Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Уладзімір Ягоўдзік - Срэбнакрылыя стужкі
1
Самай вялікай ракой на свеце, як вядома, лічыцца афрыканскі Ніл. Разам з прытокам Кагерай ён выцягнуўся аж на 6695 кіламетраў. У Еўропе першынство трымае Волга – ад вытоку да вусця яе даўжыня 3 531 кіламетр. Зразумела, такімі адлегласцямі нам, беларусам, пахваліцца не выпадае. Аднак дастаткова зірнуць на геаграфічную карту, каб пераканацца: сваёй выявай Беларусь нагадвае чалавечую далонь, уздоўж і ўпоперак спярэшчаную рэкамі-маршчынкамі. Па тэрыторыі нашай краіны цячэ амаль 21 тысяча рэк і ручаёў, агульная даўжыня якіх больш за 90 тысяч кіламетраў. Калі злучыць іх у суцэльную блакітную стужку, дык можна аперазаць планету па экватары. І нават не адзін раз, а двойчы!.. У свае школьныя гады на ўроках геаграфіі я вельмі ганарыўся гэтым незвычайным рэкордам.
У старажытнасці менавіта рэкі былі самымі надзейнымі дарогамі. Пра гэта сведчыць і гандлёвы шлях «з варагаў у грэкі», які праз Дняпро і Заходнюю Дзвіну злучаў Балтыйскае мора з Чорным. Рэкам адведзена значнае месца ў навуковых працах славутага грэчаскага астранома Клаўдзія Пталамея. Ён жыў у другім стагоддзі нашай эры ў егіпецкім горадзе Александрыя. Будучы рознабакова адукаваным чалавекам, Пталамей стварыў «Дапаможнік па геаграфіі», дзе расказаў пра вядомыя на той час краіны і народы. Акрамя таго, ён склаў дваццаць сем карт тагачаснага свету: адну агульную і дваццаць шэсць карт асобных краін. На жаль, іх арыгіналы не захаваліся – яны згарэлі ў час пажару Александрыйскай бібліятэкі. Праз некалькі стагоддзяў страчанае часткова аднавілі па фрагметах ацалелых рукапісаў. Нас у першую чаргу цікавіць Сарматыя – так дзве тысячы гадоў таму называлася Усходняя Еўропа. На старонках «Касмаграфіі» Пталамея, выдадзенай у 1482 годзе ў Германіі, змешчана карта Сарматыі, дзе прысутнічаюць і беларускія землі. На карце паказана, што тут у паўночным напрамку цякуць дзве ракі: Хранон (грэчаская назва Нёмана) і Рубон (грэчаскага назва Заходняй Дзвіны) – абедзве ўпадаюць у Сармацкае мора (так Пталамей называе Балтыйскае мора). А вось з поўначы на поўдзень цячэ Барысфен (грэчаская назва Дняпра), які ўпадае ў заліў Понта Эўксінскага (грэчаская назва Чорнага мора). Цікава тое, што Пталамей, як мяркуюць сучасныя даследчыкі, прыняў за вярхоўе Дняпра раку Бярэзіну, бо на карце не адлюстраваны характэрны выгін каля Оршы, дзе рэчышча Дняпра крута мяняе напрамак.
Арабскі географ аль-Ідрысі (поўнае яго імя – Абу Абдалах Мухамад ібн Мухамад ібн Абдалах ібн Ідрыс ал-Хамудзі ал-Хасані) жыў праз тысячу гадоў пасля Клаўдзія Пталамея. Ён быў нашчадкам вядомага арабскага роду, працаваў у горадзе Палерма, дзе служыў пры двары сіцылійскага караля Роджэра ІІ. Аль-Ідрысі стварыў геаграфічную энцыклапедыю «Нузхат ал-муштак» (1139-1154) і яе скарочаны адпаведнік, вядомы пад назвай «Малы Ідрысі». Адначасова рупліва склаў незвычайны геаграфічны атлас, падзелены на сем «кліматаў». У сёмым (паўночным) «клімаце» паказаны скандынаўскія і балтыйскія землі, а таксама абшары паўночнай Русі. Паводле меркаванняў некаторых даследчыкаў, тут нанесены рака Днабрус (Дняпро) і яе выток рака Бельтас (Бярэзіна). Дарэчы, на захадзе ад ракі Бельтас пазначаны горад Муніска – стражытны Менеск. А на захадзе ад Днабруса ляжыць вялізнае возера Цермі, куды ўпадаюць па чатыры ракі з поўдня і захаду і сем рэк з поўначы. Мабыць, географ меў на ўвазе бяскрайнія палескія балоты.
