Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзімір Ягоўдзік - Кнігаўка

Увага! Поўны змест

   У балотных і вадзяных птушак ёсць пільная варта, якая не баіцца чужакоў, а кідаецца ім насустрач і голасна крычыць: «Чый ты?.. Чый ты?..»
   З дабром ідзеш – не пакрыўдзішся на чуйных кнігавак-вартаўніц. Намер зламысны затаіў – усім вядома: трэба хавацца.
   Гэтыя птушкі вяртаюцца з выраю ранняй вясной. Свае гнёзды яны ладзяць паміж купін, на леташніх травінках. Калі пацяплее, адкладаюць яйкі і выседжваюць, пакуль не праклюнуцца птушаняты. Кнігаўкі – клапатлівыя бацькі, я неаднойчы бачыў іх бойкі з нахабнымі варонамі, ахвотніцамі да лёгкай спажывы. А бадзяжнага сабаку яны перамагаюць хітрасцю: лятаюць зусім блізка, назаляюць яму і ўсё далей адводзяць ад гнязда.
   Крылы ў чубатых кнігавак непадобныя да крылаў іншых птушак. Спадыспаду яны напалову белыя і напалову чорныя, а па канцах – быццам падстрыжаныя. Таму кнігаўка лётае нязвыкла: куляецца, кідаецца ў бакі і раптам паднімаецца ўгору. Паспрабуй яе дагані! Ад світання і да змяркання вартуе кнігаўка балота, дагаджае птушынай грамадзе, бо калісьці моцна правінілася...
   Надарылася вельмі спякотлівае лета. Кожны дзень няшчадна смажыла сонца, з раніцы да вечара не сунімаўся вецер-сухавей. Праз месяц – высахлі азёры, праз два – зніклі рэкі, праз тры – сыпучы пясок праглынуў усе крыніцы.
   Пагаравалі людзі, паўздыхалі, а потым дружнай талакой выкапалі ў кожнай вёсцы калодзеж.
   Затое дзікім жывёлам – хоць уцякай ад смагі на край свету. Сабраліся яны і таксама захацелі здабыць ваду, а кнігаўка адмовілася ім дапамагаць.
   – Каб напіцца, мне хопіць расінкі... – сказала яна.
   Звяры і птушкі раззлаваліся на гультайку, грозна яе папярэдзілі:
   – Тады запомні: табе нельга напіцца ні ў рэчцы імклівай, ні ў возеры глыбокім, ні ў крыніцы празрыстай. А каб спатоліць смагу, лаві дажджавыя кроплі. Інакш ні табе, ні тваім дзецям – не будзе спагады...
   Так яно і збылося. Звяры і птушкі вярнулі азёры, рэкі і крыніцы. Усім цяпер хапае ўдосталь вады. Толькі кнігаўка лётае і жаласна крычыць:
   – Піць хачу!.. Піць хачу!..
   Навокал хапае вады, а яна баіцца памачыць сваю дзюбу, бо ведае, што застанецца без роднага балота.

 

Похожие статьи:

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Жабіны вочкі

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Зязюліны панчошкі

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Сон-трава

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Вялікая сініца і яе сястрыцы

ПераказыНясвіжскі палац