Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзімір Ягоўдзік - Славутыя людзі Зямлі нашай роднай

Паводле Уладзіміра Ягоўдзіка

  
   У далёкай старажытнасці людзі налічвалі сем цудаў свету. Яны і цяпер усім добра вядомы.
   Егіпецкія піраміды. Калос Радоскі – гіганцкая статуя бога Сонца на востраве Радос. Сады Семіраміды, ці вісячыя сады ў Вавілоне, як яшчэ іх называюць. Храм Артэміды, што знаходзіўся ў горадзе Эфесе. Статуя Зеўса ў горадзе Алімпіі, аўтарам якой быў славуты скульптар Фідый. Галікарнаскі маўзалей, дзе быў пахаваны цар Маўзол. Маяк на востраве Фарос – самае высокае з усіх збудаванняў у старажытнасці.
   Кожны з гэтых дзівосных твораў дойлідства і скульптуры з'яўляўся непераўзыдзеным шэдэўрам мастацтва, яскравым помнікам чалавечага генія і людской стваральнай працы. Вельмі шкада, што большасць цудаў свету не захавалася да нашых дзён. Але чалавецтва было заўсёды багатае на таленты, якія апярэджвалі свой час.
   У шмат якіх краінах захаваліся сляды іх акрыленага натхненнем жыцця: адметныя архітэктурныя ансамблі, карціны, навуковыя і музычныя творы, паэтычныя радкі…
   Жылі такія творцы і на Беларусі. Яны пакінулі пасля сябе спадчыну, якая пераканаўча сведчыць – мы, беларусы, сказалі сваё слова ў гісторыі і можам смела глядзець у будучыню.
  
   Крыж-святыня
  
   У кожнага народа ёсць святыні, якімі мацней за жыццё даражылі мудрыя прашчуры і якія, нібыта нязгасныя паходні, асвятляюць шляхі іх нашчадкам. Для беларусаў такой святыняй з'яўляецца крыж Еўфрасінні Полацкай.
   Нарадзілася святая апякунка і першаасветніца нашага народа ў сям'і полацкага князя Святаслава-Георгія, малодшага сына славутага Усяслава Чарадзея. Таго самага Чарадзея, пра якога аўтар «Слова пра паход Ігаравы» сказаў:
  
   Калі ў Полацку пазвоняць раным-рана
   У святыя Сафіі званы,
   Ён у Кіеве звон той пачуе.
  
   Унучку Чарадзея назвалі Прадславай. Пра далейшы лёс маладой князёўны апавядаецца ў яе «Жыціі» – выдатным пісьмовым помніку старажытнабеларускай літаратуры: «Так любіла вучэнне яна, што дзівіўся бацька яе з любові такой да навук. I па ўсіх гарадах разышлася слава пра яе мудрасць, і добрыя здольнасці да навук, і красу цялесную, бо яна была надта прыгожая абліччам. Хараство ж яе многіх слаўных князёў прыводзіла да бацькі яе: хацеў кожны з іх заручыць яе сыну свайму...» (пераклад з царкоўнаславянскай мовы А. Мельнікава).
   Аднак Прадслава выбрала для сябе іншую жыццёвую сцяжыну. Яна прыйшла ў манастыр, дзе пастрыглася ў манашкі пад імем Еўфрасінні. I ўсё сваё жыццё прысвяціла служэнню Богу і людзям: перапісвала ўласнаручна кнігі і будавала ў родным краі храмы, вучыла грамаце дзяцей і лячыла хворых.
   Менавіта па заказу Еўфрасінні мясцовы майстар-залатар Лазар Богша зрабіў надзвычай прыгожы шасціканцовы крыж. Паданне сведчыць: крыж свяціўся ў самай непрагляднай цемені, хворым вяртаў здароўе, знявераным і знясіленым – надзею на лепшае жыццё. Каб убачыць гэты цуд на свае вочы і пакланіцца яму, у горад над Заходняй Дзвіной зблізку і здалёку прыходзілі вернікі.
   У даўжыню крыж меў 51 сантыметр. Да драўлянай асновы на пярэднім і адваротным баках былі прымацаваны залатыя пласцінкі, каштоўныя камяні, намаляваныя на шкельцах-эмалях выявы святых царквы. А яшчэ крыж аздаблялі пазалочаныя срэбныя пласцінкі з надпісамі, і без перакладу зразумелымі сёння ўсім, дарослым і дзецям.
   «В лето 6669 (у 1161 паводле сучаснага календара) покладаеть Офрасннья чьстьный кресть вь манастыри своемь вь цркви святого Спаса. Чьстьное древо бесценьно есть, а кованье его злото и серебро и каменье и жьнчугь вь 100 гривинь...»
   «Древо бесценьно» было таму, што ў ім знаходзілася часцінка ад драўлянага крыжа, на якім распялі збавіцеля нашага Ісуса Хрыста.
   А вось дзякуючы наступнаму надпісу мы ведаем, чые ўмелыя, сапраўды залатыя рукі зрабілі адно з цудаў зямлі беларускай:
   «Господи, помози рабоу своемоу Лазорю, нареченомоу Богьшм, сьделавьшемоу кресть сии црквм святого Спаса и Офраснньи».
   Акрамя гэтых двух надпісаў, майстар пакінуў праклёны зладзеям-рабаўнікам, якія адважацца ўкрасці ці сілаю забраць полацкую святыню. Лазар Богша быццам наперад бачыў: шмат разоў крыж па нядобрай волі пакідаў сцены Спасаўскай царквы, але заўсёды вяртаўся ў родны Полацк.
   Перад другой сусветнай вайною крыж знаходзіўся ў Магілёўскім музеі. Але потым, у час ваеннай віхуры, кудысьці знік.
   I дагэтуль невядома, дзе знаходзіцца народная святыня. Аднак абавязкова настане дзень, калі крыж Еўфрасінні Полацкай вернецца на Беларусь і зноў будзе мацаваць нашу веру ў будучыню, асвятляць нам шлях да людскасці і хараства.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыНясвіжскі палац

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Сон-трава

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Зязюліны панчошкі

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Вялікая сініца і яе сястрыцы

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Жабіны вочкі