Галінка бэзу, траўнем надламаная,
мая Каханая.
Ты лёсам мне, на пэўна, звыш наканаваная,
мая Каханая.
Дзе б я ні быў, вяртаюся хутчэй туды,
дзе мне павек адданая,
мая Каханая.
У слоту лістападаўскіх начэй са мной яна
і восень не падманная,
мая Каханая.
Над безданню даверлівых вачэй
мая маркота ў белы строй прыбраная,
мая Каханая.
І рэха вечаровае званчэй, калі шапчу
да зорак апантана я –
мая Каханая!
І смехам тваім поўніцца ручэй,
як ад мяне за далеч ты схаваная,
мая Каханая.
Лісцёвы водсвет ззяе залацей пад раніцу,
што разам прычаканая,
мая Каханая.
І сэрца спеліць кволую надзею –
па-за жыццём чужым табе не стану я,
мая Каханая.
Похожие статьи:
Эдуард Акулін → Эдуард Акулін - Трыялет
Анатоль Грачанікаў → Анатоль Грачанікаў - Свяці, кахання чыстая зара!..
Язэп Пушча → Язэп Пушча - Яшчэ ў юнацкія гады
Янка Журба → Янка Журба - Каханне
Рыгор Крушына → Рыгор Крушына - Твае вочы