Без цябе, мой родны край,
На чужой старонцы
Нудна, жудасна мне жыць,
Нудна так бясконца!
Сонца быццам не блішчыць,
Зоры не міргаюць,
Ветры буйныя ўсё дзьмуць,
Песень не спяваюць.
Многа бачу тут людзей
І жыву між імі,
Ды назваць іх не магу
Я людзьмі сваімі:
Ані песні той жывой,
Мілай і зычлівай,
Роднай сэрцу і душы,
Долі нешчаслівай;
Ані мовы я сваёй
Роднае не чую, –
Ўсё чужое ля мяне
Круг-кругом пануе...
Ой ты, краю родны мой,
Я цябе пакінуў,
І, расстаўшыся з табой,
Усё ж такі не згінуў.
Не забыцца мне цябе, –
Я жыву табою, –
Бо адданы я табе
Целам і душою.
На мінутку на адну
Я не забываю
Той абраз твой дарагі,
Родны ты мой краю!
Прада мною ты стаіш,
Як жывы, каханы,
Полем, нівамі, вадой
Ўсюды разубраны.
Вось шарэюць між гаёў
І ўзгоркаў вёскі,
Ўюцца змейкамі між іх
Вузкія дарожкі.
Чутна песня тут і там –
То начлег у полі;
А там песня злой бяды
І ліхой нядолі.
Мілы краю, родны мой!
Жду я, не даждуся
Таго часу, калі зноў
Я к табе вярнуся;
Калі буду я магчы
Разам з табой жыці
І за шчасце за тваё
Жыцце палажыці!..
1912
Похожие статьи:
Васіль Зуёнак → Васіль Зуёнак - Будучыня
Пераказы, дыктанты → Мой край
Авяр’ян Дзеружынскі → Авяр’ян Дзеружынскі - Я спяваю, ты спявай!
Пераказы, дыктанты → Святло Радзімы
Пераказы, дыктанты → Свой край