Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Уладзіслаў Сыракомля - Лірнік вясковы
Ідылія
I
Лipa мая ты спеўная! З чараўнічага дрэва,
Мусіць, ты змайстравана.
Ледзь вазьму цябе ў рукі, усе, як ёсць, твае гукі,
I песняй я ўвесь забраны.
Чую радасць без краю, быццам бы сэрца грае
I смутна, і вясёла.
Я шчаслівы, багаты, зноў ад хаты да хаты
Іду праз родныя сёлы.
У дарагой старонцы і дзень, і ноч, і бясконца
Граць і граць буду людзям –
Да ўсхваляванага твару горача кроў ударыць,
Болем сціснуцца грудзі.
Хай рука ўся здранцвее, сэрца няхай замлее,
Тону не зніжу я, шчыры.
Мо нават страчу голаў, усё ж я – лірнік вясковы,
Памру, пеючы на ліры.
II
Ліра мая ты спеўная з чараўнічага дрэва!
Ты – інструмент небяспечны!
Хто да цябе прыхінецца, струн тваіх дакранецца,
Помніць цябе будзе вечна!
Думка да зор панясецца, шчасця захочацца сэрцу,
Страты згадае кожны.
Ты – пакаранне з неба! Нібы з той брытвай, трэба
Быць з табой асцярожна!
Брытва парэжа цела, песня ж, што з сэрца ўзляцела,
Раніць душу маладую.
О! Людзям часта здаецца: лірніку лёгка пяецца,
Быццам бы ён не гаруе.
Што могуць ведаць людзі, як мне баляць часам грудзі,
Як мяне думы будзяць:
Граць ад сэрца, як трэба, граць высока му небу
I ў карчме добрым людзям.
Граць адзінай, каханай, хай мой спеў палымяны
Ёй душу ахінае –
Ці жне жыта на полі, ці гуляе ў прыволлі,
Ці ў гайку спачывае.
Ну ж у мяне і дзяўчына! Хлопцы роем пчаліным
Уюцца пры ёй, бывае.
Хлопца – той вусамі, той – серабром, кутасамі,
Той – меч стальны выстаўляе.
Бог мне болей прызначыў: даў мне талент спявачы!
I прад любым мундзірам
Песню не зніжу і голаў – горды лірнік вясковы,
Памру, пеючы на ліры!
III
Ліра мая ты спеўная з чараўнічага дрэва,
З табой надзея малая!
Песні не гожыя, мусіць: ці перад небам малюся,
Ці для людзей заспяваю –
Толькі ніхто й не зважае, як ад сцяны, адлятае
Голас – у хаце ці ў полі.
Бо каму ні пяю я – чуе, як бы не чуе.
О мая бедная доля!
Так, калі часам з краю сяду ля алтара я
I, як хачу, зайграю,
Ксёндз глядзіць тады з гневам, што царкоўныя спевы
Смутным тонам збіваю.
А як пайду на свята, дзе хлапцы і дзяўчаты
Весела ў крузе скачуць,
У шуме гульняў вясковых лёс свой кляну песняровы,
Нават цішком заплачу.
Слухаць пачне дзяўчына, але душу зачыніць,
Гора мне, горка на сэрцы –
Позірк лаўлю я харошай, кіне ж яна мне тры грошы
I ў скокі з іншым ірвецца.
Дзед загугнявіць ля вуха: «Колісь я лірнікаў слухаў!
Гралі – будзьце здаровы!
Сёння ж ліру, бывае, хлопец бязвусы трымае –
Даць яму б рог Пастуховы!»
I так паўсюль: маё гранне хваліць адзін, іншы – ганіць.
Дзякуй, дзякуй вялікі –
Што мне з гэтакай ласкі, калі ў далоні хто лясне:
Раніць ён сэрца музыкі!
Ліра! Ты боль мой і церні! I ўсю разбіць бы цяпер мне!
Кінуць бы ў кіпень віру!..
Ды толькі ты – мая мова, і я ўсё ж – лірнік вясковы!
Памру, пеючы на ліры!
IV
Ліра мая ты спеўная з чараўнічага дрэва!
Пояць слязамі людзі
Песні мае, і ў часіну, калі навек я спачыну,
Ты маім помнікам будзеш.
Эй, разляціцца навокал рэха тваё далёка!
Я ад краю да краю
Спеў данясу твой са славай – аж да Кіева нават,
Аж да самога Дунаю.
Некалі ў вокны – так будзе! – стукнуць чужыя людзі
Да суседскай хаціны:
«Мы ўсе прыйшлі, каб глянуць, дзе спачывае нам знаны
Лірнік – гонар краіны».
Будуць вяскоўцы здзіўляцца, ціскаць плячамі, шаптацца,
Скрозь паляцяць пагалоскі:
«Людзі з далёкага краю нашыя песні спяваюць!
Песні нашае вёскі!»
Стануць усе хваліцца, сваім земляком ганарыцца
Перад людзьмі чужымі.
I – заўсёды, усюды – славіць лірніка будуць,
Што жыў і спяваў з імі.
I ўсім, хто прыйдзе ў госці, пакажуць крыж на пагосце
Ды курганок са жвіру.
Скажуць горды я словы: «Тут наш лірнік вясковы!
Памёр, пеючы на ліры».
18 студзеня, Залуча, 1852
Крыніца: Літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя: анталогія / укладальнікі: К. А. Цвірка, І. С. Шпакоўскі, К. У. Антановіч – Мінск: Беларуская навука, 2013. – 862 с.
Похожие статьи:
Уладзіслаў Сыракомля → Уладзіслаў Сыракомля - Ужо птушкі пяюць ўсюды...
Уладзіслаў Сыракомля → Уладзіслаў Сыракомля - Добрыя весці
Уладзіслаў Сыракомля → Уладзіслаў Сыракомля - Не я пяю — народ божы