Ад сваіх хат, ад сваіх ніў,
Ад усіх братоў, хто толькі жыў,
Нясу слязу, нясу я стогн,
Нясу нагаек царскіх звон.
У нас там ноч, у нас там стук,
Мы ацямнелі з страшных мук,
З нас пот ліецца, сохнуць грудзі.
Нас катуюць! Чуйце, людзі!
Чуйце, чуйце, руку дайце!
Мы вам родны. Праўду знайце:
Ці у долі, ці ў нядолі —
З вамі станем ў адным полі,
Рука ў руку з вашым братам
За свабоду перад катам.
1906
Аналіз верша:
Усведамляючы надыход расплаты за здзекі, што чыніліся прыгнятальнікамі праз доўгія стагоддзі, Цётка звяртаецца да братніх народаў, якія таксама пакутавалі ў няволі (Цётка пісала гэты верш, знаходзячыся ў эміграцыі на Украіне):
Паэтка-рэвалюцыянерка выяўляе ў гэтым вершы глыбокае разуменне падзей. Яна становіцца прапагандыстам ідэі адзінства інтарэсаў працоўных мас усіх нацыянальнасцей. Заруку поспеху ў барацьбе супраць царызму Цётка бачыць у яднанні народаў. Гэтыя ідэі яна выказвае настойліва, з запалам, ад чаго верш набывае выключную пранікнёнасць, усхваляванасць: «Чуйце, людзі! Чуйце, чуйце, руку дайце!»
Звяртаюць на сябе ўвагу ў вершы паэтычныя паўторы («Ад сваіх хат, ад сваіх ніў...»), якія ўзмацняюць эмацыянальную сілу звароту. Настойлівыя заклікі падмацоўваюцца прачулымі радкамі, у якіх паэтка запэўнівае братоў па нядолі ў глыбокай салідарнасці беларускага народа з імі.
Адрасаваны братнім народам верш «Суседзям у няволі» адначасова гучаў як баявая прысяга беларускага народа. Не адступацца, змагацца да канца! – вось што чуецца ў заключных радках.
Цётка адчувае сябе паўнамоцным прадстаўніком свайго народа, бярэ на сябе ўсю паўнату адказнасці за яго паводзіны ў рэвалюцыі. I калі недзе ў глыбіні яе душы ўзнікае насцярожанасць, сумненне, ці ўсе выйдуць на бітву з царызмам, з тым большай сілай і рашучасцю яна вядзе размову. Паэтка настойліва ўнушае і пераконвае, мякка запэўнівае, душэўна просіць. Кожны яе радок – крык душы чалавека, які зразумеў, што нельга ўпусціць гістарычны шанс.
Похожие статьи:
Цётка (Алаіза Пашкевіч) → Цётка - Міхаська
Цётка (Алаіза Пашкевіч) → Цётка (Алаіза Пашкевіч)
Цётка (Алаіза Пашкевіч) → Цётка - Прысяга над крывавымі разорамі
Цётка (Алаіза Пашкевіч) → Цётка - Сварба
Цётка (Алаіза Пашкевіч) → Цётка - Мора