Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзімір Ягоўдзік - Ласка

   Прыгожае імя далі нашы прашчуры гэтаму маленькаму звярку. Дый сам ён прыгожы: на спінцы буравата-карычневае футра, па баках і на жывоціку – белае. А зімою ўвесь становіцца белы. Людзі нават гульню ў гонар ласкі прыдумалі. Цікавую гульню, вясёлую. Праўда, шмат хто з дзяцей ад яе хаваецца. Але ж не надта схаваешся, калі хто-небудзь з дарослых прыгорне цябе да сябе і пытаецца:

– Ласка, ласка,
Дзе была,
Што ты ела,
Што піла?

   І сам жа дзядзька-жартаўнік адказвае за ласку:

– Ела я травіцу,
А піла вадзіцу.
Тут мох,
Тут балота,
Тут пень,
Тут калода,
Тут глыбокая крыніца,
У ёй сцюдзёная вадзіца...
Дай напіцца!
Дай напіцца!..

   Хацеў бы, а не ўцячэш ад дужых рук, што цябе казычуць. Пакуль не папросішся праз смех і слёзы ці не абароніць мама альбо тата. Так і ад ласкі – ніводная мыш не ўцячэ, калі трапіць ёй на вочы. Самая глыбокая нара не ўратуе шэрую, бо звярок аднолькава добра палюе і на зямлі, і ў норах. Адольвае ласка і агідных пацукоў, хоць сама нярэдка меншая за гэтых ненажэрных шкоднікаў. Таму людзі радаваліся, калі такі нястомны паляўнічы сяліўся каля іхняга жытла. Сваё гняздо звярок будуе і ў дуплах старадрэвін, і ў чужых норах, і нават, здараецца, пад падлогаю ў хаце. Аблюбаванае месца старанна высцілае сухім сенам ці саломаю, мышынымі шкуркамі і птушынымі пёркамі. Цёпла, утульна ў такім дагледжаным гняздзечку дзіцянятам ласкі. І корму заўсёды хапае, бо адна ласка за ноч знішчае шмат мышэй і пацукоў. Яна так зацята палюе на іх, што часам пудзіць свойскую жывёлу. Пачуе гаспадар непарадак у хляве, зазірне праз дзверы з ліхтаром – ніякай шкоды няма. Падумае: «Пэўна дзядок-дамавік ці дзядок-гуменнік сваволіў». А назаўтра, калі выпадала вольная хвіліна, расказваў дзецям, што хтосьці ўначы заплёў конскую грыву ці падаіў карову...
   Вось так, дзякуючы маленькай ласцы, з’явіліся цікавыя казкі, якія мы ўсе вельмі любім слухаць.

 

Похожие статьи:

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Вялікая сініца і яе сястрыцы

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Жабіны вочкі

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Сон-трава

ПераказыНясвіжскі палац

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Зязюліны панчошкі