Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзіслаў Сыракомля - Ілюмінацыя

Успамін пад дождж
Народная гутарка


I

Вечары падаўжэлі, на восеньскіх пожнях

Задрамала прырода.

Спахмурнелі нябёсы, дождж лінуў абложны,

Ад заходу да ўсходу.


Абазваўся паштовы званочак з дарогі

I ў прасторах рыдае.

Абняла маё сэрца туга і трывога,

А па чым, не ўгадаю.


Нібы вецер асенні, што шастае ў лісці

I ўжо лугам бяжыць ён,

Гэтак думка чуллівая рвецца кудысьці,

А куды? Адкажыце!


У мінулыя часы вядуць мяне мары

Гэтай смутнай гадзінай.

Ці то кропля дажджу секанула па твары,

Ці то ўпала слязіна?


Стала брыдка мне, плачу, заплюшчыў павекі,

Я сяджу сціхатою;

I малюнак, здаецца, забыты навекі,

Паўстае прада мною.


ІІ

Ой, даўно было гэта, ды так, як сягоння, –

Ноч, асенняя слота.

Толькі сэрца не знала такога сутоння

I не мела згрызоты.


Заманулася раптам майму таварыству

Ехаць на паляванне.

I хоць я не стралец, з мяне мала карысці,

А гатовы быў з рання.


У дарогу сабе я злажыў тады нішкам

Рэчы ўсе да патрэбы:

Алавок і паперу, ды люльку і кніжку,

Не забыўся і хлеба.


Смеючыся, мы рушылі рана ў дарогу,

Гаварылі і кпілі.

А было там не блізка да бору старога –

Дзве ці тры нават мілі.


Да рубіны змакрэлі – дождж лье ручаямі,

I ўся зброя замокла...

Як мы рады былі, калі перад вачамі

Засвяціліся вокны!


Гаспадар дапамог пасушыць нам адзежу,

Трохі сала наскварыў,

I размова тады паплыла як належыць,

З паляўнічаю чарай.


Села маці старая, сагнутая доляй,

Але постаць якая!

Вось пра замак нясвіжскі, пра князя Кароля

Гаварыць пачынае.


Там на вочы свае змалку бачыла дзівы,

А найболей уразіў

Яе Аўгуст Станіслаў, кароль літасцівы,

На гасцінах у князя.


На цяперашні час як аглухла жанчына –

Па мінуўшчыне крочыць.

Сэрца мне разарвалі яе успаміны

I завільжылі вочы.


Гэтай сціплай аповесці ўток і аснова:

Боль з пякельнаю скрухай.

Раскажу вам яе тою, матчынай, мовай:

Калі хоча хто – слухай!


III

Князь нясвіжскі Кароль, дайце веры мне, дзеткі,

Пэўна, мора меў грошы,

Не чувана нідзе дый не бачана гэткай

I за светам раскошы.


Хай Шыбіцкі, Ляховіч – старыя – раскажуць,

Ім жа добра вядома,

Як жылі, як гулялі паны безразважна,

Калі меў хто маёмасць.


Колькі птаства на кухню ішло, колькі трункаў,

Як ігралі музыкі,

Калі князь на дзівосы свае ды частункі

Панства рознае клікаў.


От, вядома, шалеюць з раскошы магнаты,

Шум і смех у палацы;

Плацяць плачам за гэта змарнелыя хаты,

Плацяць чорнаю працай.


IV

Пасля нашага шлюбу, здаецца, налета

Адбылася прыгода...

Чалавека ў бядзе, без хвіліны прасветлай,

Не мінае нягода.


Дзень пры дні барукаешся з доляй нялюдскай

Аж да самага скону...

Муж наняўся на службу за брамаю Слуцкай

Старажуе ў Аўрона.


На святога Кароля ў Нясвіжы панадна,

Фэст надзвычай вясёлы.

Трэцяга ці чацвёртага лістапада

Князь спраўляе анёлы.


Муж паехаў... (не помню) у Слуцк ці у Начу,

Кінуў дом як на тое...

А пан Бог літасцівы за нашы нястачы

Падарыў нам малое.


Чысты бацька пяршынец мой быў улюбёны,

Вельмі, вельмі падобны.

Ахрысціў яго ксёндз бернардынскі Антонам,

Імем дзедавым добрым.


Хлапчанё было – золата; іншыя дзеці

Не ўдаліся такія.

Спарахнеў ужо, нават шкілетам не свеціць

Праз пясочкі сухія.


