Зося.
   – Якія там паверхі, дачушка. Пад разложыстым волатам-дубам мы расчысцілі пляцоўку, абнеслі яе агароджай з тонкіх бярозавых бярвенняў, зверху на жэрдкі накідалі яловых лапак, і школа была гатова. Замест партаў наш калгасны сталяр дзядзька Сцяпан зрабіў доўгія сталы і лаўкі. Адным словам, праз якія дні тры мы пачалі займацца.
   Пісалі мы на самаробных, зробленых з нейкіх нямецкіх бланкаў, сшытках, а то і проста на бяросце. Кожны аловак дзялілі на двух вучняў і бераглі, як самую вялікую каштоўнасць.
   Партызаны вельмі клапаціліся аб нашай школе і, чым толькі маглі, дапамагалі ёй. Вяртаючыся з задання, яны часта прыносілі нам паперу, алоўкі, кніжкі і нават крэйду. Ды і мы не заставаліся ў даўгу: вучыліся ўсе вельмі старанна. Непаспяваючых і гультаёў сярод нас не было. У канцы кожнага месяца да нас у школу заходзіў Апанас Фёдаравіч, і мы рабілі падрабязную справаздачу аб нашай вучобе, аб нашых школьных справах.
   Напярэдадні свята Вялікага Кастрычніка многія з нас рыхтаваліся ўступіць у піянеры. Рыхтавалася да гэтай урачыстай падзеі і я. І ўсё ў нас ішло добра, адно толькі трывожыла: дзе ўзяць піянерскія гальштукі. З гэтым клопатам мы і пайшлі да камандзіра атрада. Апанас Фёдаравіч выслухаў нас, падумаў хвіліну і сказаў:
   – Не бядуйце, што-небудзь прыдумаем. Гальштукі ў вас будуць.
   А назаўтра партызаны прынеслі ў школу трафейны парашут.
   – Дык ён жа не чырвоны, а белы, – заўважыла Зося.
   – І мы тое самае сказалі, калі ўбачылі парашут. А адзін з партызанаў, ведаеш, што нам на гэта адказаў? «На тое вы і піянеры, каб зрабіць яго чырвоным. У лесе фарбаў багата».
   – І вы знайшлі яе, гэтую фарбу?
   – Вядома, знайшлі. Падарыла нам яе крушына. Надралі мы з яе кары, наварылі і пафарбавалі свае гальштукі. Праўда, атрымаліся яны, як бачыш, не зусім чырвоныя, але гэта нас ніколькі не бянтэжыла. Раніцай сёмага лістапада ўсім партызанскім лагерам мы сабраліся на святочны мітынг, а пасля яго давалі ўрачыстае абяцанне. Вось тады Апанас Фёдаравіч Паддубны і павязаў мне на шыю гэты гальштук. З ім я не расставалася ўсю вайну і зняла толькі тады, калі ў 1945 годзе ўступіла ў камсамол. А зараз я дару яго табе, дачушка. Хай ён напамінае табе аб маім партызанскім дзяцінстве, аб мужных і высакародных людзях – партызанах.
   – Дзякую табе, мамачка, за твой падарунак. Я пакажу яго ўсім нашым піянерам і раскажу ім пра тваю партызанскую школу.
   Зося беражна ўзяла ў рукі мамін гальштук, прытулілася да яго тварам, і ёй здалося, што ў пакоі раптам запахла лесам, кастрамі і свежымі ранішнімі росамі.

 

Похожие статьи:

ПераказыМама

ПераказыУрокі жыцця

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Мама

Алесь БачылаАлесь Бачыла - Мама

ПераказыСпасцігаю мудрасць маміных урокаў