Хутчэй за ўсё купцы-першапраходцы, якія гандлявалі з мясцовым насельніцтвам і заадно збіралі для Аль-Ідрысі звесткі, наведвалі палескую нізіну ў веснавую ці восеньскую повень, калі Прыпяць разлівалася на дзесяткі кіламетраў.
2
Назвы рэк і азёраў, ручаёў і балотаў, безумоўна, найстаражытнейшыя на зямлі. Яны падобныя на жывое рэха, што дакацілася да сённяшніх дзён ад галасоў першабытных насельнікаў рачных ці азёрных берагоў. Адкуль тыя прыйшлі і куды пайшлі – ніхто дакладна не ведае. І на якой яны размаўлялі мове, нам таксама невядома.
Як растлумачыць, напрыклад, назву Заходняя Дзвіна? Слова «заходняя» ў назве з’явілася параўнаўча нядаўна, у ХІХ стагоддзі, каб адрозніваць Заходнюю Дзвіну ад Паўночнай Дзвіны, што ўпадае ў Белае мора. Летапісец Нестар, аўтар «Аповесці мінулых гадоў», складзенай у 1113 годзе, разам з Дняпром упамінае і Дзвіну. Аднак задоўга да Нестара і, дарэчы, пасля яго смерці – гэтая рака называлася па-рознаму: Эрыдан, Рубон, Турант, Хезін, Дуна, Дзіна, Даўгава... Адны вучоныя сцвярджаюць: гідронім «Дзвіна» азначае «спакойная, ціхая». Другія мяркуюць інакш, маўляў, назоў «Дзвіна» ў перакладзе значыць «шмат вады».
Апошняе тлумачэнне асабіста мне падабаецца больш за астатнія. Нашы рэкі ў даўніну былі паўнаводныя, а самыя буйныя – прыдатныя для суднаходства. Яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя ў Беларусі, нібыта ў марской дзяржавы, існавала такая разнастайная флатылія – проста дзіву даешся! А як нязвыкла і загадкава называліся тагачасныя рачныя караблі: барка, берліна, ганчак, лайба, люза, струг, паўструг, шкуна... Кожнае драўлянае судна адрознівалася ад іншых як з выгляду, так і памерамі. Баркі і люзы будаваліся на адну навігацыю і сплаўляліся толькі ўніз па рацэ, а потым прадаваліся разам з астатнім таварам. Ганчакі, берліны і лайбы служылі да дзесяці гадоў, хадзілі як уніз па рацэ, так і ўверх, наколькі дазваляла глыбіня вады ў рэчышчы. Усе рачныя караблі прызначаліся для перавозкі грузаў: збожжа, солі, вугалю, прамысловых вырабаў і будаўнічых матэрыялаў...
Асабліва прыгожа глядзеліся судны з напятымі ветразямі, да якіх належалі берліны і лайбы. Найбольшае распаўсюджанне атрымалі берліны, у першую чаргу па Дняпры і яго шматлікіх прытоках. Наогул, берліну можна назваць шэдэўрам рачнога суднабуднаўніцтва, таму варта расказаць аб ёй трошкі падрабязней.
Сярэдняя даўжыня берліны складала каля 20 сажняў – гэта прыкладна 42 метры, а ў шырыню яна мела 12-13 вяршкоў, што значыць 9 метраў. Над бартамі ладзіўся двухсхільны дах. Пад ім знаходзілася памяшканне, падзеленае на гарышча, каюту, два пакоі для тавараў, паміж якіх пакідалася вуляла – каморка для стоку вады. На берліне лоцман і ягоная каманда, не сыходзячы на бераг, гатавалі сабе ежу, адпачывалі. Судна брала на борт 200 тон грузу, уніз па рацэ ішло з дапамогай шастоў і ветразяў. На мачце і дзвюх рэях звычайна расхіналі вялікі ветразь і малы, так званы «бычок». Пры спадарожным ветры і з разгорнутымі ветразямі берліны за дзень праходзілі ўніз да ста кіламетраў, а супраць плыні – напалову менш. Трэба таксама адзначыць: каб ісці да вусця, хапала шасці чалавек. Да вытоку нагружаную берліну вяла каманда з 20-30 рабочых, бо даводзілася часта браць у рукі шасты.
