Увага! Поўны змест
Навучу вас цікавай скорагаворцы. Слухайце і запамінайце, а потым паспрабуйце пераказаць:
Ехаў грэка цераз рэку.
Бачыць грэка: ў рэчцы рак.
Сунуў грэка руку ў рэку,
Рак за руку грэку – цап!
Не бяда, калі на першы раз заблытаўся язык. На тое і скорагаворка. А вось цікаўнага грэку мне шкада. Пэўна, зваліўся небарака ў рэчку, вымак да апошняй ніткі, бо ў рака клюшні – як абцугі кавальскія. Нікому не раю здароўкацца, пакуль ён не трапіў у кіпень.
Жывуць ракі ў рэках і азёрах. У норках, пад карчамі ці каменнем. Спажываюць усё, што патрапяць злавіць: чарвякоў, рыбку-малечу, іншую дробную вадзяную жыўнасць. Загіне хворая рыбіна – яны тут як тут, нават хваста не пакінуць. Не даюць забрудзіцца вадзе і тым прыносяць вялікую карысць.
Дзіўнае стварэнне рак! Вусаты, з сярдзітымі, нібы прылепленымі вачамі. Аднак самае дзіўнае, як ён поўзае і плавае. Хвастом наперад! А ўсё таму, што з вусачом здарылася вось якая прыгода...
Стварыўшы на зямлі дзень і ноч, Бог раздаў усім вочы: і людзям, і самай рознай жыўнасці. А вусаты рак спазніўся на дзяльбу.
– Дзе ты быў дасюль? – спытаўся Бог.
– У карчах сядзеў, – прабурчаў рак.
– Лепшыя вочы ўжо разабралі, – сказаў Бог, – вазьмі сабе, якія засталіся...
Рак памацаў клюшнямі вочы і шпурнуў іх на зямлю.
– Пакінь сабе гэтыя лупачы! Мне яны непатрэбныя.
– Ах так!.. – раззлаваўся Бог. – Тады будзеш ты поўзаць хвастом наперад, а глядзець заўсёды назад.
Паспрабуйце ўзяць рака за клюшню і вы самі ўбачыце, што гэта – чыстая праўда.
Похожие статьи:
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Зязюліны панчошкі
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Сон-трава
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Вялікая сініца і яе сястрыцы
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Жабіны вочкі
Пераказы, дыктанты → Нясвіжскі палац