Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Цішка Гартны - Думкі

   Я стаяў на вузкай-вузкай мяжы, абросшай рэдкай высокай травой; а абапал яе, крышку шырэйшыя за мяжу, цягнуцца мужыцкія шнуркі жыта. Круг-кругам – зялёнае, пекнае, як дарагі аксаміт, – мора зелені. Пахне нечым свежым, лёгкім!..
   Пад самым недзе небам, чыстым, ясным, пяе-заліваецца рэзвы звонкі жаваранак, верціцца, як лёгкае пёрка ў паветры, і быццам весяліцца. Унізе ж над жытам цэлыя мільёны мошак, жучкоў, матылькоў!
   Якая свабода, як лёгка!..
   Чаму ж, нягледзячы на ўсё гэтае хараство, агарнулі мяне вялікія, цяжкія, вострыя думкі, каторыя разам заўладалі маю душу і сэрца? Я бязвольна схапіўся за галаву, апусціў яе к зямлі, прыплюшчыў вочы і пачаў думаць...
   «Вось гэтыя палоскі, гэныя вузкія шнурочкі – гэта багацце мужыка; яны кормяць і гадуюць яго, сям'ю, даюць хлеб усяму свету. Гэта ж тая самая зямелька, палітая крывёй і гарачым потам мужыцкім, на каторай бачыў я сам, як леташняй восенню, хмурным, сумным днём, – калі сыпаў малюсенькі, дробненькі дожджык, што прамочваў суконную світку мужыка-хлебароба, наскрозь дабіраўся да яго потнага худога цела, пускаў па ім дрыготку, – калі к яго шырокім патрэсканым, апэцканым нагам прыліпала цяжкая, ліпкая зямля, – ён, гэны цёмны, гаротны мужык, цягнуўся разорай за плугам, каторы цягнула яго худая, змардаваная Буланка, – сцёбаў свайго супрацоўніка вернага канаплянай пужкай, панукаў яго і пяяў сабе пад нос нудную, жаласлівую песню, поўную слёз і гора!
   Ці ж не можна было дагадацца тады па яго смутным, жоўта-зялёным касцістым твары, па яго сухіх жылістых руках, па ціхай, няспешнай паходцы – па ўсім гэтым ці ж не можна было дагадацца, што ён думаў тады?! Э, можна, дый лёгка! Пэўне, маўчалівы пакорны хлебароб стараўся чым найясней разгледзецца ў густой сетцы бесканечнай чарадой плыўшых дзён – смутных, марных, нез'яснёных! Што нясе яму хваля часу? Кожны дзень, кожная гадзіна нават ля яго невядомы... А мо ўся яго праца, уложаная ў гэту ніву, вырваўшая шмат жыцця і сіл, у адзін момант разам згіне, не вярнуўшы і крыхоткі адплаты за працу. Вось не перастануць ліць дажджы, затопіць вадой нівы, знясе насенне; уваб'е ў зямлю – і жытцо не ўзыдзе... А мо раннія замаразкі пашкодзяць?!. А мо так ні адсюль ні адтуль выпадзе град, паб'е яго ці бура паломіць – і ўсё прапала!.. Альбо згніе ад дажджу, пажаўшы, альбо згарыць, звазіўшы... А калі дабрыцо і падыдзе акуратна да канца, прадасі яго, каб толькі падаткі і нядоімку заплаціці! Ох! Нельга не плакаць, нельга не нудзіць! Брыдкае і дрэннае ты, жыццё мужыцкае, жыццё хлебароба! Мучыцца чалавек дый усё чакае, збедаваны, яшчэ горшае бяды! Жыве і не ведае, што яго спаткае заўтра, дзе ён будзе тады? Жыве і не жыве!..»
   І разам я пакінуў думкі горкія, праўдзівыя думкі, падняў галаву, падняў вочы к небу і загледзеўся ў яго вышыню, у яго глыбіню, без дна, каб забыцца, што жыву я, чалавек, на зямлі, на гэтай грэшнай, заклятай зямлі, над каторай стопудовым молатам вісіць гнеў цяжкога лёсу – нядолі, таго страху, што сочыць цябе, каб падпільнаваць момант і разам схапіць цябе ў свае вострыя, жадныя зубы!..
   І нудна, і горка, і цяжка!..
   І кажаш ты, разувераны, хмурны, што няма спакою, шчасця на зямлі, – няма волі чалавеку ні ў горадзе шумным, ні ў мястэчку цішэйшым, ні ў вёсцы спакойнай, ні ў шырокім чыстым полі?..

1909
 

Похожие статьи:

БиографииЦішка Гартны

Цішка ГартныЦішка Гартны - Спатканне

Цішка ГартныЦішка Гартны - Трэскі на хвалях

Цішка ГартныЦішка Гартны - Свае блінцы

Цішка ГартныЦішка Гартны - Штрэйкбрэхер