З канца ХІХ стагоддзя драўляны флот паступова прыходзіць у заняпад. Пасажыры і гандаляры аддавалі перавагу зручнай і хуткай чыгунцы. На рэках з’явіліся жалезныя параходы: спачатку колавыя, а потым і вінтавыя. У якасці паліва для паравых рухавікоў выкарыстоўваліся дровы і вугаль. Першы параход на Дняпры быў пабудаваны ў 1823 годзе ў маётку Машуканах князя Варанцова. Ён плаваў непадалёку ад Кіева. На Прыпяці новую тэхніку ўпершыню ўбачылі на чвэрць стагоддзя пазней, калі з Пінска ў далёкі Крэменчуг адчаліў параход «Вісла» ўласніка Пуслоўскага. У 1855 годзе граф Тызенгаўз купіў за мяжой параход «Кейстут», які плаваў у ніжнім цячэнні Нёмана ад Тыльзіта да Коўна. І толькі ў 1892 годзе ў межах Беларусі рэгулярныя параходныя рэйсы былі наладжаны па Заходняй Дзвіне, паміж Віцебскам, Бешанковічамі і Полацкам.
Мабыць, аж занадта я захапіўся старадаўнім флотам. І ніводным словам пакуль не абмовіўся пра рачных жыхароў – рыб, птушак, звяроў... Рыбацкае шчасце і сёння часам усміхаецца хлапчукам, прыціхлым з вудай у руцэ на зялёным беразе. У пластмасавым вядзерцы весела скачуць злоўленыя плотачкі і акунькі. Зрэдку ў газетах паведамляецца пра ўдачлівага рыбака – пераможцу дваццацікілаграмовага сома. Жывуць яшчэ вусатыя веліканы ў Беразіне і Прыпяці! А вось для параўнання кароткі запіс, пакінуты летапісцам на старонках «Магілёўскай хронікі»: «У 1707 годзе, у студзені, перад Божым нараджэннем, праз Магілёў везлі надта вялізную бялугу. Яна ляжала на двух санях і мела такую вялізную галаву і бруха, што ледзь двума сажнямі можна было абняць...»
Ці бачылі вы рыбіну даўжынёй чатыры метры? Паказвалі неяк па тэлевізары – незабыўнае відовішча... Шкада, мне ані разу не давялося падужацца з рачным кітом. Затое з гэткім уловам, мабыць, не аднойчы вярталіся дамоў колішнія дняпроўскія рыбакі. Яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя асятры і бялугі нярэдка сустракаліся ў Сажы і ніжняй частцы Дняпра. А цяпер нават не ўпамінаюцца ў Чырвонай кнізе Рэспублікі Беларусь.
Даўно адышлі ў нябыт прадзедаўскія берліны і стругі, не бачна на нашых рэках пасажырскіх цеплаходаў. За апошнія паўстагоддзя Заходняя Дзвіна і Нёман, Дняпро і Прыпяць так абмялелі, што летам іх можна лёгка перайсці ўброд. Як кажуць, вераб’ю па калена – вось куды мы прыплылі!
3
У энцыклапедыі «Блакітная кніга Беларусі», выдадзенай ў 1994 годзе, ёсць радкі: «БЯРОЗА, рака ў Зэльвенскім і Слонімскім раёнах, левы прыток Шчары (бас. Нёмана). Даўжыня 23 км. Плошча вадазбору 96 км². Пачынаецца каля в. Шулякі Зэльвенскага р-на, упадае ў Шчару на ПнЗ (паўночны захад) ад в. Барукі. Ад вусця да в. Куцэйкі 13 км рэчышча каналізавана. Каля в. Сянькоўшчына створана сажалка (плошча 0, 33 км²)».
Бяроза – рэчка майго дзяцінства. Ад яе вытока і да вусця, калі захацець, можна прайсці за адзін дзень. Аднак яшчэ ў першай палове нядаўна мінулага ХХ стагоддзя на берагах Бярозы працавалі ажно чатыры вадзяныя млыны. Я пералічу іх, бо ніхто з маіх землякоў ужо не помніць, дзе калісьці нястомна круціліся каменныя жорны. Кашчэеўскі млын стаяў паміж вёскамі Казловічы і Ягнешчыцы; Сянькоўшчынскі – каля Сянькоўшчыны; Куцэйскі – каля старадаўніх могілак вёскі Куцэйкі; Падлескі – паміж маімі роднымі Кастровічамі і вёскай Голі. Значыць, умелі гаспадарыць нашы працавітыя прадзеды. Хапала ў іхніх засеках збожжа, а ў млынах было завозна, калі на малой рэчцы паўсталі ажно чатыры плаціны. Млыновыя запруды ў час паводкі не давалі каламуці і смеццю забрудзіць рэчышча. Да таго ж, падаючы ўніз з плаціны, вада ўзбагачалася кіслародам, што ў сваю чаргу спрыяла размнажэнню разнастайная вадзяной жыўнасці. Амаль на кожным паваротку Бярозы былі глыбокія віры, куды ніхто з хлапчукоў не адважваўся ныраць. Старыя людзі казалі, што адтуль б’юць крыніцы, таму наша рэчка такая глыбокая і паўнаводная.
