Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Цішка Гартны - Чырвонаармеец Панкел Ліпа

   Чырвонаармеец з апавядання «Панкел Ліпа» вытрымаў многа выпрабаванняў. Ён восьмы год знаходзіцца на фронце, пяць разоў быў паранены і ўвесь гэты час не бачыў ні жонкі, ні дзяцей. Чарговы раз вярнуўшыся пасля шпіталя ў сваю часць, герой перажывае душэўную скруху, бо, паводле яго слоў, «чалавек не сталь – не можа трываць бясконца». Панкелу здаецца, што калі б толькі ён даведаўся, дзе яго сям'я, угледзеў жонку, дзяцей, то «больш нічога не трэба», тады б ён зноў «гадзіўся на справу». Але вярнуўшыся са шпіталя, перад чарговай адпраўкай на фронт ён каторы раз чуе ад сваіх камандзіраў пра «святую павіннасць кожнага з чырвонаармейцаў забыць ўсё, што злучана з прыватным жыццём», пра самаахвярнасць у імя рэвалюцыі.
   Другі галоўны персанаж апавядання Проў знаходзіцца ў Чырвонай Арміі з мэтай агітацыі чырвонаармейцаў перайсці змагацца ў стан казацтва.    Адчуўшы настрой Панкела Ліпы, ён распальвае ў яго свядомасці незадавальненне сваім становішчам, уладай бальшавікоў. На супрацьстаянні гэтых герояў і пабудавана апавяданне.
   Цішка Гартны псіхалагічна тонка і дакладна перадае ўнутраную барацьбу, што адбываецца ў душы Панкела. 3 аднаго боку, герою агідна сама думка аб здрадніцтве, ён разумее, што гэта «брыдка, непачэсна» і нічым такі ўчынак не апраўдаць. Разам з тым Панкел ловіць сябе на тым, што на першым плане ў яго «неадчэпная думка – думка аб доме, аб родных, і толькі за ёю ўкрадкаю, нічога супольнага не маючы, ганялася балючая непрыемная другая думка – ужо аб фронце».
   Цаной вялікіх намаганняў Панкел Ліпа пераадольвае часовую «слабасць», адганяе ад сябе думкі пра асабістае. Пачуццё абавязку бярэ верх. Прынятае рашэнне адвергнуць прапанову Прова вяртае Панкелу душэўную раўнавагу. Як відаць, дзеянні героя ў дадзеным выпадку складваюцца па знаёмай схеме і здаюцца псіхалагічна аблегчанымі.
   Больш важка і глыбока праблема асабістага і грамадскага паўстае ў тых мясцінах твора, дзе пісьменнік разважае пра каштоўнасць чалавечага жыцця. У вусны антыпода Панкела Ліпы Прова пісьменнік укладвае словы, напоўненыя глыбокім гуманістычным сэнсам: «На свеце даражэй усяго чалавечае жыццё, яго самотнасць... Разумееш, чалавек – гэта святая рэч, і, як святую рэч, яго трэба шанаваць у імя таго жыцця, якое яму дадзена, у імя шчасця гэтага жыцця... Хто ж цябе пашануе, калі не ты сам? Хто аб табе паклапоціцца, калі не ты сам? Бачыш – з цябе зрабілі бескаштоўную рэч, якую шпурляюць усюды, як трэску... Трэска падае ў ваду – тані, трэска падае на агонь – гары... I ты згарыш загадзя, як трэска, калі не вырвешся з цэпкіх рук, што хапіліся за тваю самоту... А сям'я? А родныя? Жыць з імі разам, стрэўшыся пасля доўгай разлукі... Жыць вольна і незалежна, ахоўваючы сябе ад пасягненняў на тваё шчасце і волю... Вось, як цяпер. Ласне ты жывеш? I ласне, наогул, ты – та? Вядома, што – не. Ты – нявольнік казармы, ты – раб, ты— астрожнік. Табою распарадкуецца чужая воля». I гэтыя словы знаходзяць водгук у душы Панкела. «А, бач, многа шчырай праўды ў словах Прова, – мінула ў галаве Панкела, – сапраўды ж, калі я пачну ўжо жыць па-чалавечаму? Калі я вырвуся з гэтых балючых ланцугоў ваеншчыны? Калі я пачую сябе вольным?».
   Па аўтарскай задуме, Проў, які гаворыць такія гуманныя словы, скіраваныя да разгубленага Панкела, аказваецца ў рэшце рэшт жорсткім забойцам. Ён не пашкадаваў Панкела, не дараваў яму тое, што ён зрабіў свой выбар. Але словы, укладзеныя ў вусны адмоўнага героя, напоўнены балючай суровай праўдай. У завірусе падзей, якія прыйшлі на змену рэвалюцыі, часам забываліся тыя высокія ідэалы, у імя якіх яна здзяйснялася. Крывавы вір грамадзянскай вайны ўцягнуў у сябе вялікую колькасць людзей, падзяліў іх на два варожыя лагеры. Адарваныя ад мірнага жыцця, героі апавяданняў Цішкі Гартнага чуюць толькі словы пра самаахвярнасць, пра неабходнасць адмаўлення ад прыватнага жыцця. А прыватнае жыццё – гэта дом, сям'я, родныя мясціны, праца – усё тое, без чаго чалавек толькі напалову чалавек, непаўнацэнная істота, што з цягам часу ператвараецца ў робата, які падпарадкоўваецца чужой волі і аўтаматычна выконвае любыя загады, не асэнсоўваючы іх, бо пазбаўлены думак і пачуццяў, сумненняў, а значыць, у канчатковым выніку і сумлення.
   У апавяданні «Чырвонаармеец Панкел Ліпа» знайша адбітак трывога пісьменніка, які асэнсаваў драматычныя падзеі тагачаснай рэчаіснасці. Гіне чырвонаармеец Панкел Ліпа. Ніхто, акрамя Прова, так і не даведаўся пра тыя душэўныя пакуты, што разрывалі яго сэрца, і пра тое, як ён, у імя рэвалюцыйнага абавязку, пераадолеў свае памкненні, мары, звязаныя з «прыватным жыццём». Ніхто не ацаніў яго грамадзянскі подзвіг ці ахвяру. Чужая воля, аб якой гаварыў Проў, доўгіх восем гадоў трымала яго ў «ланцугах ваеншчыны», так і не спраўдзіўшы яго жаданне пачаць жыць па-чалавечы.

Похожие статьи:

Цішка ГартныЦішка Гартны - Думкі

Цішка ГартныЦішка Гартны - Штрэйкбрэхер

Цішка ГартныЦішка Гартны - Трэскі на хвалях

Цішка ГартныЦішка Гартны - Свае блінцы

Цішка ГартныЦішка Гартны - Спатканне