Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Ядвіга Бяганская - Антося
Увага!!! Поўны змест
Кожны дзень, ідучы ў школу, Антося сустракала каля магазіна побач са сваім домам старую з кійком бабульку. Часам яна ішла ў магазін, а іншы раз ужо вярталася адтуль, несучы пачак малака і два рагалікі.
Аднойчы Антося пазнаёмілася з бабуляй. Гэта было зімой. Звечара на дварэ пацяплела, снег пачаў раставаць, а ўночы ўзяўся мароз, і мокрыя тратуары пад раніцу сталі слізкія і бліскучыя, бы тое шкло. Бабуля ішла ў магазін паволі, ледзь перастаўляючы ногі. Яна штохвіліны спынялася, ухапіўшыся то за дрэва, то за мураваны выступ сцяны. «Трэба ёй памагчы, а то ўпадзе, пакалечыцца», – падумала Антося.
Яна падбегла да старой, узяла яе пад руку і асцярожна завяла ў магазін. Пачакаўшы, пакуль бабуля купляла малако і рагалікі, Антося пасля праводзіла яе дадому.
– Дзякуй табе, дзіцятка, – сказала старая, спыніўшыся ля свайго ганка. – Гэта ж такі галалёд, што і нагой ступіць нельга.
Развітаўшыся з бабуляй, Антося заспяшалася ў школу.
– Што ж гэта ты, Антося, спазнілася на заняткі? – дакорліва запытала настаўніца. – Ужо хутка ўрок скончыцца, а ты толькі з’явілася. Заспала, ці што?
– Я не заспала, – апусціўшы галаву, ледзь чутна прамовіла Антося. – Я... я... – і Антося заплакала.
– Што здарылася? – устрывожылася настаўніца. – Мо цябе пакрыўдзіў хто-небудзь?
Антося пакруціла галавой і, усхліпваючы, расказала, чаму яна спазнілася ў школу.
– Малайчына. Ты вельмі добра зрабіла, – пахваліла Антосю настаўніца. – А цяпер вытры слёзы і ідзі на месца.
На другі дзень Антося ўстала раней звычайнага і пачала хуценька апранацца.
– Чаго гэта ты, дачушка, так рана падхапілася? – здзівілася маці. Яна звычайна будзіла Антосю, калі адыходзіла на работу.
– А мне сёння трэба раней. Справа ў мяне ёсць, – сказала Антося. Яна дастала з партфеля свой маленькі кашалёк, вытрасла з яго на стол манеткі і пачала пералічваць іх.
– Ой, не хапае! – расчаравана ўсклікнула Антося і папрасіла: – Мамачка, дай мне восем капеек.
– А навошта табе яшчэ грошы, дачушка? – запытала мама.
I тады Антося расказала маме пра свае сустрэчы з бабуляй, а потым дадала:
– Ведаеш, мамачка, каб мне не бегчы зараз да яе па грошы, а пасля вяртацца ў магазін, я куплю ёй сёння малако і рагалікі за свае. А пасля бабуля верне доўг і будзе даваць мне грошы наперад. Я кожную раніцу буду купляць ёй малако і рагалікі. Настаўніца казала, што мы, акцябраты, павінны дапамагаць старым людзям. А яна ж яшчэ і кульгае.
Мама дала Антосі грошы, абняла яе і сказала:
– Малайчына, дачушка.
Антося хуценька апранулася, паснедала і, схапіўшы партфель з кніжкамі, выбегла з дому. Па дарозе яна купіла малако і рагалікі і пабегла да старой.
– Мілая мая дзяўчынка, чым жа мне аддзячыць за дабрату тваю, за тваё залатое сэрцайка? – прамовіла старая, беручы малако і рагалікі. – А я сёння ўжо і не збіралася ісці ў магазін. Дужа ж нага разбалелася. Скалечылі мяне, дзіцятка, у вайну фашысты...
Антося глядзела на прыгорбленыя плечы бабулі, на яе сівенькую галаву, і ёй так захацелася сказаць што-небудзь харошае, ласкавае.
– Я цяпер да вас кожны дзень буду прыходзіць, – паціху сказала Антося. – I Оля з Настачкай таксама. Мы і прыбіраць у вас будзем, і ў магазін хадзіць, і даглядаць вас. Вось сёння ж пасля ўрокаў прыйдзем да вас і аб усім дамовімся. А зараз мне на ўрокі пара, – сказала Антося і, развітаўшыся з бабуляй, пабегла ў школу.
Похожие статьи:
Ядвіга Бяганская → Ядвіга Бяганская - Міколкава ялінка
Ядвіга Бяганская → Ядвіга Бяганская - Новенькая
Ядвіга Бяганская → Ядвіга Бяганская - Сланечнікі
Ядвіга Бяганская → Ядвіга Бяганская - Пра казачных чалавечкаў