Звычайнай вудай, зробленай з гнуткай ляшчыны, я лавіў печкуроў, даставаў рукамі з-пад карчоў на бераг вусатых растапыраў ракаў. У Бярозе шмат вадзілася шчупакоў, ментузоў, трапляліся нават стронгі, абсыпаныя па баках вясёлкавымі кропелькамі. Зімою мы з сябрамі гойсалі па рэчцы, закаванай у ледзяны панцыр, на самаробных каньках, а ў веснавую повень адважна каталіся на крыгах. Канечне, вярталіся дахаты мокрыя па вушы, загадзя баючыся непрыемнай размовы з бацькавай папругай ці матчыным дубцом...
У 60-х гадах мінулага стагоддзя ненажэрная экскаватарная пашча загубіла Бярозу. Яе каналізаванае рэчышча нагадвала жахлівы марсіянскі роў, на дне якога ледзь-ледзь тачылася вада. Толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў рэчка стала ажываць. Паступова яна пачала намацваць сваё колішняе рэчышча. Падмытыя берагі сям-там абсоўваліся, зарасталі аерам і вербалозам. Зноў з’явіліся яміны-віры, няхай сабе і не надта глыбокія, дзе сённяшнія хлапчукі ловяць сучаснымі вудамі печкуроў і яльчыкаў... Я вельмі рады, што магу зачарпнуць з роднай рэчкі празрыстае срэбра. Аднак жывой вады ўсё менш становіцца на нашай зямлі...
У самым цэнтры Мінска, па вуліцы Нямізе, няспынна імчыць аўтамабільны паток. Аднойчы летам я стаў відавочцам незвычайнай з’явы. У задушлівы ліпеньскі поўдзень на горад непрагляднай сцяной абрынуўся лівень. Праз некалькі хвілін на аўтобусным прыпынку па калені стаяла вада. Транспартны рух спыніўся. Я наяву ўбачыў перад сабой раку Нямігу, згаданую летапісцам Нестарам у «Аповесці мінулых гадоў»:
«У год 6575 (1067). І сышліся яны на Нямізе месяца сакавіка 3-га дня. Пайшлі ад на на адну раці. І была сеча злая...»
Ад легендарнай Нямігі, на берагах якой славуты полацкі князь Усяслаў Чарадзей сустрэўся ў лютай сечы з кіеўскімі князямі, засталася толькі назва. Даўно знік яе выток, няма рэчышча, няма і вусця. І аніякага памятнага знаку, што тут, у цэнтры беларускай сталіцы, заасфальтавана векапомная старонка нашай гісторыі.
...Паступова каламутная вада з Нямігі скацілася ў Свіслач, паводле сведчанняў эколагаў, – найбольш забруджаную раку Беларусі. У тую самую Свіслач, у плыні якой увечары 13 жніўня 1500 года жыхары тагачаснага Менска ўбачылі дзівоснае святло ад абраза Божай Маці, што прыплыў па Дняпры і Свіслачы ажно з Кіева, захопленага татарскай ардой. І да сённяшняга дня гэты абраз Божай Маці, прывезены ў 989 годзе з Херсанеса вялікім кіеўскім князем Уладзімірам Святаславічам, захоўваецца ў Мінскім праваслаўным храме. Ён па-ранейшаму свеціцца нязгасным святлом. Каб убачыць гэтае святло, трэба мець добрае сэрца і шчыра верыць Божаму Слову. А яшчэ – прамыць вочы чысцюткай, нічым незамутнёнай і не атручанай свіслацкай вадзіцай.
Дык давайце ж хутчэй прамыем вочы – вернем першародную чысціню нашых крыніц, азёраў і рэк!
Похожие статьи:
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Зязюліны панчошкі
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Вялікая сініца і яе сястрыцы