Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Творчасць Уладзіслава Сыракомлі

   Гэты творца ў сярэдзіне ХІХ ст. быў ці не самым вядомым у Беларусі і Літве. Большасць сваіх твораў ён напісаў па-польску, але нязменна падкрэсліваў сваё "ліцвінскае паходжанне". Самае ж галоўнае – гэта тое, што ўся творчасць Сыракомлі мае самае непасрэднае дачыненне да беларускай зямлі.
   Нарадзіўся Людвік Кандратовіч (гэта сапраўднае імя і прозвішча будучага паэта) 29 верасня 1823 г. у фальварку Смольгаў у тагачасным Бабруйскім павеце (сёння – Любанскі раён Мінскай вобласці). Паходзіў ён з патомнай беларускай шляхты, але яго бацька Аляксандр у той час вымушана арандаваў зямлю ў розных мясцінах на Случчыне, дзе і прайшло маленства будучага паэта. Пазней Сыракомля вучыўся ў дамініканскай павятовай школе ў Нясвіжы, а закончыў ён тую самую Наваградскую гімназію, дзе свайго часу вучыліся Адам Міцкевіч ды Ян Чачот. Потым будучы паэт дапамагаў бацькам на іх гаспадарцы ў Мархачоўшчыне і Залучы (Стаўбцоўшчына). У 1841 г. Сыракомля паступіў на службу ў Нясвіжскую канцылярыю Радзівілаў. У 1844 г., ажаніўшыся, застаўся гаспадарыць у Залучы (бацькі тым часам пераехалі ў суседнюю Тулёнку). Менавіта ў Залучы ім быў напісаны знакаміты "Паштар" (1844). Гэтым творам Уладзіслаў Сыракомля, па сутнасці, запачаткаваў жанр вершаванай гавэнды. Гавэнда (па-беларуску гутарка) узнікла ў першай палове ХІХ ст. у якасці празаічнага жанру польскай літаратуры. Класічная гавэнда ўяўляла сабою аповед шляхціца, скіраваны да канкрэтнага слухача і прысвечаны нейкім падзеям штодзённага шляхецкага жыцця. Яе ўласцівасцямі былі свабодная плынь апавядання, частыя звароты да слухача, паўторы, кампазіцыйная разнастайнасць. Гавэнда як паэтычны жанр упісваецца ў патрабаванні познесентыменталісцкай і раннерамантычнай паэтыкі. Гэта дазваляла, да прыкладу, Сыракомлю і іншым аўтарам звяртацца як да падзей даўняй гісторыі ВКЛ і Польскай Кароны, так і да ўзораў фальклору мясцовай шляхты, і не толькі шляхты. Тыповым заканчэннем гавэнды быў эпілог, які часта ўтрымліваў пытанне да ўяўнага слухача або і маралізатарскія высновы самога апавядальніка. Да самых вядомых гавэндаў Сыракомлі, акрамя вышэйзгаданага "Паштара", належаць "Высакародны Ян Дэмбарог" (1847-1850), "Лялька" (1851), "Акраец хлеба" (1854), "Вулічны кнігар" (1859) ды інш. Вялікая іх частка была напісаная і ў наступны перыяд жыцця і творчасці паэта, калі ён разам з сям’ёй жыў спачатку ў Вільні, а потым – калі не лічыць асобных выездаў у Варшаву і Вялікапольшчу – у фальварку Барэйкаўшчына, што знаходзіўся на паўдарозе з Ашмянаў да Вільні (1852-1862 гг.).
   Гавэнда "з палескай мінуўшчыны" пад назвай "Хадыка" (1847) заснаваная на рэальнай гісторыі, пачутай Сыракомлем. У цэнтры сюжэта – забойства шляхціца селянінам, які атрымаў мянушку Хадыка. Калісьці ў маладосці ён служыў панскім паляўнічым-"асочнікам", быў жорстка пакараны сваім гаспадаром за невыкананне задання і, помсцячы, забіў крыўдзіцеля. Здзейсніўшы злачынства, ён падаўся ў лес і трыццаць гадоў жыў сярод непралазных гушчароў. Каб выжыць, ён вядзе жыццё Рабінзона: палюе з сякерай на дзічыну, збірае зёлкі, а потым пачынае, вулей за вулеем, ставіць вялікую пасеку. Але надыходзіць час, і Хадыка вяртаецца да людзей. Свядома прыйшоўшы на княскі суд, ён просіць за здзейсненае даўным-даўно злачынства ўсё-такі пакараць яго "горлам". Гэтак чытач бачыць у звычайным селяніне сапраўдную хрысціянскую душу, імкненне не пераступіць біблійных запаведзяў. Гледзячы па ўсім, князь паставіўся да няшчаснага міласэрна, бо:

…Не ведаю, які быў дзень той судны,
Ды званары са Слуцка мне казалі,
Што ў кляштары памёр стары прыблудны,
Якога быццам бы Хадыкам звалі…

(Тут і далей пераклад Яўгеніі Пфляўмбаўм)

   У гавэндзе "Ілюмінацыя. Успамін пра дождж" (1856) на фоне пышных феерверкаў, арганізаваных у нясвіжскім палацы ў гонар князёў Радзівілаў, разгортваецца трагічная гісторыя "маленькіх" людзей. Выкананне загаду аб усеагульнай ілюмінацыі ў горадзе мае сваім вынікам смерць Антосіка, малога сына простай жанчыны. Праз шмат гадоў яна апавядае пра гэтую трагедыю:

…І дагэтуль душа мая ў жальбе вялікай,

 Як наяве ўсё бачу:

Ручаняты. Як воск, скасцянелыя ў крыку,

 Жоўты тварык дзіцячы.

