Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзіслаў Сыракомля - Жменя пшаніцы

Народная быліца


I

Дзед Сцяпан быў войт спрадвеку,
Войт адзіны ў той старонцы,
I такім быў чалавекам,
Што не знойдзеце над сонцам.
Кемны быў да кожнай справы
I да люду меў спагаду.
У цяжкіх прыгодах нават
Як найлепей мог даць рады.
I што ў свеце нечувана,
Хоць у войта з вёскай згода, —
Пан не даў яму заганы,
А драпежнага быў роду.
I няма ніякай звады,
Лічаць войта бацькам вёскі,
Але старасць-то не радасць:
Падыходзіць век дзядоўскі.
Ён без кія ўжо ні кроку,
Вока бляскам больш не грае,
За плячыма горб шырокі,
Барада зусім сівая.
На людзях бяды не тоіць:
— На спачын пара, суседзі.
Памяркуйце між сабою:
Войта трэба вам нагледзець!
Галава да трох не злічыць,
Я здароўя ўжо не маю...
Грамада крычыць там крычма,
Моцна долю праклінае.
— Што ты, вашаць, пане-браце?..
Выракаешся худобы,
Збрыдла нас апекаваці,
Наша згуба даспадобы?
Аж пакуль па белым свеце
Ходзіш, войце, з ласкі неба,
Як раней, твае мы дзеці,
Іншы войт нам без патрэбы.

Просяць, грозяць, ходзяць следам,
Вёска стогне, вёска ў скрусе...
Давялі нарэшце дзеду,
Што заставацца войтам мусіць
Але ж старасць вельмі валіць
Тых дзядоў, як з дрэў апады,
I Сцяпан дае параду,
Каб наступніка абралі.
Потым спрэчак многа будзе,
Калатэча, злосць, нязгода,
Пакалечаць душы людзі
Нават лепшага заводу.
— Добра! — крыкнулі навокал. —
Праўду кажаш ты, Сцяпане,
Ды нашто шукаць далёка,
Мы сыноў тваіх не ганім!
Трое хлопцаў... Адным словам,
Кожны варт быць на пасадзе,
Не чужы ім люд вясковы, —
Хай адзін з іх войтам сядзе.

Вось і спрэчкі. А каторы ж?
Зноў у вёсцы тлумна стала:
Той хінецца да Рыгора,
Тым Васіль здаецца ўдалы,
А ўсе іншыя Сымона
Хочуць ставіць на законы.
Бацька чуе: запалае
Звада зараз у народзе,
Валасы згарнуў з чала ён
I сваё людзям даводзіць:

— Лепшых ёсць між вас нямала,
Але выбраць як — вось гора...
Калі вам на думку ўспала,
Што прыдасца сын каторы,
Ваша ласка, не пярэчу,
Ды людзям служыць — не жарты!
Перш чым ношка ўгнула плечы,
Хай пакажа, што ён варты.
Можам мы дазнацца скора,
Хто з іх здатны больш да чыну,
Пан вясной пашле Рыгора
У Кралевец на віціны.
А Васіль у Кракаў рыне,
Не абы-як, пане-браце.
Ну, Сымонка будзе ў хаце.
Вось яго паслаць я раю
Соль купляць на Украіне,
Плацім дорага ў мястэчку.
Кожны ўправіцца павінен —
Не аб гэтым будзе спрэчка.
Але хто з чужога краю
Больш карысці прынясе нам,
Таго войтам выбіраем,
Бацькам вёскі, мне на змену,
Год мінецца ў спорнай працы,
Спраўдзім нашыя намеры,
I калі ўсіх трох праверым,
Будзем знаць, на кім спыняцца.
Словы дзедавы, як рочаць,
I ў душы надзеяй свецяць.
Ды не знаюць войта дзеці,
Як за імі вёска сочыць!
 

II

Год мінуў ад той гаворкі,
Вось Кралевец шле барліны,
I старэйшы сын Рыгорка
Прыплывае ўжо з віціны.
Доўгіх год яму жадаюць,
Льюць у кубкі мёд ды піва,
I Рыгор апавядае
Пра ўсе цуды, пра ўсе дзівы. —
Надта ж мілы ў немцаў побыт,
Пыхі многа нечуванай,
Ды найболей даспадобы
Капялюшык і каптаны.
Што казаць аб світцы нашай! —
Крой дзівацкі, неўжываны,
I відно, што гарапашны.
Кройма світкі на каптаны!
Саламяны капялюшык —
Ад прыгону ўбор для хлопа!
Вось у немцаў, кажуць слушна,
Сапраўды значна Еўропа!
Бацька слухае ціхмана,
Жар варушыць на камінку,
Але ў думках у Сцяпана:
«Ой, не будзеш войтам, сынку!»
 

