Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Творчасць Элізы Ажэшкі

   Прырода — той навакольны свет, без якога немагчыма ўявіць жыццё чалавека, яго думкі і пачуцці. Вядомы рускі літаратар Міхаіл Прышвін пісаў: "Каб разумець прыроду, трэба быць вельмі блізкім да чалавека, і тады прырода будзе люстэркам, таму што чалавек змяшчае ў сабе ўсю прыроду'. Пісьменнік бадай што, як ніхто іншы, блізкі і вельмі чуйны да чалавечай душы і псіхалогіі. Прырода — неба і зямля, рэкі і азёры, кветкі і птушкі, і разам з тым яна бачыцца як штосьці большае: "гэта, — паводле таго ж М. Прышвіна, — Радзіма, дом наш". Прырода наднёманскага краю стала для пісьменніцы Элізы Ажэшкі (1841-1910) дарагім сэрцу домам і Радзімай, тым улоннем непаўторнага і таямнічага хараства, якое глыбока запаланіла яе ўражлівую і паэтычную натуру.
   Жыццё Элізы Ажэшкі прайшло ў думках і хваляваннях пра лёс бацькаўшчыны і яе люду. Яна была мужнай, высакароднай і непакорлівай асобай, загартаванай нацыянальна-вызваленчым рухам 1863-1864 гг. Уся яе свядомая літаратурная дзейнасць сталася мастацкім пазнаннем і адкрыццём беларускага жыцця і побыту, народнага менталітэту і духоўных традыцый, выяўленнем любові да бацькоўскай зямлі, навакольнай прыроды і да ўсяго роднага і крэўнага. Эліза Ажэшка ў асэнсаванні сацыяльнай рэчаіснасці, даследаванні чалавека, праблем агульнанароднага быцця прытрымлівалася дэмакратычных і маральна-гуманістычных поглядаў, яна выдатна паказала, што духоўная свабода, прыгажосць асобы, яе еднасць з Богам, прыродай і людзьмі здольныя перайначыць свет, зрабіць яго больш гарманічным, суладным і напоўніць прасветленай радасцю існавання.
   Беларускі горад Гродна, яго ваколіцы і прынямонскія краявіды глыбока ўвайшлі ў сэрца пісьменніцы, і гэтыя свае адчуванні роднага пейзажу яна цудоўна выявіла і перадала сваім чытачам. Асабліва блізкія гэтыя прыродаапісанні былі для тых, хто нарадзіўся ў беларускім краі. Адзін з сучаснікаў Э. Ажэшкі, літаратуразнаўца і зямляк Марян Здзяхоўскі, захоплена адгукнуўся пра яе талент пейзажыста, адчуў у карцінах і малюнках прыроды, поўных замілавання і паэтызацыі, натуральную моц і арганічнасць выказаных пачуццяў. Ён пісаў пра Элізу Ажэшку, што "ўсёй душой палюбіла яна родную літоўска-наднёманскую прыроду, ва ўсіх яе вялікіх і малых праявах, яе неба і паветра, яе травы і кветкі, урэшце людзей і іхнія цноты". Прырода роднага краю зрабілася для яе чулай маці, якая асабліва спагадала і лекавала тады, калі на душы было сумна і адзінока. Слушна заўважае даследчыца творчасці пісьменніцы В. Гапава, што "беларуская зямля шчодра дарыла яе таленту радасці і пакуты, суцяшала яе задуменнай, ціхай пяшчотай нёманскай прыроды...". Прырода, можна сказаць без перабольшання, рабіла з Элізы Ажэшкі пісьменніцу, мастака слова: яна натхняла і падказвала штосьці сугучнае стану душы, зачароўвала і вучыла назіральнасці, адчуванню прыгожага, мудрасці. Нёман, наднёманскія ландшафты і краявіды, беларуская флора — гэта ўсё тое, што сфармавала ў душы і мастацкай свядомасці Э. Ажэшкі пачуццё крэўнай пародненасці з роднай старонкай.
