Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Цётка - Прысяга над крывавымі разорамі

Увага! Поўны змест

   Быў цёплы асенні дзень. Нівы ціха адпачывалі пасля летняй працы. Цёмны лес шаптаўся ў глыбокай задуме. Буслы тужліва ляцелі на вырай. Гэтага дня, маркотны і згорблены пад цяжкаю хмараю невясёлых дум, ледзьве-ледзьве поўз стары Мацей у поле.
   – Галава баліць, рук не зняць, – бурчэў ён, падцягваючыся. – Дзяцей дагадаваўся, а адпачыць некалі і не за кім.
   Так ён сам сабе жаліўся.
   Праўда, у Мацея было трох сыноў: аднаго ўзялі ў маскалі, другі паехаў да Пецярбурга шукаць хлеба, трэці пайшоў за парабка да двара, а бедны Мацей з жонкаю і двума малодшымі дзяўчатамі астаўся ў хаце на сваёй гаспадарцы.
   Бедната, адзіноцтва, сілы ўжо не тыя, – а рабі і рабі, працуй без канца... Мардасовічу – за лён, Бізуноўскаму – за пашу, а там і за бульбу плужы і плужы штодзень на адработках, так што сваё, хоць і вузка, але і то лында, і то няхват часу ў пару засеяць. Вось і цяпер – суседзі ўжо даўно пасеялі і пабаразнілі, а Мацей толькі першы дзень выйшаў на сваё і то быў хворы.
   Аднак, перамагаючы сябе, насыпаў жыта ў фартух, напляваў у жменю, чарпануў зярнят і са словамі "радзі, Божа" сыпануў зерне на чорную глебу.
   Зярняты замільгацелі на раллі. А Мацей стаяў з пасалавеўшымі вачыма і шаптаў: "Не магу... Надта ж галава баліць і сон морыць".
   I, не ўкладаючыся і не пасцілаючыся, ён, як стаяў, так і лёг, так і заснуў...
   Спаў, як пласт, упоперак загона з раскінутымі рукамі. Ліцо было бледна, губы чорны ад смагі, дыхаў ён часта і з якімсь хрыпам. Здалёк выглядаў на чалавека, каторага вот-вот раскрыжавалі і прыбілі да зямлі, і так ён паволі канае...
   Мацей спаў і сніў. Сніў ён, што сабралася моц народу на яго ніве: былі там і маладыя, і старыя, і мужчыны, і кабеты, і дзеці – у розных апратках, і ўсе крычалі:
   – Вузка! Цесна! Мала!
   А Мацею здавалася, што і ён сам стаіць пасярод гэтага народу, і што ўсе чакаюць, што і ён сам, Мацей, скажаць, і што вот-вот к яго сэрцу падыходз^ь нейкі жаль, і што ён таксама пачынае крычаць:
   – Вузка! Цесна! Мала!
   Аж, здаецца, выбягае сусед Астап, заціснуўшы кулакі, і крычыць яшчэ мацней ад Мацея:
   – А скуль узяць? Скуль дастаць? Кажы, скуль?.. Тады захістаўся народ і зароў:
   – Глядзіце, во прасторы! Во нівы, лясы, палі! Усё гэта наша!.. А Астап:
   – Лжэце! Няпраўда! Не дадуць: то казённае, дворнае, – ні я, ні вы не маем права. Не дадуць, паб'юць!
   Вось далей здаецца Мацею, што з цьмы народу выходзяць яго тры сыны: парабак дворны, салдат і работнік пецярбургскі і становяцца на калені і прысягаюць громка, ясна, паволі:
   – Мы дамо! Мы – сіла! Мы – права!
   Мацей абліваецца потам, сэрца яго б'ецца... I здаецца яму, што ўсё гэта спавіў туман: толькі разоры стаяць поўны крыві, а над імі вісяць тры скрыжаваны далоні... I раздаецца ціха ясны голас:
   – Мы – сіла! Мы – права!..

1906
 

Похожие статьи:

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка (Алаіза Пашкевіч)

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка - З прыску ды ў агонь

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка - Міхаська

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка - Сварба

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка - Мора