Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Францішак Аляхновіч - Круці не круці – трэба памярці
У п’есе «Круці не круці – трэба памярці» (1943), напісаная вершаванай прозай, пераплятаюцца фальклорна-фантастычныя матывы з рэалістычнымі.
Францішак Аляхновіч доўгі час не звяртаўся да фальклору. Такую неабходнасць ён адчуў тады, калі на акупаванай тэрыторыі склаліся абставіны татальнага тэрору і ўсеагульнага хаосу, калі страчвалася вера ў розум чалавека. У час другой сусветнай вайны – у гэты цяжкі момант гісторыі чалавецтва – Францішак Аляхновіч імкнецца зразумець сутнасць сучаснасці, знайсці нейкія тыповыя прыкметы эпохі, прыхаваныя прычынна-выніковыя сувязі. Так узнікаў твор, які стаў своеасаблівай формай роздумаў на тэму жыцця свайго народа, і яшчэ шырэй – усяго чалавецтва, які ў сваім філасофскім падтэксце быў накіраваны супраць усялякага прыгнёту. Ён жа аказаўся апошнім сцэнічным палатном Аляхновіча.
Месца дзеяння «Круці не круці...» – Вільня і яе наваколле, час дзеяння – сярэднявечча, але фактычна маецца на ўвазе сучаснасць, а месцам дзеяння становіцца ўвесь свет. Такі ж умоўны характар мае дзяленне твора на акты ці так званыя абразкі. Яны звязаны адзін з адным агульнай ідэяй, а не псіхалагічным развіццём дзеяння.
Драматург «адбірае» характэрную індывідуалізуючую прыкмету ад сваіх персанажаў – імя. Для большасці герояў п’есы пакінуты толькі абагульненыя абазначэнні: мужык, алхімік, старая ведзьма, маладая ведзьма, першы чорт, другі чорт, першы шляхціц, другі шляхціц, яўрэй, татарын і г. д.
Прастора «Круці не круці...» і рэалістычная, і казачна-ўмоўная. Па дарозе ў Вільню мужык сустракае Смерць і асабліва гэтаму не здзіўляецца. У сваю чаргу і фантастычны вобраз пачынае набываць канкрэтныя рысы персанажа, уключаецца ва ўмоўную будзённасць п’есы. Смерць у нейкай ступені страчвае сваю варожую сутнасць і надзяляецца якасцямі чалавека. Да яе нават звяртаюцца як да чалавека – «пані Кастуся».
Смерць стамілася, просіць мужыка занесці яе ў горад. Яна нават своеасабліва плаціць за паслугу – дае магчымасць зазірнуць у будучыню. Але гэты эпізод, дзе чалавек дазнаецца аб гадзіне сваёй смерці, для інтрыгі п’есы не галоўны. Вядучы ён толькі для казачнага жанру, у тым ліку для аднайменнай з п’есай казкі «Круці не круці – трэба памярці».
Драматург нібы размывае водападзел паміж дабром і злом, фіксуе тую каштоўную нявызначанасць, якая ўзнікае са стратай чалавекам маральных арыенціраў. П’янства – адна з пастаянных адмоўных велічынь, характарызуючых жыццё народа. Ад «атручанага» мужыка нячыстая сіла дазнаецца, што той запрадаў Смерць алхіміку-доктару, які і хавае яе. Нячысцікі падымаюць людзей на бунт супраць жыцця ўвогуле, але за жыццё ўласнае, меркантыльнае. У сваёй антычалавечай салідарнасці аб’ядноўваюцца далакоп і сталяр, шляхціцы, поп і ксёндз і г. д. Драматург праводзіць думку, што ў жыцці людзі часта кіруюцца не розумам (што можа быць больш неразумным, чым вызваленне Смерці?!), а мімалётнымі парываннямі, жаданнямі, безгрунтоўнымі мроямі.
Крыніца: Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: У 4 т. Т 1. 1901 – 1920 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літ. імя Я. Купалы. – Мн.: Беларуская навука, 1999. – 583 с.
Похожие статьи:
Францішак Аляхновіч → Францішак Аляхновіч. Аналіз творчасці
Биографии → Францішак Аляхновіч
Францішак Аляхновіч → Францішак Аляхновіч - Няскончаная драма