 
Гэтак суджана… Дзе ўжо шукаць вінаватых,

 Хай Пан Бог мяне крые.

Але ж гучна па замках спраўляліся святы

 У часіны былыя.

   У гісторыю нашай літаратуры паэт-рамантык Уладзіслаў Сыракомля ўвайшоў як творца, які аб’ектыўна спрычыніўся да фармавання грамадскай атмасферы, у якой разгарэлася паўстанне 1863-1864 гг. Прыкладна ў адзін час з гавэндай "Хадыка", у 1848 г. пад відавочным уплывам рэвалюцыйных падзей, што мелі месца ў Заходняй і Цэнтральнай Еўропе, ён піша свой знакаміты беларускамоўны верш "Добрыя весці", у якім пасля канстатацыі гістарычнага моманту:

Заходзіць сонца пагодняга лета,
Веіць вецер з заходніх нябёс.
Здароў будзь, вецер з далёкага света:
Добрыя ж весці да нас ты прынёс!
Здаровыя ж будзьце, эй, добрыя весці!
Там, на заходзе, праліваюць кроў,
Б’юцца для славы, свабоды і чэсці
І робяць вольных людзей з мужыкоў… –

паэт выказвае свой адкрыты пратэст супраць панавання расійскай улады:

Годзе ж вам, годзе у яснай карэце,
Годзе, чыноўнікі, ездзіць у двор,
Годзе вам, годзе, мужыцкія дзеці,
З хаткі астаткі даваць на пабор… –

і, урэшце, пераходзіць да наўпроставых заклікаў, у духу Байрана або свайго аднагодка венгерскага паэта-рамантыка Шандара Петэфі:

…Эй, згіне вораг, як Бог нам паможа,
За нашу крыўду, за горкі наш жаль.
Запяём песню: "Хваліць цябе, Божа!"
Лягчэй будзе сэрцу, як згіне маскаль…  

   Другі верш на беларускай мове (Ужо птушкі пяюць ўсюды...), які дайшоў да нашага часу, створаны Сыракомлем ужо напярэдадні падзей 1863 г., незадоўга да сваёй смерці.
   Даследчыкі сведчаць, што ў Сыракомлі было яшчэ нямала беларускамоўных вершаў, якія не мелі гэткага выразнага палітычнага падтэксту. Некаторыя з іх, відаць, зрабіліся народнымі песнямі, а некаторыя проста не ацалелі, бо іх ва ўмовах сярэдзіны ХІХ ст. надрукаваць так і не ўдалося.
   Для беларускай культуры постаць Сыракомлі звязаная і з яго літаратурна- і гістарычна-асветніцкай дзейнасцю. Беларускай мінуўшчыне і сучаснасці, яе асэнсаванню прысвечаныя кніга "Вандроўкі па маіх былых ваколіцах" (1853; беларускі пераклад Кастуся Цвіркі, 1992), манаграфія "Мінск" (1857; беларускі пераклад Хрысціны Лялько, 1992), дарожныя нарысы "Экскурсіі па Літве, пачынаючы ад Вільні" (т.І, 1857; т.ІІ, 1860), працы "Кароткае даследаванне мовы і характару паэзіі русінаў Мінскай правінцыі" (1856), "Нёман ад вытокаў да вусця" (1861) і інш.
   Памёр Уладзіслаў Сыракомля ад сухотаў: гэта здарылася 15 верасня 1862 г. у Вільні, дзе сёння на могілках Росы яго магіла знаходзіцца сярод магіл выдатных дзеячаў беларускага адраджэння. Яго памяці прысвячалі свае вершы Адам Плуг, Янка Лучына, Янка Купала… У купалаўскім вершы "Лірнік вясковы", напісаным з нагоды 50-годдзя з дня смерці Сыракомлі, мы, у прыватнасці, чытаем:

Будзеш жыць! Будуць векі ісці за вякамі, –

 Не забудуцца дум тваіх словы,

Як і слоў беларускіх, жывýчы між намі,

 Не забыўся ты, Лірнік вясковы.

   Вобраз Сыракомлі мы сустракаем у аповесці Адама Мальдзіса "Восень пасярод вясны". На беларускую мову яго польскамоўныя вершы пераклалі Янка Лучына, Янка Купала, Уладзімір Дубоўка, Яўгенія Пфляўмбаўм, Максім Лужанін, Язэп Лёсік, Кастусь Цвірка, Уладзімір Мархель і іншыя.

 

Крыніца: Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Словы ў часе. Літаратура ад рамантызму да сімвалізму і нашаніўскага адраджэння. Санкт-Пецярбург, 2014

 

Похожие статьи:

Уладзіслаў СыракомляУладзіслаў Сыракомля - Добрыя весці

Уладзіслаў СыракомляУладзіслаў Сыракомля - Хадыка

Уладзіслаў СыракомляУладзіслаў Сыракомля - Не я пяю — народ божы

БиографииУладзіслаў Сыракомля

Уладзіслаў СыракомляУладзіслаў Сыракомля - Ужо птушкі пяюць ўсюды...