Рыжы конь хадзіў па лузе,
Там, на волі, паміж траў,
Хтось зялёны, невялічкі,
І скакаў, і стракатаў.
Конь здзівіўся, глянуў скоса:
– Гэй, малеча,
Хто ты ёсць?
– Хто я? Конік.
Тут жыву я
І на лузе я – не госць!
– Конік? Дык няўжо калісьці
Быў я сам такім малым? –
І схіліўся конь з пяшчотай:
– Будзеш родзічам маім!
Ну а тут здзівіўся конік.
Жвавы, спрытны, як агонь,
Да асілка ён падскочыў:
– Адкажыце, хто вы?
– Конь!
Засмяяўся конік звонка:
– Вось адкуль мой добры род!
Значыць, я вялікім буду,
Падрасту за нейкі год.
Ён за хвост каню ўчапіўся
І на ўвесь трызвоніў луг,
Камарам, жукам хваліўся:
Конь – яго і брат і друг!
На сцяблінцы, як на скрыпцы,
Ён іграў, вадзіў смыком.
Верыў мой маленькі конік –
Дужым будзе ён канём.
Похожие статьи:
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Конь
Уладзімір Дубоўка → Уладзімір Дубоўка - Ганарысты конь
Кандрат Крапіва → Кандрат Крапіва - Саманадзейны конь
Янка Маўр → Янка Маўр - Бярозавы конь
Максім Танк → Максім Танк - Конь і Леў