   Беларуская прырода была для пісьменніцы цікавай кнігай, якую яна спазнавала і чароўным дзівоцтвам якой захаплялася падчас вандровак па Гродзеншчыне. Наогул Э. Ажэшку цікавіла ўсё, што звязана з духоўным жыццём і побытам беларусаў: абраднасць і звычаі, народна-язычніцкія ўяўленні і старадаўнія паданні, казкі і лірычныя песні, прыказкі і прымаўкі... Яна адкрыла ў тутэйшым людзе жывую і прыгожую душу, багаты досвед стасункаў з прыродай. Краязнаўчым міні-даведнікам можна назваць нарысы Элізы Ажэшкі "Людзі і кветкі над Нёманам", якія з 1888 па 1892 гг. друкаваліся ў навукова-этнаграфічным часопісе "Вісла". Пісьменніца адмаўляла павярхоўна-прымітыўны погляд на сялянства, яго псіхалогію і спрадвечны ўклад, наадварот, яна гаварыла пра беларускі народ з берагоў Нёмана як пра паўнавартасны этнас, які маці-прырода сілкуе духоўна, дае яму жыццёвую энергію, мудрасць, абуджае паэтычную цягу да хараства. На пачатку свайго нарыса Э. Ажэшка шчыра і з падкрэсленай сімпатыяй піша пра беларусаў і іх прыродазнаўчы дар: "Вельмі распаўсюджана меркаванне, што сяляне зусім абыякава ставяцца да навакольнай прыроды, яе прыгажосці, і з'яў, якія непасрэдна не ўплываюць на іхняе штодзённае жыццё, проста не заўважаюць. Здзіўляе адно: як гэтае меркаванне можа суадносіцца з народнай песняй, дзе густа рассыпаны надзвычай маляўнічыя і дакладныя вобразы прыроды. Пярэчыць гэтаму і рэальнае веданне народам расліннага свету, настолькі дакладнае, што смела можна сцвярджаць: ад самага высокага дрэва да найдрабнейшай травінкі, якія растуць на той самай зямлі, што і ён, няма такой расліны, якая ў яго мове не мела б назвы, а ўжо ў саміх назвах выяўляецца назіральнасць, выказаная вобразна і паэтычна, часам грубавата, але затое дакладна".
   Эліза Ажэшка была адным з першых этнографаў і краязнаўцаў наднёманскага краю. У ХІХ ст. прыкметна ўзрасла цікавасць да жыццёвага ўкладу і культуры беларусаў, іх духоўнай спадчыны, пра што яскрава засведчыла збіральніцка-даследчая дзейнасць Паўла Шэйна, Пятра Бяссонава, Мітрафана Доўнара-Запольскага, Еўдакіма Раманава, Яўхіма Карскага, Паўла Шпілеўскага, Адама Кіркора, Івана Насовіча і іншых фалькларыстаў ды этнографаў. Дарэчы згадаць, што ў Гродне ў 1895 г. выдаў асобнай кніжкай свой этнаграфічны нарыс "Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў" Адам Багдановіч — бацька знакамітага беларускага паэта. Духоўны свет беларусаў, іх самабытны характар, звычаі і павер'і, звязаныя з навакольнай прыродай, Эліза Ажэшка вывучала падчас мэтаскіраваных даследчых экспедыцый: яна сустракалася з мясцовымі лекаркамі і знахаркамі, запісала ад іх 228 назваў розных беларускіх раслін, а яшчэ сабрала не адну жменьку народнай мудрасці. У выніку атрымалася народная кніга ведаў і веры, якая ўключае ў сябе найперш своеасаблівы батанічны слоўнік. Гэтая краязнаўча-прыродазнаўчая крыніца пра беларускую флору папярэднічала вядомаму "Беларуска-польска-расейска-лацінскаму батанічнаму слоўніку" (1924) Зоські Верас, што пабачыў свет у Вільні. Зразумела, Зоська Верас не магла абмінуць унікальны даследчы набытак польскай пісьменніцы, якая, апрача іншага, адшукала ўсім назвам беларускіх зёлак і раслін лацінскія і польскія адпаведнікі.
