Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзіслаў Сыракомля - Паштальён

Народная быліца


Тут п’юць і гуляюць, адзін ты не п’ян,
А сумны, як вязень прыкуты
Вазьмі сабе чарку, сядай на тапчан,
Скажы, што ў цябе за пакута?

Ні бомы, ні дудка, ні смех вечарын
Развеяць твой смутак не могуць,
Два леты жывеш тут, а светлай пары
Ці меў ты часінку, нябога?

— Ой, горка і смутна мне ўсюды, браток,
Няміла на свеце, няміла!
Дай чарку! Скажу, калі вып’ю глыток,
Як доля мяне падкасіла...

На пошту я трапіў зусім малады,
Фурман з мяне ўдаўся зухвалы,
А волі не меў, дый ганялі тады:
Хоць свята, хоць ноч — усё мала!

Ад рання да змроку, ад змроку да дня
Вазіў я паноў і пакеты;
Заробіш рубля — і пад карчму каня:
Гуляй, весяліся да свету!

Ашукваў дзяўчат, зневажаў дружбакоў,
Быў з пісарам запанібрата!
На коней як свісну — аж іскры з падкоў, —
I лейцамі сівых не кратаў.

Ды сэрца аддаў я дзяўчыне-красе
З убогай вясковай хаціны.
Дарогі туды кіраваліся ўсе, —
Пабыць з ёй хацеў хоць хвіліну.

Была нейк у пісара справа ўначы,
Паклікаў мяне да сябе ён.
Іду, сваю долю цішком кленучы,
А ў полі скугоіць завея.

«Вязі эстафету!» — «Ой, ліха звяло,
Шапчу сабе, — ў полі ні тропу...»
А сам за пакет, за каня, за сядло!
Ганю каркаломным галопам.

Мяцеліца круціць, упыну няма,
Страшэннае скрозь бездарожжа,
Слупы верставыя мільгаюць старчма,
Пад’ехаў пад трэці — а Божа!

Пачуўся мне плач, хоць віхура гула,
Хтось клікаў, прасіў дапамогі,
Падумаў я: «Згіне, сляпая імгла,
У снезе не знойдзе дарогі...»

Каня павярнуў, аж здалося, нібы
Хтось шэпча: «Куды ты, дзівача?
Ды лепей у вёсцы той час перабыць, —
Дзяўчыну сваю хоць пабачыш!»

Страх сэрца мне сціснуў, забіла духі,
Чало зледзянела ад поту;
Я ў рог затрубіў, каб не чуць, стаць глухім
Пагнаў сівака праз сумёты.

Я еду дадому, за трое ганей
Вяртаецца страх непазбыты,
А сэрца ўсё шэпча крадком, як раней,
Бразджыць, як званочак разбіты.

Конь чмыхнуў пры слупе, спыніўся наўзбоч:
У снезе, пад плахтаю белай,
Жанчыну я згледзеў, яна ўжо за ноч,
Як дрэва, уся скасцянела.

Я снежную намець абтрос з яе шат
I труп падцягнуў да дарогі...
Абцёр ёй аблічча... Была, гэта, брат...
Дай чарку... Не маю больш змогі!

Май 1844, Залуча

 

Похожие статьи:

Уладзіслаў СыракомляУладзіслаў Сыракомля - Добрыя весці

Уладзіслаў СыракомляУладзіслаў Сыракомля - Хадыка

Уладзіслаў СыракомляУладзіслаў Сыракомля - Ужо птушкі пяюць ўсюды...

Уладзіслаў СыракомляУладзіслаў Сыракомля - Не я пяю — народ божы

БиографииУладзіслаў Сыракомля