У мяккіх берагах, замшэлых, топкіх,
Атуленае ад вятроў чаротамі, лазой,
Старое Возера залюбавалася сабой:
– Чаго мне мітусіцца і спяшацца некуды таропка?
Люблю утульнасць я, спакой і цішыню...
А некалі ж і я шумела... нібы мора!
І адлюстроўвала і неба вышыню,
І сонца, і начныя зоры,
І ўзлёт буслоў –
Чаго у маладосці не было!
А зараз мне навошта хвалявацца?
Магу патрызніць, падрамаць, папеставацца...
– Не так яно, бадай! –
Задорна зазвінеў Ручай. –
Прыемна перажытым захапляцца.
Але у тым твая бяда,
Твая загана,
Што супакоілася надта рана,
Што ты цяпер – стаячая вада,
Што тыя жыватворчыя крыніцы,
Якія з-пад зямлі
Табе і моц і сілы свежыя далі,
Праз глей не могуць да цябе прабіцца...
А зверху тванню ўсё ты заплыло
Ды з кожным годам –
Ператвараешся ў звычайнае балота...
А я, чарцям усім назло,
Упартым струмянём працерабіўшы нетры,
Імкнуся ўдалячынь насустрач ветрам!
З рачулкі станаўлюся мнагаводнаю ракой,
Ні днём ні уначы не ведаю спачыну,
Спынюся я – і я – загіну...
Жыццё ёсць рух, а не спакой!
Похожие статьи:
Вера Вярба → Вера Вярба - Ручай і ялінка
Пераказы, дыктанты → Па дарозе са школы
Пераказы, дыктанты → У летні поўдзень
Пераказы, дыктанты → Возера (Паводле Ф. Казлоўскага)
Пераказы, дыктанты → Навальніца на возеры