Але жыў бы, магчыма, каб тыя гасціны

Князь не ладзіў увосень.

Густа воспа валіла дзяцей селяніна –

Захварэў мой Антосік.


Уважайце, панкі, акрыяць бы ён здолеў

Ад хваробы нягоднай,

Але змусілі нас на святога Кароля

Пазапальваць паходні.


Як ліхтарня, палац ззяе сотнямі свечак,

Толькі лой аплывае,

Езуіцкі пан рэктар расквечвае вечар,

Феерверкі пускае.


Нават голку на грэблі ў святле каганцовым

Адшукаў бы адразу,

Ды ў мястэчку паходні гараць ля дамовак

Па бурмістра наказу.


Вартаўнічыя там працавалі нястомна,

Білі палю за паляй,

Настаўлялі слупоў каля кожнага дома,

Толькі лямпы запальвай!


Галава мая бедная! Слуп не гарыць мой,

Запаліць не паспела.

А што мела рабіць я адна з хворым дзіцем –

Я сыночка глядзела.


Пазіралі на вуліцу з нашай сядзібы

Два акны невідушчых.

Служка з ратушы моцна загрукаў у шыбы,

Шкло дашчэнту патрушчыў:


«Гэй, запальвай святло, як загадана ў месце

Ясным панам бурмістрам!»

Ці туліць мне дзіця, ці святло тое несці?

Калачуся я лістам.


Там хапае агнёў, а мне хворага сына

Трэба ўцешыць, загушкаць...

Тады, ў хату заскочыўшы, б’е мяне ў спіну

Злосны ратушны служка.


Я – на вуліцу бегма, агеньчык то цьмее,

То згасае раптоўна,

А як гляну праз шыбу – дзіця там дранцвее, –

Хата сіверу поўна.


Мой Антосік заходзіцца, бедны, без рады,

Сэрца кроіцца жалем,

Хочу бегчы, ды служка паказвае ўладу,

Бізуном пагражае.


Раздзімаю агонь, а ён нікне, як знічка,

Не гарыць мой слупочак.

Служка б’е мяне ў плечы, а тлум вартаўнічых

Насміхаецца ў вочы.


Каганцы іх гараць, а мой возьме ды згасне, –

Толькі вецер павее.

Запаліла такі, а хлапчынка няшчасны

Ужо з крыку сінее.


Праз пабітыя шыбы шугнуў у калыску

Сівер разам са смерцю,

Смерць хапае дзіцятка ў ледзяныя усціскі,

Ахалоджвае сэрца.


Маці бегчы не можа, старацца ёй трэба,

Каб агонь быў магнатам.

Апаўночы ударылі з вежаў пад неба

Ў гонар князя гарматы.


Там венгерскае п’юць, забаўляюцца госці

У раскошы, ў багацці,

А тут паліць святло і па сыне галосіць

Змізарнелая маці.


Бочкі рознага трунку прывезлі з палаца,

Віны, моцную старку,

I мяшчане на плошчу бягуць частавацца,

Задарма выпіць чарку.


Калі ж князю крычаць пачыналі віваты,

Значыць год яму многа,

Я дабегла да сына ў халодную хату,

Ды знайшла нежывога.


I праз дзень яшчэ цешылі ўсіх даастачы

Імяніны ў Нясвіжы...

Я ж на могілкі йшла за труною дзіцячай,

На плячах несла крыжык.

 

I дагэтуль душа мая ў жальбе вялікай,

Як наяве ўсё бачу:

Ручаняты, як воск, скасцянелыя ў крыку,

Жоўты тварык дзіцячы.


Гэтак суджана... Дзе ўжо шукаць вінаватых,

Хай пан Бог мяне крые.

Але ж гучна па замках спраўляліся святы

У часіны былыя.


1856, Барэйкаўшчына

 

Крыніца: Сыракомля У. Выбраныя творы / Уладзіслаў Сыракомля; Уклад., прадм., камент. К. Цвіркі. – Мінск: Кнігазбор, 2006. – 528 с.

 

Похожие статьи:

Уладзіслаў СыракомляУладзіслаў Сыракомля - Хадыка

Уладзіслаў СыракомляУладзіслаў Сыракомля - Не я пяю — народ божы

Уладзіслаў СыракомляУладзіслаў Сыракомля - Добрыя весці

БиографииУладзіслаў Сыракомля

Уладзіслаў СыракомляУладзіслаў Сыракомля - Ужо птушкі пяюць ўсюды...