Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Цётка - Як нам вучыцца
Увага!!! Поўны змест
Цёмны наш народ тутэйшы, цёмны мужык-беларус. Часта бацькі праз цямноту сваю не хочуць даць дзеткам навукі, не хочуць пасылаць іх вучыцца ў школу, а і школ у нас няхват – хоць бы і хацеў, то ўсіх дзяцей у іх памесціць не зможаш. Даўно ўжо шчырыя прыяцелі народу стараліся і стараюцца шырыць навуку між цёмных людзей. Цяжкая была іх праца, цяжка вучыць без школ – каб адкрыць школу для дзетак, трэба было мець дазваленне ад начальства, а начальства не кожнаму давала яго.
Але цяпер насталі лепшыя часы: зразумела і правіцельства, зразумеў і сам народ, што, каб палепшыць цяжкое жыццё ўсіх працуючых, трэба перш-наперш даць ім навуку, даць можнасць вучыцца ўсім нашым дзеткам, каб пасля кожны мог добра чытаць і карыстаць з таго, да чаго дадумаліся і што напісалі вучоныя людзі. Правіцельства прыгатавала праект устройства агульнага абучэння, каб усе ў нас былі граматныя – і кабеты, і мужчыны. Дзеля таго кожны, хто разумев карысць навукі для народу, павінен добра падумаць і сказаць сваё слова аб тым, якія мусяць быць новыя начальныя народныя школы, што правіцельства будзе адкрываць.
Усім добра вядома, што ўжо многа лет, як правіцельства прыказала, каб у народных школках іначай не вучылі, як толькі па-расейску. Хацела яно гэтакім парадкам абрусіць усе народнасці і палажыла запрэт на навучанне ў іншых мовах. А якая з таго карысць – кожнаму ведама. Усюды дзецям цяжка навучыцца чытаць, але ў нас горш як дзе – і не дзіва. То ж нашы дзеткі-беларусы маюць у школах адразу дзве работы: адна работа – гэта пазнаць знакі-літары, навучыцца складаць з іх словы, а другая работа – адначасна навучыцца разумець і гаварыць па-расейску, бо ў школе вучыцель усё тлумачыць толькі па-расейску, а гэтай мовы дзеці не знаюць, ніколі ў хаце ад бацькоў не чулі, яна для іх чужая. Вось і выходзіць, што пакуль дзіцё не пазнае расейскай мовы, то ў школе нічога не разумее, што кажаць вучыцель, і сядзіць, як баран. Ходзіць да школкі год, два і тры, а як скончыць яе, то ледзьве-ледзьве чытаць можа, дый то скора забывае.
Так вось, калі пачнуць у нас увадзіць новыя начальныя народныя школы, трэба, канечне, каб дзяцей у іх навучалі па-беларуску, каб тлумачылі ім усё па-тутэйшаму, па-свойму, як дзеці гавораць у хаце з бацькамі і як ім найлягчэй разумець. Тады дзеці і чытаць скарэй навучацца і пазнаюць лягчэй іншыя мовы – расейску ды польску. Дзеля таго ўсе беларусы і ўсе, хто хоча даць народу праўдзівую навуку, павінны дамагацца для беларусаў беларускай начальнай школы.
Цяпер, як народ дастаў крыху свабоды, кожная народнасць стараецца скарыстаць з яе як найбарзджэй і як найшырэй. Літоўцы, палякі, жыды і ўкраінцы – усе збіраюцца з сіламі і заводзяць свае школы на роднай мове: палякі – польскія, літоўцы – літоўскія, жыды – жыдоўскія. Адны мы, беларусы, неяк кепска стараемся аб сваіх школах. Нашы дзеткі ўсё яшчэ вучацца не вельмі панятнай для іх мове; розніца толькі тая, што каталікі цяпер ахвотна пасылаюць дзяцей да польскай школы, праваслаўныя – па-стараму – да расейскай. Чаму ж няма ў нас сваіх беларускіх школ?
Доўга мы, беларусы, цураліся сваёй мовы і, як кажуць, хаваліся з ёю за печ перад чужымі людзьмі. Вось і злажылася нейкая дурная пагаворка, што наша мова хамска, брыдка, што на ёй не можна гаварыць з вучоным чалавекам, ані пісаць кніжак, як на іншых «далікатных» мовах. Але гэта толькі выдумка. То ж дзве-тры сотні гадоў таму назад усе законы і ўсе казённыя паперы пісаліся ў нас няйначай, як на нашай мове. Во і цяпер бачым, друкуюцца кніжкі, выходзіць ужо другая газета, ідзе перапіска з вучонымі – усё па-нашаму. I ніхто не смяецца, ніхто не плюе на нашу мову – напроціў, суседзі-літоўцы, палякі, украінцы спрыяюць нашай справе і жычаць спору ў рабоце.
«Шмат было такіх народаў, – кажа пясняр беларускі Мацей Бурачок, – што страцілі наперш мову сваю, так, як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай, беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе; ото ж гаворка, язык і ёсць адзежа душы».
Можа хто спытаецца: а ці ёсць якія кніжкі да навукі? Вото ж скажам, што ёсць – праўда, мала, небагата, але не забывайце, што толькі першы год, як нам, беларусам, дазволілі друкаваць кніжкі па-нашаму, такімі літарамі, якія нам патрэбны – і польскімі, і рускімі (раней дазвалялі друкаваць толькі рускімі). Мала кніжак, праўда, але яны ўсё прыбываюць, і цяпер ужо можна вучыць чытаць дзяцей па-нашаму, бо ёсць і «Лемантар» і «Першае чытанне для дзетак беларусаў» (друкаваныя і польскімі і рускімі літарамі), а, дасць бог, хутка будзе болей, каб аб усім, што чалавеку патрэбна, можна было прачытаць у сваёй роднай мове.
1906
Крыніца: Цётка. Творы. – Мн.: Маст. літ., 1976. – 306 с.
Похожие статьи:
Цётка (Алаіза Пашкевіч) → Цётка - Мора
Цётка (Алаіза Пашкевіч) → Цётка (Алаіза Пашкевіч)
Цётка (Алаіза Пашкевіч) → Цётка - Прысяга над крывавымі разорамі