Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Эдуард Валасевіч - Янот і Крот

Пра крытыку той-сёй пяе, як салавей,
Прыгожа, міла – толькі слухай,
Крытыкаваць яго ж пасмей –
Ён пракаўтне цябе, нібы сабака муху...

Праходзіў у арцелі «Футра» сход...
З дакладам выступаў Янот,
Прыводзіў добрыя цытаты,
Казаў, якія прамарцель панесла страты,
Чаму не выканалі план
І як пазбегчы ўсіх заган.
Зрабіў ён лоўка справаздачу.
Спыніўся бегла на задачах
І, як заўсёды,
І дэмагогію аб крытыцы развёў.
О, тут язык яго, што млын, малоў:
– Смялей, браткі, бічуйце недахопы,
Каб крытыка ішла з нізоў,
Увагі не звяртайце на асобы,
Каб шэрсць ляцела з-пад зубоў.
Мы крытыку любіць і шанаваць павінны,
Бо гэта сродак верны і адзіны
Супроць чынуш, хапуг, балбатуноў,
Зладзюг і іншых марнатраўцаў...
– Вось гэта прынцыповы падыход, –
Аж загарэўся Крот,
Звярнуўшыся да Зайца, –
Даўно збіраўся я пагаварыць начысціню,
Што сам Янот усю сваю радню
Сабраў у нашую арцель.
Што ні работнік – то круцель;
Тут і бухгалтар, і рахункавод,
І кладаўшчык, і экспедытар.
Шарашкіна кантора, ды ўсё шыта-крыта...
І на трыбуну ўзняўся Крот.
Разнёс ён махляра
І махінацыі, якія ён з раднёй
Рабіў употай.
«Ну, – думаў Крот, – Яноту старшынёй
Ніколі не бываць».
Калі ж праўленне сталі выбіраць,
Вавёрка і Бабёр,
Лісіца
Ды Куніца,
А з імі Выдра, Тхор –
Усе гарою за Янота!
І нават Заяц, што Крату нядаўна спачуваў,
Паціху лапку ўгору узнімаў.
Аж вылаяўся Крот: «Ну і брыдота!»

Што ж далей вы б пачуць хацелі?
Скажу, бо гэта не сакрэт:
Янот Крата прагнаў з арцелі,
Каб той не падрываў яго «аўтарытэт».

 

Похожие статьи:

ПераказыЯнот-паласкун

Міхась ЛынькоўМіхась Лынькоў - Крот

ККрытыка літаратурная

Віктар ГардзейВіктар Гардзей - Гэты тоўсценькі янот

ПераказыГісторыя пра Крата і Чалавека