   Эліза Ажэшка паўстае перад намі як глыбокі і дасведчаны знаўца беларускага расліннага свету. Яна добра ведала этымалогію назваў самых розных траў, а таксама асаблівасці вонкавага выгляду, колеру, паху кветак і зёлак, тое, як расліны могуць уплываць на здароўе і чалавечы лёс. Яна адмоўна ставілася да варажбы з дапамогай чарадзейнага зелля і таемных слоў, якія здольныя прынесці камусьці шкоду, бяду ці немач. Апісанне лекавых уласцівасцей і функцый раслін Эліза Ажэшка падала з думкай пра карысць народнай медыцыны.
   Беларускі пейзаж трывала ўвайшоў у мастацкае мысленне Элізы Ажэшкі, пра што сведчаць яе аповесці "Нізіны" (1884), "Дзюрдзі" (1885), "Хам" (1888), раман "Над Нёманам" (1887), шэраг апавяданняў. У творах пісьменніцы прырода цесна суадносіцца з чалавечым лёсам. Галоўная гераіня аповесці "Нізіны" Хрысціна вяртаецца з фальварка ў Лясной, дзе не знаходзіць спагады ў аканома Стэфана Бахрэвіча. Яна просіць дапамагчы выбавіць кволага на здароўе сына ад рэкрутчыны ў царскай арміі. Парабчанка і беспасажніца Хрысціна — з сацыяльных нізоў, належыць да тагачаснай сялянскай беднаты. Яе вобраз на фоне спустошанай прыроды, у абладзе восеньскай непагоды дапамагае глыбей раскрыць драматычнае, безвыходнае становішча беларускай жанчыны-сялянкі. Аўтар твора надае пейзажу псіхалагічную глыбіню, алегарычнае гучанне: "Цемра ўсё гусцела, узняўся вецер і пачаў падаць дробны дождж. Сярод пустых і чорных палёў абсаджаная дрэвамі дарога з Лясной да Вулькі здавалася доўгім тунелем, над якім сярод расплаканых аблокаў не свяціла ніводная зорка і ў глыбіні якога павольна сунулася жаночая фігурка, самотная і вельмі ж дробная ў параўнанні з навакольным абшарам цемры і пусткі". Пісьменніца ўжо з першых старонак твора прарочыць гэтай маленькай і бяспраўнай у грамадстве жанчыне пакутны шлях у чорным, беспрасветным тунелі рэчаіснасці. У глыбокай начной цемры прыроднае наваколле на розны лад даносіць да слыху змарнаванай маці сынава імя.
   У аповесці "Нізіны" Эліза Ажэшка выдатна паказала вялікую сілу ўлады зямлі над чалавекам. Многія пісьменнікі ХІХ ст. (Т. Гардзі, Э. Заля, Л. Талстой, Г. Успенскі і інш.) выразна ўбачылі і ўсвядомілі супярэчнасці паміж натуральным прыродным быццём і несправядлівым грамадскім светаўладкаваннем, калі многія жывуць не па розуму, не па-боску і пагарджаюць маральнымі, глыбока чалавечымі адносінамі да іншых. Эліза Ажэшка асуджала сацыяльны ўціск, паднявольнае рабскае існаванне сялянства, цудоўна разумела, што ўласная зямля і праца на ёй — спрадвечная запаветная мара беларускага люду. "Жарсць валодання зямлёй" для селяніна была раўназначная жыццю і смерці, "гэтая любімая, гэтая жаданая зямля" ўспрымалася як сапраўды райскае быццё ў роднай старонцы. Пазней, у нашай літаратуры ХХ ст., пра магутную, спрадвечную повязь беларуса і зямлі-карміцелькі псіхалагічна пераканальна і з вялікай сілай мастацкасці сказалі Якуб Колас, Кузьма Чорны, Міхась Зарэцкі, Іван Мележ...
   Эліза Ажэшка, паказваючы беларускую вёску, выяўляла не толькі сацыяльную вастрыню зроку, але і з паэтычнай пранікнёнасцю малявала навакольныя краявіды, эстэтызавала прыродна-працоўнае ўлонне, якое як бы адцяняла драматычны бок сялянскага жыцця. У "Нізінах" скупымі, але вельмі сакавітымі мазкамі яна стварыла вобразна-жывапісныя пейзажныя малюнкі: "Над вёскай з аднаго боку і над фальваркам з другога ўзнімаліся ў залацістым паветры слупы ружовага дыму. Тут і там брахалі сабакі, адтуль і адгэтуль цягнуліся шнуры касцоў, свецячы здалёку белымі кашулямі і ззяючы ў апошніх сонечных промнях бляскам кос".
