Увага!!! Поўны змест
Маленькія жоўтыя лісічкі – сапраўды як дружныя сястрычкі. Паасобку яны не растуць, а нібыта водзяць вясёлы карагод. Убачыў адну – другая просіцца ў рукі. Нахіліўся над ёю – трэцяя кліча да сябе. А там – чацвёртая, пятая, шостая... Толькі паспявай лічыць. Як усё роўна самі просяцца ў кошык. Збіраеш і дзіву даешся: хто іх столькі тут насеяў?!
Ты не здагадваешся, дружа?
Ну, канечне, лісіца-хітрыца! Хто ж яшчэ. Пэўна, вырашыла задобрыць нас, людзей, за ўсе свае грахі: за тое, што неаднойчы курачкай паласавалася, а пеўніку выскубла яго прыгожы хвост. Маўляў, вы мне мяса, а я вам грыбочкі.
Ах, рыжая махлярка! Яшчэ раз наведаешся ў наш куратнік – абавязкова трапіш на каўнер. Надыбаўшы на лісічкі, і без твае ласкі мы вернемся дахаты з поўнымі кошыкамі. I дарма іх часам абмінаюць вопытныя грыбнікі, якія шукаюць лепшых лясных дарункаў.
Лісічкі – вельмі смачныя грыбы. I, што асабліва важна, яны не чарвівыя. Збірай – не правярай. Смела кідай у кошык: яны ніколі не паломяцца і не пакрышацца, як іншыя грыбы.
Праўда, акрамя сапраўдных, у лесе сустракаюцца і падманныя лісічкі. Як іх адрозніць ад сапраўдных? А вельмі проста. Лісічкі, што мы спажываем, нагадваюць колерам сонечныя зайчыкі, а іх падманныя суседзі – звычайна аранжавыя ці нават чырвоныя.
Калі засумняваўся, дружа, спытайся лепш у мамы або таты. Яны падкажуць, памогуць адрозніць. Ніколі не забывайся, што ёсць атрутныя грыбы, якія шкодныя для здароўя і могуць прынесці вялікую бяду, калі іх з'есці.
Похожие статьи:
Пераказы → Нясвіжскі палац
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Вялікая сініца і яе сястрыцы
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Зязюліны панчошкі
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Сон-трава
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Жабіны вочкі