Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Цётка - Восень

Восень гумны накладае,
Возіць снапы, расчыняе
Хлеб галодным гаспадарам:
«Ешце, людцы, вы нядарам
Працавалі усё лета,
Закусіце хоць за гэта».
Бульбу з ніўкі верне ў мех
Ды барзджэнька прэ ў засех.
Тне капусту з качанамі,
Гусей гоніць з бацянамі
У далёкі край за горы,
За азёры ды за моры.
«Птушкі мілы, не кляніце,
А малітвы гаварыце,
Каб вас хвіля не забіла,
Каб акула не ўкусіла,
Каб вярнуцца клекатаці,
Пастушочкаў забаўляці».
Восень – міла гаспадыня:
Дзе ні глянеш – поўна скрыня
То арэхаў, то пшаніцы
Па куточках у святліцы.
Аб усім яна так дбае,
Нівы зябліць, засявае,
У папары руніць жыта,
Каб на весну было сыта.
А гасцінец – поўны люду!
Да мястэчка, як да цуду,
Бягуць хлопцы і дзяўчаты,
Гоняць быдла, жарабяты.
Бабы вязуць грыбы, семя,
Стан, ручнік, маток, адзенне,
Масла, сыры, мак, хвасолю,–
Што зрадзіла на іх долю.
Поўны рынак людцаў крыку,
А што смеху, а што рыку!
Гочуць гускі, пішчаць свінне,
Над снасцінкай курта вые,
Сорка цягне яйкі з возу,
Бэрка плаціць за бярозу.
Янук годзіць новы боты,
Юрка свішча для ахвоты,
Крыся мерыць каптан ў люстры,
Агатулька рэжа хусты.
Кася глядзіць ў Пайкі кветкі,
Белы кашчмір на жакеткі,
Пацеркі ў чатыры шнуры:
Будзе дружкай у Бандуры.
Жыдок мерыць гарцам соль,
Шаптун лечыць нейкі боль;
А як мне ды без тавару
Паказаць нат стыдна твару.
Пайду лепш за места скокам,
Кіну яшчэ разок вокам
На лясочак, на палетак,
Ці такія, як улетак.
Не такія – іншы шаты:
Летніх відны толькі шматы.
Месцам кветка без вяночка,
Месцам грыбок з-пад кусточка
Гляне быстра, вушкі стуліць,
Затрасецца. Восень глуміць
Усе кветкі, ўсе галінкі,
Ўсё змятае да сцяблінкі.
Восень чысціць зіме гладка,
Бо той ў белі было б гадка
Праскакаці ў нас па полях,
Былі б ножкі у мазолях.
Пыл на сукні парассеўся б,
Ў белы шчокі слінай ўеўся б.
Чыста, чыста па ўсім полі,
Аж на сэрцы грызуць болі.
А дзе ж зелень, а дзе стужкі,
А дзе ж песні, а дзе ж птушкі?
Ўсюды старасць, смутак вее,
З хмарак дробны дожджык сее,
Слонка нізка чэша косы.
Дубняк смутны стаіць босы.
Лужок жоўты. Загон шэры.
Рэкі крые лядок белы.
Ў лесе свішча вецер, плача.
Па бярозах сойка скача.
Сава гудзе, вабіць зайцаў.
Чуць не згрыз сабе я пальцаў,
Прыраўняўшы, паглядзеўшы
Наша жыцце. Ўпаў, замлеўшы,
Прымкнуў вочы; бачу твары
Ўсе знакомы: пры алтары,
На хрысцінах, на вяселлі,
То на йгрышчы, то ў касцелі,
То пры працы, то пры песні
Тут і слёзы, тут балесці,
Тут магілы, тут і труны,
Тут грамніцы, тут цалуны...
Нейка пекла, нейка каша!
А дзе ж шчасце, братцы, наша?

1902-1903



Крыніца: Цётка. Творы. – Мн.: Маст. літ., 1976. – 306 с.

 

Похожие статьи:

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка - Сварба

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка - Міхаська

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка - Мора

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка (Алаіза Пашкевіч)

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка - Прысяга над крывавымі разорамі