   Прырода выступае ў творах Э. Ажэшкі крытэрыем духоўнасці, маральнасці простага чалавека. З падкрэсленай аўтарскай сімпатыяй выпісаны ў аповесці "Дзюрдзі" вобраз знахаркі Пятрусі, якая паўстае перад намі як дачка роднай прыроды. Яна прываблівае сваім унутраным хараством, маладосцю, вясёлым норавам, здольнасцю радавацца жыццю і цудоўна спяваць. Прыроднае ўлонне раскрыляе душу Пятрусі, а голас яе запаўняе прастору, нібы звонкая крыніца. Яна — захавальніца народных ведаў дзядоў і прадзедаў. Гераіні аповесці дзякуючы бабулі адкрыліся многія таямніцы і сіла лекавых раслін. Пятруся бескарысна дапамагае людзям пазбавіцца розных хвароб, лечыць іх і ратуе ад бяды, суроку, няшчасця: "...Адну жанчыну з цяжкай цяжарнасцю Пятруся напаіла адварам, зробленым з дзесяці зёлак, які называўся дзевяціранка і таксама прынёс вялікую карысць. У хаце ў яе заўсёды было поўна сушаных зёлак, з якіх кожная служыла ад розных хвароб. Ад горла давала брунэльку, ад кашлю — мальву і дзіванну, ад болю ў кружы — крываўнік, ад сціскання ў жываце — чабор і мяту. Супраць адных хвароб раіла белую канюшыну і вішнёвую кару, саскрабаную з дрэва ўніз, супраць іншых — ружовую канюшыну і тую ж самую кару, толькі саскрабаную ўверх. Дзяцей, у якіх былі сутаргі, клала на дошку пасярод круга, намаляванага крэйдай, а тых, што пакутавалі ад кохліку, паіла сокам з рэдзькі, не з чаго іншага даваным, а толькі з самой рэдзькі, выдлубанай у форме келіха. Словам, была незаменным дарадцам сродкаў, што дапамагалі ад найбольш распаўсюджаных у вёсцы хвароб. І не толькі ведала гэтыя сродкі, але заўсёды давала іх з вялікай прыязнасцю і ахвотай. Іншыя бралі б за гэта яйкі, лён, палатно, курэй, збожжа і Бог ведае яшчэ што. Яна — не. Нічога ніколі за свае парады не жадала, а калі якая з жанчын прыносіла ёй што-небудзь у фартуху ці хустцы, не брала. Руку з працягнутым дарункам адштурхоўвала і казала:
   — Не хачу, не трэба, нашто мне гэта? Я з зычлівасці..."
   Пятруся любіць людзей і прыроду, яна адкрытая гэтаму свету. Старая Аксеня непакоіцца пра лёс унучкі, засцерагае і вучыць быць абачлівай. Але Пятруся, спазнаўшы ў замустве радасную ўцеху жыцця, жадае спагаднай і шчаслівай долі іншым: "...і усё мне на свеце лепш і лепш, а я той свет люблю больш і больш, і ўсё, што ёсць на свеце, люблю... і сонейка, гэтае божае цяпло, і зоркі гэтыя божыя ясненькія, і гэтыя шумлівыя дрэвы, і пахучыя кветкі, і ўсіх людзей, і кожнае жывое стварэнне...". Жыццё гэтай чалавекалюбнай і паэтычнай натуры абрываецца трагічна. Прыгожую маладую жанчыну абвінавацілі ў змове з нячыстай сілай, чараўніцтве, якое нясе зло. Чацвёра сялян па прозвішчы Дзюрдзі ўчынілі расправу, як яны лічаць, з "ведзьмай", забілі яе каламі. Так цёмная патрыярхальная вёска, поўная забабонаў і коснасці, вынесла сляпы і жорсткі прысуд дбайнай маладой гаспадыні і народнай лекарцы. Далёка не ўсе насельнікі Сухой Даліны ўсведамляюць, да чаго прывядзе людская варожасць і гнеў. Урэшце — у тым і ёсць сапраўдная народная трагедыя — вёска з яе дрымучай і прымхлівай свядомасцю пазбаўляецца яшчэ адной чыстай прыгожай душы, гаючай і шчодрай крыніцы жыцця.
