Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ядвіга Бяганская - Дзе начавалі рукавічкі

Увага!!! Поўны змест

   Уночы выпаў снег. Ён заслаў зямлю і дахі дамоў бялюткім чыстым абрусам, надзеў на слупкі парканаў высокія пушыстыя шапкі, засыпаў кусты і кветнікі.
   Глянула Ірынка ў акно і не пазнала свайго двара, такі ён святочны, такі прыгожы.
   А вось і сябры яе – Юра, Надзейка, Віця. Бегаюць, смяюцца, снежкамі кідаюцца. Убачылі, што Ірынка праз акно глядзіць, падбеглі і клічуць:
   – Ірынка, ідзі да нас, будзем снежную бабу ляпіць.
   I Шарык кліча сваю гаспадыню. Ён глядзіць на яе і весела, звонка брэша.
   – Іду! – крычыць праз акно Ірынка і бяжыць апранацца.
   Многа насыпала снегу за ноч. Добрую бабу можна    зляпіць. Скачалі дзеці вялізны снежны шар, паставілі яго сярод двара ды ўзяліся другі рабіць. Зрабілі другі, крыху меншы, І паставілі яго на той першы.
   – Тулава ёсць, – сказаў Юра. – Будзем галаву рабіць.
   Скачалі дзеці са снегу трэці, яшчэ меншы шар і паклалі на самы верх.
   – А цяпер трэба зрабіць нашай снежнай бабе вочы, нос і рот, – сказала Надзейка.
   Пакорпаўся Юра ў адной кішэні, пакорпаўся ў другой і знайшоў дзве новенькія гайкі, якія яму пашчасціла атрымаць на аўтазаводзе, калі іх клас на экскурсію туды хадзіў. Уставіў Юра снежнай бабе замест вачэй гайкі. Цудоўныя вочы атрымаліся. А там, дзе павінен быць нос, уторкнулі бабе таўшчэзную моркву.
   Прыгожая выйшла баба, вясёлая. Да самага абеду гулялі каля яе дзеці, прыхарошвалі, падпраўлялі.
   А калі пачалі разыходзіцца, Ірынка раптам успомніла пра свае рукавічкі і ўсклікнула:
   – Ой, а дзе ж мае рукавічкі! Я іх вось тут, каля гэтага слупка, паклала, калі бабу пачалі ляпіць.
   – Зараз знойдзем твае рукавічкі, – сказала Надзейка. – Нікуды яны не дзенуцца.
   Доўга шукалі дзеці Ірыны рукавічкі, ды так і не знайшлі.
   – Мае рукавічкі... Іх мне бабуля ўвосень звязала... Гэта яе апошні падарунак... – плакала Ірынка. – Я так любіла іх, так берагла... Няма ў мяне больш бабулі і рукавічак яе няма...
   Шкада было дзецям Ірынку, пасмутнелі яны, прыціхлі. I рады б дапамагчы сяброўцы, знайсці яе рукавічкі, ды дзе іх шукаць – не ведаюць.
   Пад вечар дзеці зноў выбеглі пагуляць. Выйшла на двор і Ірынка. Толькі было ёй зусім нявесела. Хадзіла яна па двары, ва ўсе куточкі зазірала, рукавічкі свае шукала.
   – I куды яны маглі падзецца? – уздыхала дзяўчынка. – Можа, іх снежная баба схавала?
   Сцямнела. У вокнах засвяціліся агеньчыкі. Апусцеў і прыціх двор. Засталася снежная баба адна.
   Уночы пацяплела. А пад раніцу прайшоў дождж, і ад снежнай бабы застаўся толькі невялічкі грудок снегу, а на ім... чырвоныя Ірыны рукавічкі. Відаць, не заўважылі іх дзеці ды закачалі ў адзін з тых шароў, з якіх рабілі снежную бабу.
   Прачнулася раніцай Ірынка, глянула праз акно і вачам сваім не паверыла.
   – Рукавічкі? Бабуліны рукавічкі! – радасна ўсклікнула яна і кінулася да дзвярэй.
   На дварэ свяціла сонейка, і ад учарашняга снегу толькі лужынкі адны засталіся. Відаць, ужо адышла пара ляжаць яму на двары.

Похожие статьи:

БиографииЯдвіга Бяганская

Ядвіга БяганскаяЯдвіга Бяганская - Пра казачных чалавечкаў

Ядвіга БяганскаяЯдвіга Бяганская - Сланечнікі

Ядвіга БяганскаяЯдвіга Бяганская - Новенькая

Ядвіга БяганскаяЯдвіга Бяганская - Міколкава ялінка