III

I Васіль сыскаўся хутка:
Размаўляе тонам зуха.
Хата войта ва паўнютка,
Люду ўсё цікава слухаць:
— Што за мова у палякаў,
Што за песні, проша пана!
Напяваюць кракавяка,
А мы так пяём пагана.
Мы спяваем так шчымліва,
Словы песні — боль, гаркота,
Смутак льецца з кожнай ноты,
Ажно рэха плача ў нівах.
Дам параду я, браты, вам —
Кіньма спеў стары, жабрачы,
Кракавяка лепш заскачам,
Павяду я рэй імкліва!
Бацька слухае ціхмана,
Жар варушыць на камінку,
Але ў думках у Сцяпана:
«Ой, не будзеш войтам, сынку!»
 

IV

I Сымона сустракаюць,
Што вярнуўся з Украіны:
Ён не строіць кплівай міны,
На свой край не наракае.
— Добра, — кажа, — ў старане той,
I сляпцу відаць далёка:
Стэп пакуль сягае вока,
Стэп, здаецца, на паўсвета.
А зірне ў сваю старонку —
I затужыць падарожнік
Па рацэ, па хвойцы гонкай,
Па узгорках каля пожні.
Хоць бы нават Украіна
Горы скарбаў абяцала,
А туга б дамоў пагнала,
У бацькоўскую хаціну.
Вось адно хіба — пшанічка!
Рэч зайздросная ў тым краі!
Кожны колас, быццам бічык,
Ніва з небам размаўляе!
Трохі плёнаў тых дзівосных
Я сабраў у торбу ўпотай.
Прычакаем — прыйдзе восень —
Украінскіх умалотаў.
Я па жменьцы ўсім адразу
Дам для добрага пачатку...
Бацька выслухаў нашчадка
I ўздыхнуў замест адказу.
Гэты ўздых яго без слова
Гордай думкі быў высновай.
Гонар бацькі знаць на твары:
Дбайны хлопец, спраўдзіць мары.
 

V

Войт гаворыць з хваляваннем:
— Ў дурня дрэнныя навіны!
Хто нямецкае убранне
Прапануе славяніну,
Той, каму чужое міла,
Хто аб шапцы з лямцу марыць,
Каму вочы засляпіла,
Лічыць брыль свой не да твару,
Хай страі чужыя носіць,
Хай здароў заплюшчыць вочы:
Летам пот яго заросіць,
А пад восень дождж прамочыць!
Тройчы дурань той зухвалец,
Хто хапае спеў няродны
З ніў чужых і потым хваліць
Дух тутэйшы ў песні зброднай.
Хто ганьбуе грунт бацькоўскі,
За чужой сягае зоркай,
Той не дасць ані для вёскі,
Як Васіль і як Рыгорка.
Хто ж прывёз з другога краю
Зерне плённае радзіме
I зямлю абсемяняе,
Падзяліўшы між сваімі,
Хто аб свеце кажа скромна,
Бо свае мілей улонні,
Будзе вам служыць нястомна,
Войтам быць табе, Сымоне!
Грамада яго вітае
I заўзята б’е ў далоні,
Плён з пшаніцы прадчувае:
Войтам быць табе, Сымоне!
 

1856, Варшава

 

Крыніца: Літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя: анталогія / укладальнікі: К. А. Цвірка, І. С. Шпакоўскі, К. У. Антановіч — Мінск: Беларуская навука, 2013. — 862 с.

 

Похожие статьи:

Уладзіслаў СыракомляУладзіслаў Сыракомля - Ужо птушкі пяюць ўсюды...

Уладзіслаў СыракомляУладзіслаў Сыракомля - Хадыка

Уладзіслаў СыракомляУладзіслаў Сыракомля - Добрыя весці

Уладзіслаў СыракомляУладзіслаў Сыракомля - Не я пяю — народ божы

БиографииУладзіслаў Сыракомля