Шмат ёсць птушак-прыгажуняў. Вачэй не адарвеш ад іхніх убораў-апярэнняў. Не менш і знакамітых птушак-пявунняў. Цэлы дзень іх будзеш слухаць – ні кропелькі не надакучыць. Але чамусьці і першых, і другіх мы не надта добра ведаем.
А вось гэта птаха шэрая, непрыкметная, спявачка таксама не з лепшых – кожнаму вядома. А колькі пра яе складзена песень, казак, легендаў! На цэлую кніжку хапіла б. Між тым зязюля нават гнязда свайго не ладзіць. Вернецца з выраю ў канцы вясны і ўсё лётае, кукуе па пералесках і садах, быццам кагосьці шукае. Прыйдзе час – знясе проста на зямлі яйка. Потым возьме яго ў дзюбу і пакладзе ў гняздо мухалоўкі ці берасцянкі. Каму зрабіць такі падарунак – не выбірае. Абы гаспадароў паблізу не было. І не бяда, што там яшчэ ёсць яйкі. Праз тыдні два з падкінутага яйка вылупіцца птушаня. Вялікае – ледзь не з самую мухалоўку ці берасцянку... То падкідыш – зязюляня. Праз колькі дзён, як памацнее, яно выкідвае з гнязда астатнія яйкі і застаецца адно. Зязюляня вельмі пражэрлівае. Каб пракарміць яго, птушкі-бацькі шчыруюць ад ранку і да вечара. І не здагадваюцца, што кормяць чужака. Праўда, як гаворыць легенда, птушкі самі пагадзіліся на гэткія зязюліны дары.
Похожие статьи:
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Вялікая сініца і яе сястрыцы
Пераказы, дыктанты → Нясвіжскі палац
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Жабіны вочкі
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Сон-трава
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Зязюліны панчошкі