   Чалавек і прырода знаходзяцца ў непарыўным адзінстве ў аповесці "Хам". Павел Кабыцкі, галоўны герой твора, так кажа пра сваю крэўную еднасць з навакольным светам: "Неба — мая хата, а рака — жонка". Гэты нёманскі рыбак паўстае перад намі як прыродны, натуральны чалавек, "душа і цела якога зжылася з вольнымі прасторамі ракі і неба, з чыстым паветрам, з глыбокай цішынёй самотных дзён і начэй...". У Паўла Кабыцкага паэтычная і ўзвышаная душа, ён вельмі ўражлівы і назіральны, тонка адчувае навакольную паэзію прыроды. Ён разважлівы і ўдумлівы, як водная плынь Нёмана, мае чулае сэрца. Ён шкадуе пакаёўку Франку і спачувае яе лёсу. Павел перакананы, што трэба жыць па-боску, а свет павінен быць варты чалавека і трымацца на непарушных маральных прынцыпах. Нёманскі рыбак заклікае Франку, якую закруціў вір рэчаіснасці, супыніцца і падумаць пра тое, што ёсць жыццё, пазбаўленае прыніжэння і пакуты, што ёсць Бог і вечная прырода, а для гэтага трэба адчуць прыгожае і высокае ў сваёй душы: "...— Зірні, як на небе зоркі ззяюць! Паслухай, як пяе вада! Я ўсё жыццё гляджу на гэтыя зоркі і слухаю гэту песню. Паглядзі і паслухай ты! Можа, табе будзе лягчэй? Можа, і твая душа, як мая, гэта высокае неба і гэту чыстую ваду палюбіць! Супакойся! Ціха, ціха, ціха!".
   Павел Кабыцкі імкнецца дапамагчы Францы знайсці сябе і сэнс жыцця. Героем кіруе шчырасць і высакароднасць памкненняў, глыбока чалавечная сутнасць яго натуры, свядомае непрыманне зла і бездухоўнасці. Павел Кабыцкі багаты сваёй унутранай культурай.
   І гэтая прывабнасць яго духоўнага вобліку найперш добра бачыцца праз дачыненні з прыродай. Ён не ўяўляе свайго жыцця без Нёмана, эмацыянальна адгукаецца на праявы хараства, зачараваны адвечнай музыкай роднай ракі. Прыроду Павел адчувае і любіць сэрцам паэта: "Гэта цудоўнае абуджэнне прыроды выклікала ў душы яго не толькі захапленне, але і радасць ад сустрэчы з нечым добра і здаўна знаёмым. Ён любіў прыроду тою магутнай любоўю, якая прымушае дзіця, што не ўмее яшчэ вымавіць імя маці, вуснамі і рукамі цягнуцца да яе грудзей. Ён любіў прыроду, як слімак любіць свой дамок і чарвяк свой родны камячок зямлі. Аднак апрача гэтай вялікай любові да прыроды, Паўла заўсёды агортвала захапленне, калі ён назіраў яе розныя з'явы. Вось і цяпер, убачыўшы крыгі, што плылі па рацэ, ён спыніўся і нават усклікнуў, нібы бачыў іх упершыню ў жыцці. Цэлую гадзіну стаяў ён на беразе і так пільна ўглядаўся ў крыгі, нібы лічыў іх; на тыя, што мелі асабліва дзівосную форму, ён глядзеў даўжэй, чым на іншыя. Заўважыўшы крыгу, падобную да шкляной каплічкі і ззяючую вясёлкавымі фарбамі, ён доўга ківаў галавой:
   — Ой якая прыгожая!"
