Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзімір Ягоўдзік - Рыжык

Увага!!! Поўны змест
  
   Я прыехаў у гэтую ціхую прырэчную вёсачку зімой. Вечарэла. Хаты, хлявы, сцяну лесу адразу за гародамі і садамі ахутвалі шэрыя прыцемкі. З сівага, калматага неба церусіліся дробныя сняжынкі. Я быў адзін, хто выйшаў тут з аўтобуса. А на прыпынку, як і па ўсёй вуліцы, – больш ні душы. У каго ж спытаць, дзе можна ўладкавацца нанач?
   Стаю ў няведанні, азіраюся то ў адзін, то ў другі канец вёскі. Ужо намерыўся падацца да бліжэйшай хаты, аж раптам хтосьці штурхнуў мяне ззаду ў нагу і запрашае: «Пр-р-росім, пр-р-росім...»
   Ад нечаканасці я ледзь не выпусціў бляшаную скрынку з усялякім рыбацкім начыннем. Паварочваюся – стаіць каля мяне кот. Рыжы-рыжы, як ліс. I важны такі. Вусы ганарыста тырчаць убакі. Адно вуха надрана. Трэцца аб мае ногі і ўсё вуркоча-паўтарае: «Пр-р-росім, пр-р-росім...»
   – Апсік, каб цябе! – раззлаваўся я.
   Тут ноч насоўваецца, няма дзе галаву прыхіліць, а яму ўжо рыбку падавай. Вы думаеце, мой новы знаёмы спалохаўся? Дзе там! Адбег мо на два крокі і спыніўся. Стаіць, пазірае на мяне, быццам за сабою ісці запрашае. Што мне было рабіць? Закінуў я на левае плячо ледасек, ямчэй павесіў на правае скрынку-крэсельца і пасунуўся за дзіўным павадыром. Не можа быць, думаю сам сабе, каб у такога разумнага ката ды не было цёплай печы, добрых, гасцінных гаспадароў.
   Вёсачка – невялікая, і я неўзабаве апынуўся ў самым канцы вуліцы. Далей, за крайняю хатаю, цёмнаю хмараю падымаўся лес. Рыжык – так я назваў ката – спыніўся акурат насупраць веснічак апошняй сядзібы. Пачакаў, пакуль я падыду бліжэй, і слізгануў на заснежаны надворак з цыбатым калодзежным жураўлём каля плота.
   Хата, перад якою я апынуўся, была як і ўсе астатнія вясковыя хаты. Такая самая – ды не зусім. Над вясёлымі, пафарбаванымі ў блакітны колер вокнамі, што былі ад вуліцы, я ўбачыў драўлянае, прымацаванае да шчыта сонейка з прамянямі-дошчачкамі ва ўсе бакі. I так яно радасна, па-вясноваму ўсміхалася, што навокал увачавідкі пасвятлела.
   Я смела павярнуў на надворак. і толькі ступіў на невысокі ганачак – дзверы адчыніліся. На парозе стаяла бабуля ў цёплай хустцы на галаве. Яна быццам даўно чакала-выглядала мяне з аўтобуса.
   – Добры вечар! – прывітаўся я і толькі намерыўся прасіцца нанач, расказаць, хто мяне сюды прывёў, як гаспадыня азвалася спеўным матуліным голасам:
   – Заходзьце, заходзьце, цесна не будзе!
   Бабуля нагнулася, узяла ў рукі ката, які так і лашчыўся да нас, пагладзіла пестуна па спінцы.
   – Каго-каго, а рыбакоў ён шануе... Аўтобусны расклад – як вучні табліцу множання – назубок вывучыў. Суседзі смяюцца: у цябе, Анюта, не хата, а дом рыбака. А я ім у адказ: не дораг абед, а дораг прывет. Праўда, Рыжык?
   «Пр-р-раўда, пр-р-раўда...» – правуркатаў-пагадзіўся з гаспадыняю кот, а ў самога ў хітравата прыжмураных вачах быццам залатыя акунькі скакалі.

Похожие статьи:

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Зязюліны панчошкі

Пераказы, дыктантыНясвіжскі палац

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Сон-трава

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Вялікая сініца і яе сястрыцы

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Жабіны вочкі