(Рэвалюцыя народная)
Не такое цяпер мора,
Не такі у хвалях шум:
Цяпер бурна, страшна мора!
Хваля поўна дзікіх дум.
Мора вуглем цяпер стала,
Мора з дна цяпер гарыць,
Мора скалы пазрывала,
Мора хоча горы змыць.
Мора злуе, крэпнуць хвілі,
З дзікім шумам бераг рвуць;
Гром грыміць за вёрсты-мілі,
З мора брызгі ў неба б'юць.
Месцам хваля стогнам рыкне,
Месцам плач сарвецца з губ,
Месцам бераг болем ікне,
Гром грыміць у тысяч труб.
Мора зброіцца палкамі,
Шум русалак разбудзіў,
Запаліўся смок агнямі,
Неба чорны гнеў пакрыў.
Бог сярчае: злая бура
Псуе вельмі святы сон.
Б'ецца, рвецца ўся натура,
Аж дрыжыць нябесны трон.
Трон дрыжыць, не спяць прарокі,
Бог склікае святы сход;
А там радзяць, што аблокі
Мусяць штурм пусціць у ход.
Бой пачаўся. Войска бога
Залпам паліць ў горды хвіль...
Мільён згіне, — нова змога
Расце крэпка праз сто міль.
Растуць сілы мора злога,
У размаху відзен гарт;
Не адступяць войскі бога...
Бой пачаўся не на жарт.
Такі бой вякамі жджэцца,
Такі бой гігантаў дасць,
Ў такім баю толькі грэцца,
Ў такім баю толькі пасць.
Крыніца: Беларуская літаратура : хрэстаматыя / [складальнікі: У. В. Адамчык, М. В. Адамчык]. - Мінск : Сучасны літаратар, 2004. - 1007 с.
У вершы «Мора», які мае падзагаловак «Рэвалюцыя народная», паэтка стварыла алегарычны малюнак піку рэвалюцыйнай барацьбы. Разбуджаную стыхію народнага бунту яна ўвасабляе ў сімвале злавеснага, бурнага, нават палаючага мора:
Супрацьлеглая стыхія — неба; нябесны трон — сімвалічнае месцазнаходжанне абагоўленага цара. Атаясамліванне цара, якога трэба скінуць, з Богам не несла ў сабе ніякага антырэлігійнага зместу, а было адбіткам тыповага абагаўлення першай уладарнай асобы, якое звычайна культывавалася ў манархічнай дзяржаве і мела за адрасата просты народ. Сімвалічны бой паміж «морам» і «небам» апяваецца паэткай як смяротная, але жаданая схватка, у выніку якой нараджаецца новая эстэтыка гераічнага і ўзвышанага.
Похожие статьи:
Цётка (Алаіза Пашкевіч) → Цётка (Алаіза Пашкевіч)
Цётка (Алаіза Пашкевіч) → Цётка - Міхаська
Цётка (Алаіза Пашкевіч) → Цётка - З прыску ды ў агонь
Цётка (Алаіза Пашкевіч) → Цётка - Сварба
Цётка (Алаіза Пашкевіч) → Цётка - Прысяга над крывавымі разорамі