   Нёман для героя аповесці — тая блізкая істота, якой ён давярае душэўныя перажыванні і балючы роздум. У самыя цяжкія хвіліны ва ўзаемаадносінах з Франкай, калі Павел шукае пакутлівыя адказы на тое, што яму рабіць, ён застаецца сам-насам з прыродай. З асаблівым настроем нёманскі рыбак сузірае вясновыя краявіды, поўныя абуджэння і руху. Яго хвалюе, як рака скідае зімовыя кайданы і прырода вяртаецца да жыцця. Яркі беларускі характар, вобраз чалавека, які знаходзіцца ў духоўна-адраджэнскім руху, якраз і стварыла Э. Ажэшка ў вобразе Паўла Кабыцкага. Пісьменніца з лірычнай цеплынёй і пранікнёнасцю перадала высокі сэнс паяднання свайго героя з прыродай роднага краю.
   Надзвычай прыкметнае месца займае беларускі пейзаж у арганізацыі мастацкай прасторы рамана "Над Нёманам". Тут пісьменніца стварае панарамныя рэалістычныя прыродаапісанні, з якіх перад намі буйным планам паўстаюць маляўнічыя карціны прынёманскіх мясцін:
   "З аднаго боку небасхілу цягнуліся невялікія ўзгоркі, па якіх цямнелі хваёвыя і лісцевыя лясы, з другога — быццам вырастаючы з зеляніны лугоў, пясчанай сцяной уздымаўся высокі бераг Нёмана...
   Быў летні святочны дзень. Усё на свеце ззяла, квітнела, духмяна пахла і спявала. Цеплыню і радасць выпраменьвалі блакітнае неба і залатое сонца, радасцю і пяшчотай дыхалі пазелянелыя нівы, радасць і шчаслівую свабоду ўслаўлялі спевы птушак і розных мошак...".
   У рамане мноства невялікіх пейзажных замалёвак. У сукупнасці гэтыя разнастайныя мікрапейзажы ствараюць яркі жывапісны фон і атмасферу жывога быцця прыроды. Прыродаапісанні цэментуюць структурна-кампазіцыйную будову рамана, прыдаюць яму адметны беларускі каларыт. Пейзажы ў выяўленні Э. Ажэшкі маюць натуральную і незвычайную прыгажосць колераў і фарбаў, багацце маляўнічых дэталяў: "Бляклае восеньскае сонца, хілячыся да заходу, расквеціла неба гэткімі фарбамі, якіх не было нават калі яно стаяла ў зеніце. Самы яго дыск быў схаваны залатой заслонай, пурпурна-фіялетавай па баках; а вышэй па ўсім небасхіле распаўзліся лёгкія, як пух, серабрыстыя, ліловыя і чырвоныя шматкі аблокаў".
   Эліза Ажэшка паэтычна і прывабна малюе ў рамане поры года, вобразы лугу і поля, лесу і саду, дарог і шматлікіх кветак, дрэў... Сапраўдным дзейным персанажам твора паўстае рака Нёман, апісаная з любасцю ў розных планах і ракурсах: "...бруіўся ціхі Нёман, адбіваючы ў роўнядзі вады і блакіт неба, і цёмны бор". Разам з прыродай радуюцца ці смуткуюць людзі, адгукаюцца на яе хараство і незвычайнасць. Каханне Яна Багатыровіча і Юстыны адухаўляе навакольная прырода, якая надзіва шчодрая — дорыць ім шчасце, сапраўдную асалоду, паўнату адчування жыцця.
   Эліза Ажэшка ўмела выдатна перадаць мастацкасць фактуры, яна заставалася рэалістычна дакладнай у абмалёўцы нацыянальнага пейзажу, была глыбокім пісьменнікам-натуралістам. Любоў да роднай прыроды вылілася ў яе жыцці і творчасці ў вялікую любоў да Бацькаўшчыны і беларускай зямлі. 

Похожие статьи:

Эліза АжэшкаЭліза Ажэшка - Раманіха

БиографииЭліза Ажэшка

Эліза АжэшкаЭліза Ажэшка - Над Нёманам

Эліза АжэшкаЭліза Ажэшка - Хам. Аналіз аповесці

Эліза АжэшкаЭліза Ажэшка - Зімовым вечарам