Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Уладзіслаў Сыракомля - Вызваленне сялян
Чытаў рэскрыпт я дабрачынны цараў,
Што даць людзям правы людзей павінен,
I пэўнасць меў – ніводная ахвяра
Ужо не будзе цяжкай для ліцвіна.
Дый колас плёны абяцаў на славу
Пасля дажынак залатога свята.
Хадзіў штодня глядзець я пад заставу,
Ці ў горад шляхты прыбыло багата.
Калі праз пыл ад панскае карэты
Я ўбачыў постаць і пазнаў здалёку, –
Пабеглі слёзы... З парушыны гэта
Ці штось з-пад сэрца выплыла на вока?
Адкуль яны? I лоб мой невыпадкам
Нібыта ўвенчан лаўравай галінай,
Бо мой прапрадзед шчырым быў ліцвінам,
Бо шляхціц я і маю герб з пячаткай.
Хай крыкуны, падумаў я, няславяць
I бэсцяць шляхты годнасць і аблічча,
Яны ўжо самі ўбачаць неўзабаве,
Што нездарма шляхетнымі нас клічуць.
I, можа, заўтра скажа з захапленнем
Масква і Польшча, цэлая Еўропа,
Што мы, ліцвіны, згодай ды сумленнем
Прыгону ёрмы паскідалі з хлопа,
Што прымуць славы лепшыя кавалкі,
Ў аналы трапяць як узор для свету
Перш-наперш тыя, хто з жазлом маршалка,
Хто галава і сэрца ўсіх паветаў.
Як Зыгмунт Аўгуст, і яны, нашчадкі, –
Зракуцца біча, каб навек адкінуць...
Я горды быў, што род мой ад ліцвіна,
Што шляхціц я і маю герб з пячаткай.
У Коўне быў ад добрых тостаў п’яны,
За вызваленне мы пілі аратых,
Чытаў я ліст, чарнілам палымяным
Брат вестку з Гродна пасылае брату:
«Хоць тут пяскі, няма ўрадлівай глебы,
Хоць для Друскенік грошы мець я мушу,
Ды зрокся, браце, паншчыны ганебнай,
Бо я ж не д’ябал, каб прысвойваць душы».
Тады я думаў: «О вы, фанфароны!
Ды што мне Коўна альбо тое Гродна?
Радзіма сэрца – ў Вільні улюбёнай,
I Вільня спраўдзіць клопат той народны.
Дабро для ўсіх там зробяць напачатку,
Дальюць віна ў вадохрышча ліцвінаў...
Я ганарыўся, што Літвы быў сынам,
Што шляхціц я і маю герб з пячаткай.
З сівое Ліды, са старой Ашмяны,
З Трок Кейстутовых ды з Вілейкі, з Дзісны –
Цвет нашай шляхты адусюль сабраны
Для люду вырак падпісаць карысны.
Айцы паветаў, іх жа наша пільнасць
Абрала з лепшых на сваіх загонах,
Няўжо яны дадуць зняславіць Вільню,
Вянец з чала сарваўшы ў Палемона?!
Аднак жа сталася... Мой край няшчасны!
Карону годнасці ў цябе сарвалі,
Твае айцы сваёй рукою ўласнай
Кайданы люду самі ўмацавалі.
Гісторыя асудзіць даастатку
Апеку іх над людам і краінай.
Мне брыдка Вільні, брыдка быць ліцвінам
I ганьба мець вось гэты герб з пячаткай!
1859 (?)
Крыніца: Сыракомля У. Выбраныя творы / Уладзіслаў Сыракомля; Уклад., прадм., камент. К. Цвіркі. – Мінск: Кнігазбор, 2006. – 528 с.
Похожие статьи:
Уладзіслаў Сыракомля → Уладзіслаў Сыракомля - Добрыя весці
Уладзіслаў Сыракомля → Уладзіслаў Сыракомля - Не я пяю — народ божы
Уладзіслаў Сыракомля → Уладзіслаў Сыракомля - Хадыка
Уладзіслаў Сыракомля → Уладзіслаў Сыракомля - Ужо птушкі пяюць ўсюды...