1
Я хварэў.
І выйшаў з хаты
бледны, ціхі, сумнаваты.
Ой, за гэтых шэсць дзянькоў
наглытаўся парашкоў!
Стрэптацыд, пірамідон…
У вушах застаўся звон.
Што рабіць? І я паехаў
у гасцінны домік смеху.
2
Гэта я? Качан капусты
адлюстроўваецца ў люстры.
Ані носа, ні вачэй,
ані шыі, ні плячэй.
Прамінула пяць хвілін –
пяць змянілася карцін.
– Ха-ха-ха! –
крычаць дзяўчаты. –
Быццам бусел, ты цыбаты,
А вось тут – наадварот,
ты – пузаты бегемот!..
3
Я пайшоў у правы бок –
замест носа – агурок,
ай-ай-ай, які прыгожы!
Быццам палка, палец кожны.
Азіраюся назад –
там, ў люстэрку, акрабат.
Галава – каля падлогі,
і пад самай столлю – ногі.
Ну і ну!
З усіх бакоў
трыццаць выйшла хлапчукоў.
Я маўчу – яны маўчаць,
я крычу – яны крычаць.
4
Я пусціўся ў скокі – бачу:
трыццаць хлопцаў «Бульбу» скачуць.
І дрыжыць зямля, як кажуць:
«Бульбу вараць, бульбу смажаць!»
З’еў я лекаў цэлы мех –
пахудзеў аж напалову,
а зрабіў мяне здаровым
добры дзядзька – доктар Смех!
Похожие статьи:
Пераказы → Дзіцячы смех
Пераказы → Як спакайней?
Биографии → Эдзі Агняцвет
Эдзі Агняцвет → Эдзі Агняцвет - Зямля з блакітнымі вачамі
Эдзі Агняцвет → Эдзі Агняцвет - Саўка за сталом