– А-яй! – жахнулася матуля,
Ледзь на парог ступіў Змітрок,
– Ізноў з табой бяда, сынок?
Загінула навюткая кашуля!
Не пранасіў два дні,
А што з ёй сталася? Зірні,
Горш ад анучкі –
Ні гузікаў, ні каўняра...
А порткі ў сажы, што у камінара.
А чаравікі! Жах! Дабіў да ручкі...
Хоць трошкі б рэчы пабярог!
Ды матчыны маралі
Да Змітрака так прыставалі,
Як да сцяны гарох.
– Ну, завяла! Падумаеш: кашуля і штаны!
Нібы каштуюць тысячы яны...
У мяне шырокая натура!
– Хоць пасаромеўся б ты, дурань,
Узняўся, вунь, пад столь,
А ўсё з маёй не злазіш шыі –
Таму капейкі не шануеш і мазоль.
Сыночкі ёсць такія,
Чаго граха таіць!..
Не хочуць ні вучыцца, ні рабіць,
А абібокамі мяркуюць век пражыць.
Похожие статьи:
Авяр’ян Дзеружынскі → Авяр’ян Дзеружынскі - Памочніца